Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удар па папулярных сярод беларусаў «закупах у Польшчы». Сэйм прыняў закон


Польскі Сэйм прыняў закон, які абмяжоўвае ў краіне гандаль у нядзелі. Папулярныя сярод беларусаў «закупы ў Польшчы» чакаюць вялікія зьмены. Ужо ў сакавіку абмежаваньні ўвойдуць у жыцьцё.

Новы закон яшчэ мае падпісаць прэзыдэнт. Але няма сумневу, што Анджэй Дуда гэта зробіць, паколькі ён падтрымаў гэтыя зьмены, піша Gazeta Wyborcza.

Без абмежаваньняў набыткі можна будзе зрабіць толькі ў дзьве нядзелі перад Калядамі, нядзелю напярэдадні Вялікадня, а таксама апошнія нядзелі ў студзені, чэрвені і жніўні.

Так будзе ад 2020 году. Да гэтай пары будуць працаваць пераходныя правілы. У 2018 годзе крамы будуць адчыненыя дадаткова ў першую і апошнюю нядзелю месяца, а ў 2019 годзе — толькі ў апошнюю нядзелю месяца.

24 сьнежня, напярэдадні Калядаў, а таксама ў суботу перад Вялікаднем, набыткі можна будзе рабіць да 14.00. Калі нядзеля супадзе зь дзяржаўным сьвятам, то зрабіць пакупкі ў гэты дзень таксама будзе немагчыма.

Новы правілы павінны ўвасьці ў жыцьцё з 1 сакавіка 2018 году.

У законе прапісаныя 30 выключэньняў з забароны гандлю ў нядзелю. Адчыненыя ў выходныя будуць малыя крамы, аптэкі, крамы з сувэнірамі і прадметамі рэлігійнага культу, шапікі з прэсай, квіткамі, тытынёвымі вырабамі, пошты, крамы на на вакзалах і лётнішчах.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG