Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цароў, якія не пашырылі дзяржаву, у Расеі вялікімі ня лічаць


Уладзімер Пуцін на адкрыцьці помніка Аляксандру I

Ня можа расейскі цар лічыцца ў сваёй краіне вялікім, калі не заваяваў чужой зямлі. Гэтае правіла дзейнічала на працягу стагодзьдзяў існаваньня Расеі як дзяржавы. І, як паказала гісторыя з анэксіяй Крыму, — працягвае дзейнічаць у сёньняшняй Расейскай Фэдэрацыі.

Чатыры гады таму ў такія ж сакавіцкія дні Расея трыюмфавала з нагоды далучэньня Крыму. 18 сакавіка 2014 году ў Георгіеўскай залі Крамля ўрачыста падпісалі дамову аб уключэньні паўвострава ў склад Расейскай Фэдэрацыі. А днём раней ЗША і Эўразьвяз абвясьцілі пра ўвядзеньне санкцый у адказ на «аб’яднальны» крымскі рэфэрэндум.

Архіўнае фота. Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў паціскае руку прэм'ер-міністру Крыму Сяргею Аксёнаву ў Крамлі пасьля падпісаньня дамовы. 18 сакавіка 2014 году
Архіўнае фота. Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў паціскае руку прэм'ер-міністру Крыму Сяргею Аксёнаву ў Крамлі пасьля падпісаньня дамовы. 18 сакавіка 2014 году

Калі 27 сакавіка 2014 году на Генэральнай асамблеі ААН галасавалі ў справе прызнаньня незаконнасьці гэтага рэфэрэндуму, у падтрымку Расеі сярод эўрапейскіх краін выказалася толькі Беларусь. У сьвеце, апроч яе, гэты рэфэрэндум прызналі Армэнія, Сырыя, Паўночная Карэя, Куба, Вэнэсуэла, Балівія, Судан і Зымбабвэ.

І вось мінулі чатыры гады. Эканамічныя і палітычныя санкцыі з Расеі ня толькі ня зьнятыя, а нават узмоцненыя. Калі зыходзіць зь меркаваньняў чыста эканамічных, фінансавых, Крым для расейскага бюджэту — не набытак, а вялізная страта. На яго ўтрыманьне спатрэбіліся шматмільярдныя субсыдыі. (Толькі за 2015–2017 гады — 373 млрд рублёў. А згодна з фэдэральнай мэтавай праграмай разьвіцьця Крыму і Севастопаля, да 2020 году выдаткі фэдэральнага бюджэту павінны скласьці 733,5 млрд руб.). Расейская эканоміка страціла мільярды даляраў у выніку заходніх эканамічных санкцый, якія доўжацца ўжо чатыры гады і канца ім ня бачна. Дык у чым быў сэнс усёй крымскай кампаніі?

Ілюстрацыйнае фота. Перадвыбарчы агітацыйны плякат у падтрымку Пуціна ў Сімфэропалі, Крым
Ілюстрацыйнае фота. Перадвыбарчы агітацыйны плякат у падтрымку Пуціна ў Сімфэропалі, Крым

Асабіста для сябе я знайшоў адказ на гэтае пытаньне, калі халодным зімовым днём доўга блукаў ваколіцамі маскоўскага Крамля, параўноўваючы ўбачанае з тым, што назіраў падчас такіх жа вандровак 30 год таму, у часы раньняй гарбачоўскай перабудовы. Розьніца ўражвае.

І справа ня ў тым, што сьцены і вежы Крамля ў выніку дарагой рэстаўрацыі сталі палымнець агністай чырваньню цэглы, нібы ўзьведзеныя яны толькі што, а не 500 год таму... Найбольш уразіў цэлы пантэон манумэнтаў расейскіх цароў, што зьявіліся тут за гэты час: адны зусім побач з крамлёўскімі сьценамі, іншыя — крыху воддаль.

З насыпной выспы на Маскве-рацэ пазірае з 90-мэтровай вышыні на крамлёўскія вежы першы расейскі імпэратар Пётар I.

Помнік імпэратару Пятру I на насыпной высьпе ў цэнтры Масквы
Помнік імпэратару Пятру I на насыпной высьпе ў цэнтры Масквы

Зусім побач з крамлёўскім мурам, у Аляксандраўскім садзе, недалёка ад Баравіцкай брамы — бронзавы Аляксандар I.

Помнік імпэратару Аляксандру I ля крамлёўскага муру ў Маскве
Помнік імпэратару Аляксандру I ля крамлёўскага муру ў Маскве

Таксама недалёка ад Крамля, каля храма Хрыста Збавіцеля — велічны манумэнт Аляксандру II.

Помнік імпэратару Аляксандру II каля храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве
Помнік імпэратару Аляксандру II каля храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве

А вось на Баравіцкай плошчы ўзьведзены крыху больш як год таму бронзавы помнік князю Ўладзіміру Вялікаму — манумэнт вышынёй 24 мэтры і вагой 330 тон. Гэта самы маштабны мэмарыял з усіх разьмешчаных у ваколіцах Крамля (за выключэньнем помніка Пятру I).

Помнік князю Ўладзіміру Вялікаму на Баравіцкай плошчы ў Маскве
Помнік князю Ўладзіміру Вялікаму на Баравіцкай плошчы ў Маскве

Пантэон цяперашняй Расеі: цары-заваёўнікі

Амаль усе гэтыя манумэнты паўсталі каля Крамля пры ўдзеле альбо з ініцыятывы Ўладзімера Пуціна. У пэўным сэнсе гэта — верставыя слупы, арыенціры, якія пазначаюць ягоныя палітычныя схільнасьці і прыярытэты, а таксама гістарычны лёс і гістарычны шлях Расеі, яе памкненьні ў вонкавай палітыцы. Няма сумневу, што выбар менавіта гэтых асобаў — зусім не выпадковы. Усе яны — цары-заваёўнікі, пры ўсіх імпэрыя пашыралася за кошт далучэньня новых земляў (Пётар I — Прыбалтыка (тэрыторыя сучасных Эстоніі і часткі Латвіі); Аляксандар I — большая частка Польшчы, Фінляндыя, Бесарабія (сучасная Малдова), Грузія; Аляксандар II — Сярэдняя Азія, Паўночны Каўказ, Далёкі Ўсход. З усіх найбольш пасьпяховых заваёўнікаў тут няма манумэнтаў толькі Кацярыне II (велічны помнік ёй ёсьць у Санкт-Пецярбургу) і Ёсіфу Сталіну. Своеасаблівая замена апошняму — вялікая конная статуя сталінскага маршала Жукава на ўезьдзе на Красную плошчу.

Помнік маршалу Жукаву на ўезьдзе на Красную плошчу
Помнік маршалу Жукаву на ўезьдзе на Красную плошчу

Вялікімі ў Расеі прызнаюцца толькі тыя валадары (князі, цары, імпэратары), якія за гады сваёй улады здолелі адваяваць чужыя тэрыторыі, пашырыць межы расейскай дзяржавы, заняволіць іншыя народы. Вунь якім старанным будаўніком і вартаўніком імпэрыі быў Мікалай I, а ў крамлёўскі пантэон ня трапіў. Адпаведныя памкненьні ў яго, праўда, былі, і немалыя. Крымская вайна сярэдзіны 19 стагодзьдзя была распачатая менавіта ім і ў многім дзеля таго, каб расейскімі сталі Басфор і Дарданэлы, каб Стамбул зноў ператварыўся ў Канстантынопаль. Выйграў бы ён тую вайну — без сумневу, таксама быў бы залічаны ў вялікія...

У гэтым сэнсе няўдачнікам можна лічыць і Леніна. Пры ім колішняя імпэрыя скурчылася, адсунулася на ўсход на паўтысячы кілямэтраў. Страчаныя былі Фінляндыя, Польшча, Прыбалтыка, палова Беларусі і Ўкраіны, Бесарабія... А яшчэ гэтая ягоная гульня з нацыянальнымі ўскраінамі ў «савецкія рэспублікі», якая стала мінай запаволенага дзеяньня пад імпэрыяй. Дык якая яму можа быць пашана з боку цяперашняй імпэрскай улады? Зайшоўшы на тэрыторыю маскоўскага Крамля, я са зьдзіўленьнем убачыў, што знаёмага ўсім савецкім грамадзянам бронзавага Ільіча, які задуменна сядзеў на тле блакітных крамлёўскіх елак, болей няма: бязь лішняга шуму дэмантаваны і зьвезены ў падмаскоўныя Горкі.

Фантомныя болі Пуціна

Выступ Пуціна перад дэпутатамі Думы 1 сакавіка 2018 году
Выступ Пуціна перад дэпутатамі Думы 1 сакавіка 2018 году

Тыя, хто ўважліва слухаў апошнюю праграмную прамову Пуціна перад дэпутатамі Думы 1 сакавіка, не маглі не заўважыць, зь якой скрупулёзнасьцю ён пералічваў страты імпэрыі, панесеныя ў 1991 годзе:

«...Пасьля развалу СССР Расея, якая ў савецкі час называлася Савецкім Саюзам, — за мяжой яе так і называлі, Савецкая Расея, — калі казаць пра нашы нацыянальныя межы, страціла 23,8 працэнта тэрыторыі, 48,5 працэнта насельніцтва, 41 працэнт валавога грамадзкага прадукту, 39,4 працэнта прамысловага патэнцыялу, 44,6 працэнта вайсковага патэнцыялу ў сувязі з разьдзелам Узброеных сілаў СССР паміж былымі саюзнымі рэспублікамі...»

Зь якой бухгальтарскай дакладнасьцю падлічана і пералічана ўсё, што, строга кажучы, Расейскай Фэдэрацыі ўжо даўно не належала і не належыць. Імпэрыя распалася сто год таму. Нават ленінскі СССР ствараўся ўжо з улікам новых рэаліяў: нацыянальныя ўскраіны атрымалі аўтаномію, а межы РСФСР больш-менш дакладна пазначалі тэрыторыі расьсяленьня расейцаў да каляніяльных захопаў. А выяўляецца: фантомныя болі нікуды не падзеліся нават праз стагодзьдзе. І як на гэта павінны адрэагаваць прэзыдэнты 14 незалежных дзяржаў, чые тэрыторыі аднесеныя Пуціным да тэрытарыяльных стратаў Расеі?

У красавіку 2005 году Пуцін назваў распад СССР «найвялікшай геапалітычнай катастрофай стагодзьдзя». Усе наступныя падзеі паказалі, што тыя словы не былі выпадковай агаворкай ці нядбайнасьцю сьпічрайтэраў.

У 2000 годзе Пуцін атрымаў ад Ельцына Расею ў межах, якія прыблізна адпавядалі межам 17 стагодзьдзя — дапятроўскай Расейскай дзяржавы. Гэта быў нейкі абмылак былой велічнай імпэрыі, межы якой на пачатку 20 стагодзьдзя пачыналіся ад Познані на захадзе Польшчы і заканчваліся Порт-Артурам у Кітаі. Хоць і гэты «абмылак» застаецца самай вялікай па тэрыторыі краінай у сьвеце: 17 мільёнаў квадратных кілямэтраў, большая частка якіх — маланаселеныя ці зусім бязьлюдныя землі без прыкметаў цывілізацыі. Па-сапраўднаму вялікім стаў бы той гаспадар Расеі, які здолеў бы ўладкаваць, цывілізаваць, адбудаваць гэтыя паўдзікія прасторы. Але ў Расеі заўсёды былі іншыя ўяўленьні пра веліч дзяржавы і яе манарха. Пры Пуціну тэрыторыя Расеі ўжо павялічылася на 27 тысяч квадратных кілямэтраў, але ці дастаткова гэтага, каб застацца ў расейскай гісторыі «вялікім»? Калі зыходзіць зь мерак Аляксандра I ці Аляксандра II, дык — яўна малавата... Але ж і прэзыдэнцтва Пуціна не заканчваецца 18 сакавіка 2018 году. І вольных месцаў у ваколіцах Крамля для новых помнікаў новым царам-заваёўнікам таксама хапае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG