Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Расеі: першыя вынікі


Тое, што выбары ў Расеі – і ня выбары насамрэч, і што іх пераможца загадзя вядомы, гаварылі многія. Яны і праўда не прынесьлі ніякіх асаблівых нечаканасьцяў.
Але, па-першае, разьмеркаваньне галасоў усё ж мае пэўнае значэньне. А, па-другое, варта адзначыць, што на гэтых выбарах не адбылося ніякай сэнсацыі – ні станоўчай, ні адмоўнай.

Да такой высновы прыводзяць дадзеныя наступнай табліцы, дзе прыводзяцца дадзеныя ўсіх прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі з 2000 году, калі Пуцін упершыню стаў прэзыдэнтам.

2000

2004

2008

2012

2018*

Яўка

68,7

64,3

69,8

65,3

60

Ад прыйшоўшых

Ад усіх

Ад прыйшоўшых

Ад усіх

Ад прыйшоўшых

Ад усіх

Ад прыйшоўшых

Ад усіх

Ад прыйшоўшых

Ад усіх

Пуцін

52,9

36,3

71,3

45,8

63,5

41,4

75,6

45,3

Грудзінін

12,8

7,6

Жірыноўскі

2,7

1,8

9,3

6,4

6,2

4

6,1

3,6

Сабчак

1,4

0,8

Яўлінскі

5,8

3,9

0,8

,04

Мядзьведзеў

70,2

48,9

Зюганаў

29,2

20

17,7

12,3

17,2

11,2

Міронаў

0,7

0,4

3,8

2,4

Харытонаў

13,9

8,9

Глаз'еў

4,1

2,6

Прохараў

7,9

5,1

Багданаў

1,3

0,9

Малышкін

2

1,2

Хакамада

3,8

2,4

  • папярэднія вынікі

Паводле папярэдніх ацэнак Пуцін набраў 73-75% ад прыйшоўшых, ад усяго дарослага насельніцтва – 45%. Апошняя лічба – менш чым вынік самога Пуціна на выбарах 2004 году і чым вынік Мядзьведзева ў 2008 годзе. Бо сёлета яўка аказалася найменшай за ўсе прэзыдэнцкія выбары з 2000 году. Пра парушэньні на выбарах, пра прымус да галасаваньня паведамлялі шмат назіральнікаў. Пэўны ўплыў магла зрабіць і кампанія байкоту, ініцыяваная Аляксеем Навальным.

Але ўсё спазнаецца ў параўнаньні. 60% папярэдніх афіцыйных зьвестак пра яўку – гэта зусім не фантастыка. Канчатковая лічба можа будзе і крыху больш, скажам, як у 2004 ці 2012 гадах. Але наўрад ці больш.

Для параўнаньня: апошнія выбары ў Беларусі, яўка – 87.2%, за Лукашэнку – 83,4%, адсотак ад усіх выбаршчыкаў – 72,7%. Цяперашнія хілыя пуцінскія 45% – гэта па беларускіх мерках, лічы, сьвята дэмакратыі і амаль што параза тыраніі.

Дарэчы, многія журналісты і экспэрты, зусім не сымпатызанты Пуціна, адзначалі, што на гэтых выбарах у РФ галасавала і сапраўды шмат людзей. Але гэта пэўна такі эфэкт часу. Ніхто ня памятае свае адчуваньні шасьцігадовай даўніны. А на прэзыдэнцкія выбары што ў Беларусі, што ў Расеі ходзяць (ці заганяюць) больш людзей, чым на любыя іншыя. Арытмэтычна цяперашняя яўка – адна з самых нізкіх, калі ня самая нізкая, з 2000 году.

Так, і ў Беларусі выбараў у пэўным сэнсе няма, і ў Расеі няма. Але палітычная культура розная, межы прынятага, дазволенага розныя. І яны гэтымі лічбамі ўскосна вымяраюцца. Ня могуць у Расеі загнаць на ўчасткі (ці намаляваць) пад 90%. Ня могуць напісаць Пуціну за 80%.

Нязьменнасьць праявілася і ў разьмеркаваньні іншых месцаў, акрамя першага. На другім месцы – прадстаўнік КПРФ. Гэтым разам – новы твар. А лічбы – прыкладна такія ж, як і раней, парадак, прынамсі. Генадзь Зюганаў набіраў істотна паболей (ці малявалі яму).

Некаторыя і ў Расеі, і ў Беларусі выказвалі хто перасьцярогі, хто надзеі, што новы твар кампартыі прынясе ёй нейкія дадатковыя дывідэнды. Не, нічога не прынёс той новы твар. Прынёс прыкладна тое ж, што у 2004 годзе абсалютна бляклы Харытонаў, які тады ішоў ад КПРФ. Грудзінін быў нібыта больш яскравы, маладзейшы, але вынік даволі сьціплы. Можа тое быў экспэрымэнт Крамля, можа самой КПРФ, але мяркую, што пайшоў бы Зюганаў, то набраў бы прыкладна тыя самыя галасы. А можа нават крыху больш, выслоўе наконт старога каня для яго электарату актуальнае як ні для каго.

Жырыноўскі згуляў сваю гульню. Знакаміты 93-ці год, калі на посьпех ЛДПР рэагавалі «Расея, ты адурэла», у далёкім мінулым. 6% – добры вынік, прыкладна столькі ж, колькі на мінулых выбарах, крыху менш, чым у 2008 годзе, але не кардынальна менш. Свая гульня.

Ну і правал Сабчак. Нехта ёй сымпатызаваў, нехта праклінаў. Вынік вось такі. Ізноў жа – мо і намаляваны. Але нават яна сама ня кажа, што апярэдзіла, скажам, Жырыноўскага. І ізноў жа да табліцы: Прохараў, умоўна лібэральны кандыдат, на мінулых выбарах набраў значна больш, чым Сабчак зараз. І Хакамада ў 2004 больш. Сабчак набрала прыкладна столькі ж, колькі дзіўны Багданаў у 2008 годзе.

Спрэчку Сабчак і Навальнага, якая адбылася ў дзень галасаваньня ў штабе Навальнага, гэта лік напэўна вырашыць адназначна. Можа і Навальны б няшмат набраў. Але яго да выбараў не дапусьцілі. А Сабчак дапусьцілі і яна іх прайграла з трэскам. Гэта ня значыць, што яна ня мае ніякай палітычнай будучыні. Але нацыянальнай – ня мае. Такі вынік умацаваў ролю Навальнага як адзінага лідэра расейскай дэмакратычнай апазыцыі. На нечы погляд, ня надта дэмакратычнай і ня надта дэмакратычны твар. Але іншых проста няма.

Ну а ў цэлым – сумная такая карціна. І ня толькі галасамі за Пуціна (якіх аказалася больш, чым раней, хаця і не кардынальна больш), але і галасамі за Грудзініна і Жырыноўскага, за сталініста і ультраімпэрыяліста. Ізноў жа – можа гэта ўсё шматхадовае крамлёўскае мадэляваньне, складная фальсыфікацыя, сыгнал Захаду, маўляў, глядзіце: калі не Пуцін, дык рэальная яму альтэрнатыва – наагул суцэльныя монстры. Але не выглядае, што насамрэч, скажам, прагаласавала ўсяго 40%, што насамрэч другое месца заняла, напрыклад, Сабчак.

Можна, зразумела, падыходзіць прынцыпова (ці фармальна – хто як скажа): выбараў няма, таму вынікі іх імітацыі ня маюць ніякага значэньня, і гэтыя вынікі ніяк не адказваюць на пытаньне, якімі былі б вынікі сапраўдных, справядлівых выбараў.

Але, на мой погляд, пэўнае значэньне афіцыйныя вынікі такіх выбараў усё ж маюць. Намалявалі б у Беларусі Караткевіч у 2015 годзе не 4.4%, а, скажам, 15%, зараз яе роля ў беларускай палітыцы была б іншай, больш значнай, чым яна ёсьць. Ці таму, што ёй бы гэтую ролю далі ці яна б яе дамаглася. Ну а так – як ёсьць.

Атрымаў бы Грудзінін істотна больш, чым Зюганаў у 2008 і 2012 гадах (ці намалявалі б яму больш), у КПРФ дакладна б у бліжэйшы час адбылася б «зьмена варты». І наагул «чырвоны» складнік у сучаснай дзяржаўнай ідэалёгіі РФ крышачку б умацаваўся. Калега Жданко напісаў блог пра тое, як у сучаснай Маскве, прынамсі, на ўзроўні помнікаў ідзе адраджэньне імпэрскай, дасавецкай традыцыі. Расея Пуціна робіцца ўсё больш «белай», царскай. І так і будзе, пра што вынік Грудзініна сьведчыць.

Ну а пралёт Сабчак – гэта ня толькі яе ўласны «пралёт», гэта «пралёт» так званых «сыслібаў», сыстэмных лібэралаў, тых, хто хацеў бы вярнуць Расею калі не на шлях дэмакратыі, то хаця б у часы раньняга Пуціна. А вось вам – 1.4%. Вось вашая вага і вашая цана. І тое, што яна – дачка колішняга боса Пуціна, і не чужая Крамлю наагул, і што ня выключана, што «праект Крамля», не мяняе гэтае пасланьне зусім ня ёй асабіста. І гэтае пасланьне мае значэньне, незалежна ад характару расейскіх выбараў.

Твар альтэрнатывы – гэта Навальны, на мове Крамля – бунт. Эвалюцыя адмяняецца, калі нехта пра яе марыў. Пасланьне даволі выразнае.

Так што рытуал, як зь імі звычайна і бывае, аказаўся не зусім ужо пустым і бессэнсоўным.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG