Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дылема для Лукашэнкі: прыглушыць расейскую прапаганду ці паміраць за Пуціна


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Большасьць расейскага грамадзтва ў захапленьні ад гатоўнасьці РФ да ядзернай вайны з ЗША.

Пасьля выступу Ўладзіміра Пуціна перад Фэдэральным сходам прайшло некалькі дзён, а расейскія тэлеканалы ўсё з большым імпэтам піяраць асноўны мэсыдж прэзыдэнта: Расея стварыла навейшую зброю і добра падрыхтавалася да вайны з супастатамі.

Фактычна Пуцін абнародаваў перадвыбарчую праграму. Асноўная ідэя палягае ў фарсіраванай мілітарызацыі краіны.

Фактычна Пуцін абнародаваў перадвыбарчую праграму. Там было шмат чаго, і пра эканоміку, і пра ўзровень жыцьця людзей, і інш. Але пра ўсё гэта было сказана мімаходзь, яно прагучала як неабходны інгрэдыент, як гарнір да галоўнай стравы.

Асноўная ідэя, пра якую, дарэчы, і гавораць усе мэдыі, экспэрты і абывацелі, палягае ў фарсіраванай мілітарызацыі краіны. Трэць пасланьня Пуціна Фэдэральнаму сходу прысьвечаная рэкляме найноўшага ўзбраеньня.

Практычныя наступствы, якія будзе мець для сьвету гэтая гульня са зброяй, невялікія. Расея і ЗША і дасюль валодалі залішнімі запасамі ядзернай зброі, якімі маглі зьнішчыць адзін аднаго некалькі разоў. Прычым зьнішчэньне магчыма толькі ўзаемнае — такога першага ўдару, які б абяззброіў праціўніка, ніводзін з бакоў нанесьці ня здольны, бо сродкі супрацьракетнай абароны недасканалыя і боезарады разьмешчаныя ў розных месцах. Таму цяпер Расея з новай зброяй, умоўна кажучы, зможа зьнішчыць ЗША не 5, а 10 разоў. Але якая розьніца?

Але тут больш цікавы сам факт, што галоўны перадвыбарчы мэсыдж асноўнага кандыдата ў прэзыдэнты палягае ў ідэі падрыхтоўкі да ядзернай вайны з ЗША. І, гледзячы па рэйтынгу Пуціна, грамадзкасьць сустрэла гэта з захапленьнем.

Пасьля далучэньня Крыму ідэя велічы Расеі праз дэманстрацыю вайсковай сілы ў замежжы займела масавую падтрымку насельніцтва. Таму расейскі кіраўнік ня стаў нічога выдумляць, а вырашыў згуляць на тым самым полі.

Як вядома, пасьля далучэньня Крыму ідэя велічы Расеі праз дэманстрацыю вайсковай сілы ў замежжы займела масавую падтрымку насельніцтва, рэйтынг Пуціна ўзьнёсься да рэкордных вышынь. Таму расейскі кіраўнік ня стаў нічога выдумляць, а вырашыў згуляць на тым самым полі. У выніку галоўная ідэя перадвыбарчай кампаніі зьвялася да голага мілітарысцкага шабашу.

Цалкам зразумела, што гэты мэсыдж падхапілі і ўзмацнілі расейскія тэлеканалы. Трапляючы ў фокус грамадзкіх настрояў, яны перадвыбарчую кампанію Пуціна пачалі будаваць на простых, але з гледзішча здаровага сэнсу жахлівых тэзах: «Як здорава, што мы падрыхтаваліся да ядзернай вайны! Вось дадзім гэтым „амэрыкосам“ новымі ракетамі, пакажам „кузькину мать“. Ура! Мы будзем ваяваць з Амэрыкай. Гарматы замест масла. Усё для фронту, усё для перамогі».

Яшчэ трошкі, і можна будзе сфармуляваць перадвыбарны слоган прэзыдэнта Расеі: Пуцін — гэта вайна! Таму галасуем за Пуціна!

Зразумела, і сам Пуцін, і тэлевізійныя прапагандысты гавораць трошкі іншымі словамі. Але сутнасьць зводзіцца да гэтага. Цяперашняя перадвыбарчая кампанія ў Расеі нагадвае палітычную атмасфэру ў Нямеччыне напярэдадні Другой усясьветнай вайны. Сытуацыя калектыўнага вар’яцтва добра апісаная ў навуковай літаратуры.

Узгадваецца вядомая страявая песьня Чырвонай Арміі:

Смело мы в бой пойдем
За власть Советов
И как один умрем
В борьбе за это.

Некалькі пакаленьняў савецкіх людзей яе сьпявала, не задумваючыся над жахлівым сэнсам. Магчыма, у сьмерці таксама ёсьць сваё зачараваньне? І калі паміраць усім палком, дывізіяй ці ўсім народам, то гэта ня так і страшна?

На ўсё гэта можна запярэчыць: насамрэч ніхто ў Расеі ваяваць не зьбіраецца, гэта проста перадвыбарчы піяр.

Ну, па-першае, вядома, што нават незараджаная стрэльба часам страляе. А ўжо калі добра зараджаная...

Па-другое, жахае стан расейскага грамадзтва.

Якая да ўсяго гэтага справа беларусам? Бо гімн Беларусі пачынаецца словамі: «Мы беларусы — мірныя людзі». Нагадаю, хто забыў, што Беларусь — галоўны вайскова-палітычны саюзьнік Расеі, зьвязаны зь ёю ня толькі саюзнымі абавязаньнямі ў рамках АДКБ, але і дамовай аб «саюзнай дзяржаве». Кожны дзень гэтая атмасфэра падрыхтоўкі да вайны трансьлюецца на Беларусь праз расейскія фэдэральныя тэлеканалы, зараджаючы «мірных людзей» сваім тлятворным духам.

Добра, што ў беларускага кіраўніцтва хапіла сьмеласьці прыпыніць паказ некаторых ток-шоў ці перамясьціць іх на пазьнейшы час. Прыйшла пара рабіць наступныя крокі. Бо паміраць за Пуціна неяк ня хочацца. Няхай сабе нават на ўзроўні рыторыкі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG