Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз адклікае свайго амбасадара з Расеі ў сувязі са справай Скрыпаля


Ілюстрацыйнае фота. Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй (справа) ў Солсбэры, дзе былі атручаныя Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка

Лідэры краінаў Эўрапейскага Зьвязу вырашылі адклікаць амбасадара Эўразьвязу ў Расеі Маркуса Эдэрэра для кансультацыяў у сувязі з атручваньнем нэрвова-паралітычным рэчывам ў Вялікай Брытаніі расейскага экс-выведніка Сяргея Скрыпаля і яго дачкі. Да такой згоды прыйшлі лідэры Эўразьвязу пасьля сустрэчы на высокім узроўні ў Брусэлі 22 сакавіка.

Раней эўрапейскія лідэры заявілі, што лічаць «вельмі верагоднай» адказнасьць Расеі за замах на забойства Скрыпаля.

У той жа час прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ удакладніў, што гэта сымбалічны жэст падтрымкі Лёндану ў канфлікце з Масквой. Гэтае рашэньне ён назваў «захадам», а не «санкцыямі», удакладніўшы, што дыплямат не канчаткова адкліканы з расейскай сталіцы, а на адзін месяц.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель у сувязі са справай Скрыпаля заявіла пра магчымыя новыя меры ў дачыненьні да Расеі. Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце сказала, што гатовая выгнаць расейскіх шпіёнаў са сваёй краіны. Іншыя краіны Балтыі і Польшча заявілі, што таксама разглядаюць пытаньне аб прыняцьці мераў у дачыненьні да Расеі.

У заяве Эўразьвязу гаворыцца, што «абсалютна непрымальна» для дзяржавы выкарыстоўваць «атрутныя хімічныя рэчывы ў якасьці зброі пры любых абставінах». Блёк «будзе каардынаваць свае дзеяньні ў сьвятле адказаў, прадстаўленых расейскімі ўладамі», адзначана ў заяве лідэраў Эўразьвязу.

У той жа час некаторыя лідэры ЭЗ выказалі жаданьне падтрымліваць добрыя адносіны з Масквой.

Новы прэм’ер-міністар Славакіі Петэр Пэлегрыні выказаўся за «канструктыўны дыялёг» з Масквой.

Прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас выказаў сумневы наконт адказнасьці Расеі за атручваньне. Паводле яго, Эўразьвяз павінен выказаць салідарнасьць зь Вялікай Брытаніяй, але таксама павінен быць «вельмі адказным», калі гаворка ідзе пра абвінавачваньні на адрас якой-небудзь краіны.

Прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Жан-Клёд Юнкер адзначыў, што важна падтрымліваць каналы сувязі з Масквой.

«Не адмаўляючыся ад нашых каштоўнасьцяў і прынцыпаў, мы павінны мець зносіны з нашымі непасрэднымі суседзямі ў Эўропе», — сказаў ён.

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі

Вялікая Брытанія ўжо выслала 23 расейскіх дыпляматаў і прыпыніла кантакты на высокім узроўні з Масквой праз інцыдэнт са Скрыпалём.

У адказ на высылку расейскіх дыпляматаў з Брытаніі 17 сакавіка Расея абвясьціла пра высылку 23 брытанскіх дыпляматаў, адмяніла адкрыцьцё генконсульства Вялікай Брытаніі ў Санкт-Пецярбургу, а таксама заявіла аб спыненьні дзейнасьці Брытанскага рады.

Скрыпаля і ягоную дачку Юлію знайшлі 4 сакавіка непрытомнымі на лаўцы ў парку гораду Солсбэры на поўдні краіны. Пазьней брытанскія сьледчыя высьветлілі, што іх атруцілі нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», якое распрацавалі ў Расеі.

Судзьдзя, які выдаў сьледзтву дазвол на адбор узораў крыві іх крыві заявіў, што гаворка можа ісьці пра пашкоджаньне мозгу ў абодвух з-за атручваньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG