Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакупнікі задаволеныя, беларускія канкурэнты пратэстуюць. Чаму тавары ва «ўзбэцкіх» крамах нашмат таньнейшыя?


9 студзеня У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю прайшла сустрэча, на якой з удзелам міністра Ўладзімера Калтовіча абмеркавалі праблемы крамаў, адкрытых у Беларусі цягам апошніх двух гадоў гандлярамі з краін Цэнтральнай Азіі. Беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі наракаюць на нядобрасумленную канкурэнцыю з боку гаспадароў гэтых крамаў, бо тавары там прадаюць значна таньней.

Прадпрымальнікі лічаць, што без парушэьня закону гандляваць па такіх нізкіх цэнах немагчыма. Паводле ўдзельніка сустрэчы зь міністрам, лідэра прадпрымальніцкай арганізацыі «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі, занепакоіліся нарэшце і дзяржаўныя чыноўнікі.

Каб праверыць зьвесткі пра таннасьць «узбэцкіх» крамаў, карэспандэнт Свабоды наведаў краму ў гандлёвым цэнтры «Манеж» на вуліцы Кульман.

Пакупніца: «І добра, што таньней. Канкурэнцыя павінна быць»

«Продаж канфіскату» — яшчэ на прыпынку запрашае бачны здаля рэклямны шчыт. Пазначаныя на ім цэны дзейнічаюць магічна. Джынсы ўсяго за 20 рублёў — гэта ж толькі 10 даляраў!

Усярэдзіне ўздоўж голых сьцен толькі мэталічныя стойкі, завешаныя адзеньнем, адна стойка пустая.

Пакупніца Любоў Віктараўна заступаецца за ўзбэцкіх гандляроў.

«Я чытала, што пра іх пішуць, нібыта яны цэны заніжаюць. Нязгодная! Гэта ня ў іх кошты заніжаныя, а ў нашых крамах завышаныя, у 2–3 разы».

Яна кажа, што бывала ў Ташкенце, і там цэны якраз такія, як у гэтай краме. «Ну, зь невялікай надбаўкай». А беларускія гандляры цэны на тыя ж тавары «бязбожна» завышаюць, мяркуе Любоў Віктараўна.

«Мая дачка адпачывала ў Італіі ды прывезла дзіцячую куртку за 10 эўра, а ў Беларусі такая ж прадаецца за 20–30. Гэта нармальна? А яны, — жанчына паказала на прадаўца з Узбэкістану, які зьявіўся каля касы, — прадаюць тут усё па нармальных цэнах, і гэта добра. Павінна быць канкурэнцыя. А калі ня хочаце тут купляць, ідзіце вунь насупраць у краму „Тавары для жанчын“, купляйце беларускае ўдвая даражэй».

Прадавачкамі ў «Краме распродажу адзеньня» працуюць у асноўным грамадзянкі Беларусі. На грудзях у жанчын няма бэджыкаў з імёнамі, як у звычайных крамах, яны ня хочуць, каб іх фатаграфавалі, але расказаць пра асаблівасьці асартымэнту не адмаўляюцца.

«Так, тут значна таньней і якасьць добрая. Вось глядзіце — такі плед у нас каштуе 10 рублёў, а ў краме насупраць будзе ўсе 40. І гэтак шмат па якіх таварах: камплект пасьцельнай бялізны тут удвая таньнейшы, курткі для падлеткаў і дзяцей, джынсы, трыкатаж для жанчын — усё амаль удвая таньнейшае. Хіба гэта дрэнна? Вось людзі да нас і ідуць».

У размову ўступае яшчэ адна наведніца, пэнсіянэрка Тацяна: «Тут і сыну купляла рэчы, і ўнуку, і сабе нешта прыгледзела». Яна адзначае, што яшчэ месяц таму рэчы ляжалі на сталах грудамі, а цяпер тут паставілі мэталічныя стойкі, усё вісіць на вешалках, стала зручна выбіраць. «Гэтак з Новага году, а будзе яшчэ лепей», — адгукаюцца на камплімэнты прадаўцы.

Але чаму кошты ніжэйшыя?

Спрабую ўсё ж высьветліць, чаму тавары тут не крыху, а ледзь не ўдвая таньнейшыя. За кошт чаго ўдаецца атрымліваць прыбытак? Можа, мае значэньне краіна-вытворца? Або тут танная арэнда гандлёвых плошчаў? Або гаспадары эканомяць на заробку прадаўцоў, на рэкляме, іншых выдатках? А можа, ня плацяць некаторых падаткаў?

Зь пералічанага прадавачка ледзь заўважна кіўнула толькі наконт заробку, а вось пра астатняе — паціснула плячыма ды адправіла па адказы да ўзбэка Шоймарджона, якога мне назвалі галоўным. Але і спадар Шоймарджон нічога не патлумачыў, сказаўшы, што ён не гаспадар крамы. «Гаспадар будзе недзе праз два тыдні, прыходзьце». Мабільны тэлефон, каб было куды пазваніць і даведацца, ці прыехаў гаспадар, Шоймарджон даваць адмовіўся.

«Навошта? Заўтра мяне тут усё роўна ня будзе».

Адкуль танны тавар?

Іду па краме ўздоўж радоў з адзеньнем. Памаранчавыя жаночыя халаты і блакітныя начнушкі, кофты, жакеты, джынсы, курткі. Цэны сапраўды малыя: начнушка за 9 рублёў (у нас, кажа Тацяна, 20), джынсы — каля 30, курткі — 70–90. Цікава, а дзе зробленыя гэтыя рэчы? Шоймарджон глядзіць на этыкетку да начнушкі. Кажа, што зроблена ў Кітаі. Зімовае жаночае паўпаліто з капюшонам — той жа вытворца. А ці ёсьць што з Узбэкістану?

«Сёньня няма. Заўтра завязуць камплекты ўзбэцкай пасьцельнай бялізны», — кажуць прадаўцы.

Але адна з пакупніц, праходзячы міма ў прымерачную, шэптам папярэджвае: «Пасьцельную бялізну ў іх не купляйце. Аднаразовая». Зьдзіўляюся: «Як гэта — аднаразовая бялізна?» — «Бавоўна натуральная — так, але такая тонкая, што хутка рвецца».

Спрабую высьветліць, якія яшчэ краіны прадстаўленыя ў асартымэнце тавараў. Шоймарджон кажа, што ёсьць Кіргізстан, і ківае ў бок куртак, але на этыкетках толькі лічбы і назвы фірмаў па-ангельску, як на куртках з Кітаю. Пра Кіргізстан — ані пазнакі.

Канфіскату насамрэч няма

Неўзабаве раскрываю яшчэ адзін сакрэт крамы. Пасьля настойлівых роспытаў, што дакладна прадаецца з канфіскату, прадавачкі здаюцца: «Ды няма тут ніякага канфіскату. Проста тавары па цэнах, набліжаных да цэнаў канфіскаваных тавараў».

А як жа быць з рэклямным шчытом на вуліцы каля крамы, што тут нібыта прадаецца канфіскат? Прадавачкі адводзяць вочы.

Вэрсія Шумчанкі: эканомяць на падатках, а не на рэкляме

На думку лідэра абʼяднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі, сакрэт нізкіх цэнаў у падобных крамах — няпоўная сплата падаткаў і нясплата ўнёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію tut.by.

Паводле спадара Шумчанкі, ІП Беларусі аказаліся закладнікамі «няроўнай канкурэнцыі» з гандлярамі з Цэнтральнай Азіі, бо мусяць працаваць паводле 222-га ўказу Аляксандра Лукашэнкі, які прадугледжвае сплату падатку на дададзеную вартасьць на ўсе ўвезеныя тавары. А на ўзбэцкія крамы, заўважае Анатоль Шумчанка, гэты парадак не распаўсюджваецца.

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

Больш за тое, паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі № 510 яны вызваляюцца ад праверак цягам двух гадоў ад моманту рэгістрацыі.

«Калі пройдуць гэтыя два гады, яны закрыюцца і адкрыюць новыя прадпрыемствы», — мяркуе Шумчанка пра канкурэнтаў з Цэнтральнай Азіі.

На сходзе прадпрымальнікаў з арганізацыі «Пэрспэктыва», які праходзіў у сьнежні мінулага году ў Менску, шмат хто з выступоўцаў з рэгіёнаў таксама наракаў, што ў крамах, якія належаць грамадзянам Узбэкістану, прадаюцца тавары, нашмат таньнейшыя за тавары ў беларускіх крамах.

«Гэта нядобрасумленная канкурэнцыя. Чаму ўлады нічога ня робяць?» — абураліся прадпрымальнікі з Гомля, Пінску, Барысава ды іншых гарадоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG