Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ініцыюе новыя абмежавальныя захады ў дачыненьні беларускіх вытворцаў


Беларускае малако, ілюстрацыйнае фота

Расейскае ведамства нагляду за якасьцю прадукцыі накіравала ліст у Дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі «з заклапочанасьцю аб сытуацыі, якая склалася зь бясьпекай малочнай прадукцыі, што паступае зь Беларусі», — паведамляе БелаПАН.

Часовыя абмежаваньні з прычыны выяўленьня забароненых і шкодных рэчываў дзейнічаюць супраць 9 малочных заводаў, рэжым узмоцненага лябараторнага кантролю — супраць 9, прыпыненьне сэртыфікацыі — супраць 6; частковыя абмежаваньні на асобныя віды прадукцыі — 18 прадпрыемстваў. Усяго 42 прадпрыемствы беларускай малочнай галіны «знаходзяцца ў зоне павышанай увагі».

Акрамя таго, прыпынена дзеяньне 67 дэклярацый аб адпаведнасьці на малочную прадукцыю беларускай вытворчасьці, паведамляе «Рассельгаснагляд».

Пры гэтым адзначаецца рост паступленьня ў Расею малочнай прадукцыі, якая зьмяшчае рэшткі забароненых і шкодных рэчываў.

Ад пачатку 2018 году «Рассельгаснагляд» зафіксаваў 32 выпадкі парушэньняў вэтэрынарна-санітарных нормаў у малацэ і малочнай прадукцыі зь Беларусі, зь якіх 21 — наяўнасьць рэшткаў забароненых і шкодных рэчываў.

Кіраўніцтва Беларусі з гэтай нагоды неаднаразова заяўляла, што абвінавачаньні Масквы беспадстаўныя і маюць палітычны падтэкст.

З гэтым нязгодны эканаміст, экспэрт у аграрнай галіне Пётра Мігурскі. На яго перакананьне, беларускім вытворцам трэба кардынальна мяняць падыходы да ацэнкі якасьці сваёй прадукцыі, як гэта зрабіла Расея.

Пётра Мігурскі
Пётра Мігурскі

«Крытэры ацэнкі якасьці малака ў Расеі больш жорсткія, — кажа ён. — Таму ня трэба станавіцца ў позу, а разглядаць пытаньні тэхналёгіяў. Прыдумалі яны такія правілы — маюць права. Згадайце тую ж афрыканскую чуму. Узьнік ачаг у гаспадарцы „Ўсход“. Куды падзелі мяса? На перапрацоўку ў Магілёў, Бабруйск, Глыбокае. А празь нейкі час расейскія экспэрты выяўляюць у прадукцыі геном чумы. Ну які тут палітычны падтэкст? Таксама і з расьлінным транзытам: чаму Масква павінна закрываць вочы на тавары невядомага паходжаньня? У гэтым выпадку няма палітыкі: калі хвалююцца за бясьпеку сваіх спажыўцоў, то маюць права як мінімум прысароміць нядобрасумленнага партнэра».

«Рассельгаснагляд» разглядае магчымасьць прыняцьця «больш эфэктыўных захадаў», у тым ліку ўвядзеньне абмежаваньняў на асобныя віды малочнай прадукцыі з тэрыторый, адкуль найчасьцей паступае «небясьпечная прадукцыя».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG