Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас нельга параўноўваць зь беларускімі «іпэшнікамі». Як працуюць «узбэцкія» крамы таннага адзеньня


Па зьвестках прадпрымальнікаў, у Беларусі адкрылася больш за 100 «узбэцкіх» крамаў таннага адзеньня. Свабода паспрабавала даведацца, каму яны належаць, ці маюць сэртыфікаты якасьці на тавар і якім чынам трымаюць нізкія кошты.

«Фатаграфаваць нельга»

Нядзеля 21 сьнежня 2018 году, менскі Камароўскі рынак. Побач зь ім невялікі офісны будынак цыліндрычнай формы. Над уваходам шыльда зь яркімі літарамі «Распродаж адзеньня» на белым тле замест назвы. Некалькі тыдняў таму тут жа была шыльда з інфармацыяй пра гандаль канфіскатам, цяпер яе няма.

Унутры крама выглядае як вялікі пакой зь мінімальным касмэтычным рамонтам, застаўлены шэрагамі высокіх вешалак з вопраткай. Ля сьцен — сталы са стосамі бялізны, разваламі гаманцоў і шкарпэтак. Цэны на тавар можна даведацца з цэньнікаў, налепленых проста на джынсы, цішоткі, кашулі і швэдры. Дзіцячая вопратка вісіць асобна. Разьлічыцца можна каля выхаду. Там стаіць звычайны стол, за ім супрацоўніца крамы. Побач, на крэсьле, сядзіць мужчына.

На першы погляд Захар (так завуць мужчыну) не бярэ ніякага ўдзелу ў працы. Аднак варта толькі папрасіць паказаць сэртыфікаты якасьці на выбраныя кашулі, як ён дастае тонкую тэчку зь некалькімі файламі і распытвае, хто ты такі. У выніку Захар забірае тэчку назад (сэртыфікатаў якасьці там не аказалася), паведамляе, што фатаграфаваць дакумэнты нельга, і некуды тэлефануе.

Пазьней перадае трубку, адкуль яшчэ адзін супрацоўнік выбачаецца за адсутнасьць сэртыфікатаў, паведамляе, што яны часова ў Менгарвыканкаме «на праверцы» і просіць пакінуць нумар тэлефона, па якім са мной абавязкова зьвяжуцца і пакажуць усе неабходныя дакумэнты.

«Яны спачатку нас давядуць да банкруцтва, а потым самі падымуць кошты»

Нашэсьце крамаў з таннай вопраткай пачалося ў Беларусі вясной 2017-га. Адным зь першых засьвяцілася ТАА «Цюбецейка» ў Сьветлагорску (адсюль пайшла агульная назва крамаў з таннай вопраткай — «цюбецейкі»). Па зьвестках кіраўніка аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі, з таго часу па ўсёй краіне адкрылася больш за сто такіх крамаў. У канцы 2017 году частка зь іх закрылася.

«Цяпер не сэзон, таму яны часова спынілі працу. Але вясной пачнуць з новымі сіламі гандляваць, — кажа Шумчанка. — Добра адгандляваліся хлопцы, добра папрацавалі. Зараз дадому паедуць адпачыць. Вывезьлі зь Беларусі грошы, валюту, а мы тут далей тут капацца будзем, капейкі зарабляць».

Па словах Шумчанкі, думкі беларускіх прадпрымальнікаў наконт нечаканых канкурэнтаў падзяліліся. Адны лічаць, што госьці зь Сярэдняй Азіі карыстаюцца недасканаласьцю беларускага заканадаўства (Міністэрства па падатках і зборах не правярае новаадкрыты гандлёвы пункт на працягу двух гадоў), іншыя — што «ўзбэцкі» бізнэс курыруе нехта «зьверху».

«Я ня ведаю, у чым прычына і хто за гэтымі крамамі стаіць. Але я ведаю дакладна, што калі б так працавалі беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі, у іх бы забіралі тавар, — упэўнены Анатоль Шумчанка. — Ніхто б не цырымоніўся. Гэта вось прадпрымальнікаў і абурае. Міністэрства па падатках і зборах скардзіцца, што нізкія зборы ў іх, а тут пад носам столькі парушэньняў — і нічога».

Лідэр прадпрымальнікаў прызнае, што ў так званых «узбэцкіх» крамах цэны значна ніжэйшыя, чым у беларускіх «іпэшнікаў». На думку Шумчанкі, гэта магчыма таму, што госьці эканомяць на сэртыфікацыі тавараў (таму і ня могуць паказаць сэртыфікаты якасьці), сплаце падаткаў (маўляў, частка выручкі ідзе ў абход касы), а таксама дзякуючы вялікім аб’ёмам гандлю.

«Праз гэтыя нізкія цэны руйнуецца наш айчынны бізнэс, які грошы траціць тут, у Беларусі, — кажа Шумчанка. — Мы ж не выводзім грошы з краіны. Трэба прыярытэты расстаўляць. Калі б мы так працавалі, як яны, у нас цэны былі б яшчэ ніжэйшыя. Але мы ў рамках закону працуем, у нас высокія санкцыі. Сёньня гэтыя крамы прыбяруць наш беларускі бізнэс, будуць працаваць за 200 даляраў у месяц... Мы будзем зьнішчаныя, а заўтра яны самі падымуць цэны да таго ўзроўню, якія яны захочуць зрабіць. Вось так будзе».

Шумчанка кажа, што не разумее, чаму дзяржава ня ўмешваецца ў сытуацыю. «Значыць, некаму гэта выгадна. Нехта з гэтага нешта мае», — дадае прадпрымальніцкі лідэр.

«ОЙШАтэкстыль»

Як стала вядома Свабодзе, крама з шыльдай «Распродаж вопраткі» каля Камароўкі належыць таварыству з абмежаванай адказнасьцю «ОЙШАтэкстыль». Яно было зарэгістравана ў Менгарвыканкаме і Міністэрстве па падатках і зборах на пачатку красавіка 2017 году, тэрмін рэгістрацыі — 9 месяцаў, памер устаўнога фонду невядомы.

Працаваць ТАА «ОЙШАтэкстыль» пачало ў канцы жніўня (такая пазнака ёсьць на кнізе скаргаў і прапановаў). Падобная крама з такой жа назвай і асартымэнтам яшчэ тры месяцы таму працавала ў Магілёве па адрасе Пушкінскі праспэкт, 24, аднак зь невядомых прычын закрылася.

У сталічную краму з таннай вопраткай рэгулярна шукаюць супрацоўнікаў. Графік працы розны. Або 2 дні праз 2, або 5 дзён запар з выходнымі ў суботу і нядзелю. Заробак абяцаюць ад 25 да 40 рублёў на дзень, досьвед працы «вітаецца», але разам з тым «ня мае значэньня». Выходзіць рублёў 500–700 у месяц.

Як даведалася Свабода, дырэктар і заснавальнік кампаніі «ОЙШАтэкстыль» — грамадзянін Узбэкістану Ясёжан Ахрараў, назву ён даў у гонар дачкі. Цяпер Ахрараў за межамі Беларусі, атрымаць ад яго камэнтар не ўдалося.

5 рублёў за цішотку, 25 — за джынсы

Асартымэнт крамаў з таннымі таварамі вельмі шырокі: ад дзіцячай вопраткі і джынсаў — да шкарпэтак, кашалькоў і пасьцельнай бялізны. Этыкеткі аднатыпныя, з дрэнна чытэльным, часта змазаным шрыфтам. У краме з шыльдай «Распродаж вопраткі» каля Камароўкі на большасьці зь іх краінай паходжаньня тавару пазначаны Кітай. Дакладней, «Guangdong Textiles Mansion» у Гуанчжоў. Ёсьць таксама тавары, на этыкетках якіх краінамі паходжаньня пазначаныя Расея і Ўзбэкістан. Цэны і памеры ўпісаныя ад рукі чарнільнай асадкай альбо чорным маркерам.

Некаторых вытворцаў, інфармацыя пра якіх значыцца на этыкетках у краме кампаніі «ОЙШАтэкстыль», немагчыма знайсьці нават праз гугл. Напрыклад, вытворцу дзіцячага адзеньня пад маркай «Tarko-Osiyo Kids». Адрас прадпрыемства падаецца такі: Узбэкістан, Ташкенцкая вобласьць, Зангіацінскі раён, пасёлак Назарбек, вуліца Хаміда Алімжона, дом 1А.

У рэальнасьці пасёлак Назарбек разьмяшчаецца адразу за кальцавой Ташкента, ён невялікі, а вуліцы не падпісаныя ні на Google maps, ні на «Яндэкс мапах». Не заўважна значных прадпрыемстваў у гэтым пасёлку і на сатэлітарных фота. Ніякіх тэлефонаў і іншых кантактаў фабрыкі, чыю дзіцячую вопратку прадаюць у цэнтры Менску, таксама няма.

Пра расейскага вытворцу «Данецкая мануфактура М» можна знайсьці больш інфармацыі. Гэта расейская кампанія (яе назва паходзіць ад таго Данецку, што ў Растоўскай вобласьці, ня блытаць з украінскім Данецкам). Яна спэцыялізуецца на вытворчасьці хатняга тэкстылю — бялізны, ручнікоў і іншых падобных рэчаў.

А цэны прывабліваюць. 5 рублёў за баваўняную цішотку, 25 за джынсы. Таму ня дзіва, што так званыя «цюбецейкі» карыстаюцца папулярнасьцю і ў рэгіёнах, і ў сталіцы.

«У „іпэшнікаў“ парушэньняў яшчэ больш, чым у нас»

Андрэй (назваць сваё прозьвішча не захацеў, запіс размовы ёсьць у рэдакцыі РС) працуе ў кампаніі «ОЙШАтэкстыль» юрыстам. Ён катэгарычна ня згодны з выказваньнямі Шумчанкі пра незаконнасьць «крамаў-цюбецеек» і пагадзіўся адказаць на некалькі пытаньняў Свабоды.

«Усе гэтыя абвінавачаньні неабгрунтаваныя. Калі ўзяць і паглядзець кнігі праверак у такіх крамах, дык там практычна штодзённа праверкі. Калі не штодзённа, то 2–3 праверкі ў месяц дакладна бывае, самых розных органаў, — кажа Андрэй. — Калі праверка прыходзіць, то яна ўсё адно знойдзе парушэньне. Але ёсьць парушэньні сур’ёзныя, а ёсьць нязначныя, якія не нясуць вялікай шкоды дзяржаве».

Юрыст раіць пацікавіцца, колькі тавару мытня канфіскоўвае ў «іпэшнікаў», колькі рэгіструецца фактаў нявыплаты імі падаткаў.

«Чаму Шумчанка не дае інфармацыі, колькі парушэньняў штодзённа выяўляецца ў саміх прадпрымальнікаў? Беларускім прадпрымальнікам налічваюцца вялікія штрафы, — кажа Андрэй. — Узбэцкім таксама, але разьбежка будзе велізарная. Параўнайце».

Нізкія цэны ў «крамах-цюбецейках» юрыст «ОЙШАтэкстылю» тлумачыць іх большым, у параўнаньні з «іпэшнікамі», таваразваротам і асартымэнтам. «Гэта зусім розныя аб’екты, іх нельга параўноўваць, — кажа юрыст. — Калі беларускі прадпрымальнік адкрые падобную краму, тады можна будзе параўноўваць цэны на тавар... А так я не магу параўнаць краму на 300 „квадратаў“ з шапікам на 30».

Супрацьстаяньне «ўзбэцкіх» крамаў і беларускіх «іпэшнікаў» працягваецца.

Як сказаў Свабодзе лідэр аб’яднаньня «Пэрспэктыва», цяпер арганізацыя зьбірае і фіксуе факты парушэньняў у крамах з таннай вопраткай. Зьвесткі пра парушэньні перадаюцца ў профільныя міністэрствы з просьбай разабрацца. У кастрычніку гэта скончылася канфіскацыяй тавару адразу ў чатырох крамах, якія працавалі ў Гомельскай вобласьці. Іх уладальнікі не змаглі прад’явіць дакумэнты аб паходжаньні свайго тавару.

У кантрольных органах паведамляюць, што правяраюць гандлёвыя пункты незалежна ад формы ўласнасьці. «Цюбецейкі» на штрафы і канфіскацыю тавару адказваюць завозам новых партый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG