Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Мальдывах увялі надзвычайнае становішча, экс-прэзыдэнт затрыманы. Што адбываецца


Прэзыдэнт Мальдыўскай Рэспублікі Абдула Ямін увёў у краіне надзвычайнае становішча на 15 дзён.

Чаму ён так зрабіў

Такое рашэньне Ямін прыняў пасьля рашэньня Вярхоўнага суда краіны.

1 лютага суд пастанавіў вызваліць васьмярых палітычных лідэраў і былога прэзыдэнта Магамэда Нашыда, зрынутага ў 2012 годзе. Усіх іх пасадзілі ў турму па абвінавачваньнях у тэрарызьме, дзяржаўнай здрадзе і карупцыі. Нашыда прысудзілі да 13 гадоў пазбаўленьня волі ў 2013 годзе. Цяпер ён знаходзіцца ў Вялікабрытаніі на лячэньні.

Вярхоўны суд таксама вярнуў мандаты 12 апазыцыйным дэпутатам, што дазваляе апазыцыі атрымаць большасьць у парлямэнце і прагаласаваць за пачатак працэдуры імпічмэнту прэзыдэнта.

Абдула Ямін, які ўзначальвае Мальдывы зь лістапада 2013 года, абвінаваціў Вярхоўны суд у перавышэньні паўнамоцтваў.

Як разьвіваліся падзеі

На наступны дзень пасьля рашэньня Вярхоўнага суда, 2 лютага, экс-прэзыдэнт Магамэд Нашыд абвясьціў пра свой намер балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах у гэтым годзе.

Яго прыхільнікі выйшлі на вуліцы ў знак яго падтрымкі. У сталіцы адбыліся сутыкненьні паміж прыхільнікамі апазыцыі і паліцыяй. 3 лютага парлямэнт паведаміў аб часовым прыпыненьні працы па меркаваньнях бясьпекі.

Двое судзьдзяў Вярхоўнага суда былі арыштаваныя, у старшыні суда Абдулы Саіда паліцыя правяла ператрусы. Старшыня суду, па словах апазыцыі, займаецца, у тым ліку і расьсьледаваньнямі карупцыі сярод дзеючай улады.

Пад варту ўзялі былога кіраўніка краіны Мамуна Абдулу Гаюма. У відэа, запісаным для сацсетак, ён сказаў, што яго адпраўляюць на турэмны востраў Дханідха:

«Я не зрабіў ніякага злачынства. Гэты арышт зьяўляецца незаконным. Я застануся моцным, і я прашу любімых людзей заставацца моцнымі».

Небясьпечна ехаць на Мальдывы

Ня езьдзіць на Мальдывы рэкамэндавалі МЗС Індыі, Расеі і ўлады Кітая.

Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Барыс Джонсан заклікаў дзейнага прэзыдэнта Мальдываў і ўрад «мірна адмяніць надзвычайнае становішча, аднавіць усе артыкулы канстытуцыі, неадкладна прыняць меры па поўным выкананьні пастаноў Вярхоўнага суда і забясьпечыць належнае функцыянаваньне парлямэнта».

Міністэрства турызму Мальдываў апублікавала заяву, згодна зь якой, рэжым надзвычайнага становішча не азначае абмежаваньняў на паездкі. Усе аэрапорты, курорты і гатэлі працуюць у звычайным рэжыме, гаворыцца ў паведамленьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG