Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Союзмолоко»: У Расеі перавытворчасьць малака, забарона беларускай прадукцыі дэфіцыту ня выкліча


«Рассельгаснагляд» адтэрмінаваў на 6 сакавіка ўвядзеньне забароны на пастаўку малочнай прадукцыі зь Беларусі. Раней гэта меркавалася зрабіць 26 лютага.

Рашэньне прынятае па выніках расейска-беларускіх перамоваў у Маскве, на якіх ад беларускага боку ўдзельнічалі віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы і міністар сельскай гаспадаркі Леанід Заяц.

Як паведамляецца на сайце ведамства, калі за гэты час сытуацыя ня зьменіцца, партыі тавараў, якія паступілі на часовыя кантрольныя вэтэрынарныя пункты на расейска-беларускім участку мяжы, будуць вернутыя ў Беларусь.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, Беларусь зьяўляецца асноўным пастаўшчыком малака ў Расею і штогод зарабляе на яго экспарце больш за 3 мільярды даляраў.

Стаўка на айчыннае або стрымліваньне імпарту?

«Рассельгаснагляд» удакладняе, што абмежавальныя захады прынятыя ў сувязі зь неаднаразовымі фактамі парушэньняў вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў Эўразійскага эканамічнага саюзу і Расейскай Фэдэрацыі.

Гаворка найперш пра пастаўкі пастэрызаванага, стэрылізаванага малака і вяршкоў, сухога, канцэнтраванага, кансэрваванага і згушчанага малака, сыроваткі, малочнага бялку ды іншага асартымэнту.

Дагэтуль выказвалася заклапочанасьць з нагоды выяўленьня небясьпечных рэчываў і антыбіётыкаў у малочнай прадукцыі беларускай вытворчасьці. Згодна з расейскай статыстыкай, летась зафіксавана амаль 600 парушэньняў, зь іх 376 прыпала на малочную прадукцыю. Сёлета ў лютым іх ужо зафіксавана тры дзясяткі, у 21 выпадку выяўлены рэшткі забароненых і шкодных рэчываў.

Ілюстрацыйнае фота. Кошты на малако ў Беларус і ў Расеі, сьнежань 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Кошты на малако ў Беларус і ў Расеі, сьнежань 2017 году

Чалец калегіі прамысловасьці і аграпрамысловага комплексу Эўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі заявіў, што аднабаковым блякаваньнем Расея груба парушае нормы Эўразійскага эканамічнага саюзу. Аднак у Расеі так ня думаюць.

Паводле дадзеных Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака «Союзмолоко», у 2017 годзе доля Беларусі ў пастаўках у Расею вяршкоў склала 92%, сыроваткі — 90%, сухога абястлушчанага малака — 82%, згушчанага малака і вяршкоў — 78%.

Прадстаўніца «Союзмолока» Марыя Жэбіт у размове з Радыё Свабода адзначыла, што з улікам значнасьці аб’ёмаў імпарту Масква папярэджвала беларускіх партнэраў пра неабходнасьць выкананьня санітарных нормаў, аднак Менск прэтэнзіі ігнаруе.

«Гэта нават не абмяркоўваецца: усе павінны працаваць у прававым полі — і расейскія вытворцы, і беларускія, і дзяржавы ўвогуле, — сказала яна. — І калі ёсьць прэтэнзіі да якасьці з боку нагляднага ведамства, то наўрад ці яны беспадстаўныя. Як мінімум трэба весьці дыялёг, абмяркоўваць, адкуль гэта ўсё бярэцца і чаму нічога не зьмяняецца ў падыходах».

Магчымая «дыскваліфікацыя» беларускіх прадпрыемстваў ніяк не адаб’ецца на расейскім рынку, перакананыя ў «Союзмолоке». Як сьцьвярджае прадстаўніца тамтэйшай малочнай галіны, у Расеі перавытворчасьць і сыравіны, і гатовых вырабаў, таму дэфіцыт не пагражае.

«Сёньня з упэўненасьцю можна казаць, што каляпсу на рынку малочнай прадукцыі ў Расеі ня будзе ў любым выпадку, — працягвае Марыя Жэбіт. — Шчыра кажучы, у нас затавараныя склады як у частцы сыравіны, так і ў частцы гатовай прадукцыі — сухога малака, масла, сыру. А паколькі няма праблемы з уласным асартымэнтам, адпаведна, скараціўся попыт на імпарт. Нават калі абмежаваньні набудуць моц, аднамомантавага эфэкту, які прывядзе да рэзкага дэфіцыту ці недахопу прадукцыі, ня будзе».

Няякасная прадукцыя або лабіяваньне вытворцаў?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​У новым вітку супрацьстаяньня на «малочным фронце» адміністрацыі беларускіх вытворцаў захоўваюць маўчаньне. Спробы атрымаць камэнтары на прадпрыемствах плёну ня мелі — ужо на ўзроўні прыёмнай дырэктара журналістаў пераадрасоўваюць у Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Там, у сваю чаргу, сказалі, што перамовы працягваюцца, пра штосьці прадметнае можна будзе гаварыць праз тыдзень.

Тым ня менш галоўны інжынэр аднаго малочнакансэрвавага камбінату на Берасьцейшчыне выказаў думку, што санітарныя нормы ні пры чым — маўляў, беларускія стандарты вельмі высокага ўзроўню. Насамрэч прыбіраюцца канкурэнты, каб расчысьціць дарогу сваім. Але потым схамянуўся, што «ён гэтага не гаварыў». Прэтэнзіі «Рассельгаснагляду» тычацца ня толькі малочнай прадукцыі. Сёньня пад рознымі формамі санкцыяў 42 беларускія прадпрыемствы — празь няякасную, небясьпечную або незаконна ўвезеную прадукцыю.

У чорны сьпіс часьцей за ўсё трапляюць з такіх прычынаў:

  • увоз беларускіх «сырападобных прадуктаў», якія «не падлягаюць прававому азначэньню, але невядомым чынам сэртыфікуюцца»;
  • пастаўкі беларускімі кампаніямі ў Расею «санкцыйных» прадуктаў з Украіны і Эўропы з фальшывымі дакумэнтамі пад выглядам прадукцыі з Ірану, Македоніі, Сан-Марына і Кітаю;
  • магчымасьць увозу празь Беларусь «санкцыйных прадуктаў» з Эўразьвязу пад выглядам прадукцыі 33 краінаў — цяпер з тых краінаў дазволены толькі прамы ўвоз, але не празь Беларусь;
  • увоз у Расею фізычнымі асобамі значных аб’ёмаў рознай прадукцыі без вэтэрынарна-суправаджальных дакумэнтаў нібыта для асабістых мэтаў, а насамрэч для рэалізацыі на расейскім рынку;
  • сумневы ў строгім кантролі беларускага боку за прадукцыяй, што пастаўляецца ў Расею, і магчымасьць удзелу ў «незаконных схемах» беларускай вэтэрынарнай службы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG