Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд не абараніў права Аляксандра Чахольскага на вядзеньне працэсу па-беларуску


Алесь Чахольскі, архіўнае фота

Вярхоўны суд разгледзеў скаргу Аляксандра Чахольскага на пастанову суда Фрунзенскага раёну ад 12 ліпеня 2017 году. Рашэньне суду не было адмененае, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

У скарзе актывіст, сярод іншага, пісаў, што ў судзе Фрунзенскага раёну было парушана ягонае права на карыстаньне роднай мовай у ходзе разгляду справы — судзьдзя адмовіў у вядзеньні працэсу на беларускай мове, а таксама ў прадстаўленьні паслуг перакладчыка і аргумэнтаваў сваё рашэньне тым, што Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь замацаваныя дзьве дзяржаўныя мовы і грамадзянін Беларусі абавязаны разумець абедзьве.

«Лічу, што сваім адказам судзьдзя Андрэй Млечка зьняважыў маё пачуцьцё нацыянальнага гонару, дыскрымінаваў мяне ў праве на валоданьне і карыстаньне роднай беларускай мовай. Фактычна ён прызнаў мяне чалавекам другога гатунку на маёй роднай беларускай зямлі», — напісаў у скарзе Аляксандар Чахольскі.

Вярхоўны суд у сваім адказе адзначыў, што абставіны правапарушэньня дасьледаваныя ўсебакова, поўна і аб’ектыўна, доказы ацэненыя належным чынам і падвяргаць сумневу высновы судзьдзі Млечкі падставаў няма.

«З матэрыялаў справы відавочна, што вы ў дастатковай ступені валодалі мовай, на якой вёўся адміністрацыйны працэс, мелі права даваць тлумачэньні па сутнасьці справы на беларускай або расейскай мовах і не былі пазбаўленыя магчымасьці ўдзельнічаць у судовым разглядзе, аднак залю суда пакінулі», — сьцьвярджае у адказ на скаргу намесьнік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксей Лойка лічыць сытуацыю досыць цікавай з пункту гледжаньня таго, наколькі беларускае заканадаўства і практыка яго прымяненьня ўтрымлівае працэсуальныя гарантыі рэалізацыі чалавекам свайго права на карыстаньне адной зь дзяржаўных моваў у адносінах з судовай сыстэмай.

«Я не гатовы пагадзіцца з тым, што ацэначная фармулёўка, дадзеная Вярхоўным судом, знаходзіцца ў рамках прававога поля і мае на ўвазе магчымасьць рэалізацыі чалавекам свайго права на карыстаньне ў адносінах з судовай сыстэмай адной з дзяржаўных моваў, у прыватнасьці беларускай, на практыцы. Да таго ж, дадзеная фармулёўка паказвае на нежаданьне кіраўніцтва судовай сыстэмы прызнаваць памылку сваіх падначаленых, паколькі Закон „Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь“ не ўтрымлівае нормы аб тым, што грамадзянін павінен валодаць дзьвюма дзяржаўнымі мовамі», — падкрэсьлівае юрыст.

Ён адзначае, што праводзячы аналёгію з Законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў», у якім замацаваны абавязак службовай асобы дзяржаўнага органу даць пісьмовы адказ грамадзяніну на мове яго звароту, можна зрабіць выснову аб тым, што працэсуальнае заканадаўства не ўтрымлівае падобнай гарантыі для чалавека, у дачыненьні да якога вядзецца адміністрацыйны працэс, што прыводзіць на практыцы да парушэння прынцыпу роўнасьці дзьвюх дзяржаўных моваў і ставіць чалавека ў слабае становішча перад судовай сыстэмай.

Аляксандар Чахольскі падаў скаргу ў Вярхоўны Суд на пастанову суда Фрунзенскага раёну ад 12 ліпеня 2017 году аб прыцягненьні яго да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў абарону «Курапатаў» 3 сакавіка 2017 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG