Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд зноў увёў абмежаваньні на прадукцыю шэрагу беларускіх харчовых прадпрыемстваў


Мова ідзе пра абмежаваньні на пастаўкі, узмоцнены лябараторны кантроль і прыпыненьне сэртыфікацыі прадукцыі цэлага шэрагу беларускіх прадпрыемстваў з прычыны парушэньня нормаў ЕАЭС, паведаміла расейскае ведамства вечарам 9 лютага.

Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.

У прыватнасьці, у Расеі прынятае рашэньне ўвесьці часовыя абмежаваньні ў дачыненьні да ІП «Інка-Фуд» у сувязі з паўторным выяўленьнем рэшткаў антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы (даксіцыклін) у каўбасных вырабах ў адным выпадку і выяўленьнем незаяўленай ДНК буйной рагатай жывёлы ў гатовай прадукцыі зь мяса птушкі ў другім выпадку.

Акрамя таго, Рассельгаснагляд уводзіць узмоцнены лябараторны кантроль у дачыненьні да наступных прадпрыемстваў:

  • ААТ «Кастрычніцкі завод СОМ» — за выяўленьне рэшткаў сульфамэтаксазолу ў сухім малацэ;
  • ААТ «Стаўбцоўскі мясакансэрвавы камбінат» — за выяўленьне рэшткаў антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы (тэтрацыклін) у ялавічыне;
  • ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» філіял Клецкі — за выяўленьне рэшткаў антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы (оксітэтрацыклін) у сухім малацэ;
  • ААТ «Барысаўскі Мясакамбінат „1 “- за выяўленьне рэшткаў антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы (оксітэтрацыклін) у каўбасных вырабах;
  • ААТ» Калінкавіцкі мясакамбінат «- за выяўленьне рэшткаў антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы (тэтрацыклін) у ялавічыне;
  • ААТ «Милкавита» — за выяўленьне наяўнасьці сухога малака ў пітных вяршках ультрапастэрызаваных;
  • ААТ «Малако» — за выяўленьне рэшткаў тылазіну ў малочнай сыроватцы;
  • ЗАТ «Партнёр і К» — за выяўленьне рэшткаў антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы (тэтрацыклін) у ялавічыне,
  • ТАА «Старфуд» — за выяўленьне рэшткаў антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы (даксіцыклін) у каўбасных вырабах.

Рассельгаснагляд таксама паведамляе, што «праінфармаваў кампэтэнтныя органы» Беларусі аб выяўленых неадпаведнасьцях ў прадукцыі наступных прадпрыемстваў:

  • ТАА «ЭкспортАльфагруппы» — за выяўленьне бактэрый групы listeria monocytogenes у ялавічыне;
  • ААТ «Милкавито» — за выяўленьня неадпаведнасьці масавай долі тлушчу ў малацэ.

Згадваюцца ў паведамленьні Рассельгаснагляду і іншыя беларускія прадпрыемствы.

У 2017 годзе Рассельгаснагляд неаднаразова абмяжоўваў пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў на расейскі рынак.

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі ў сьнежні 2017 году паведаміла журналістам, што пад санкцыямі Рассельгаснагляду знаходзяцца 54 беларускія кампаніі. Пры гэтым у Мінсельгасхарчы адзначалі, што часта прэтэнзіі, якія прад’яўляюцца Рассельгаснаглядам да беларускіх кампаніяў, «бываюць несправядлівыя.»

Паводле ацэнак Мінсельгасхарча, у 2017 годзе Беларусь у Расею недапаставіла прадукцыі на сотні мільёнаў даляраў з прычыны санкцый, якія ўводзяцца Рассельгаснаглядам.

У 2017 годзе ў дачыненьні да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта ў Беларусі была заведзена крымінальная справа «за нанясеньне шкоды краіне» у сувязі з забаронамі паставак у Расею прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG