Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя адмовіўся судзіць Чахольскага па-беларуску. Актывіст пайшоў з працэсу на знак пратэсту


Алесь Чахольскі, архіўнае фота

Судзьдзя Фрунзэнскага суду Менску Андрэй Млечка адмовіўся весьці працэс па-беларуску ці запрасіць перакладчыка з фармулёўкай, што «простыя грамадзяне павінны ведаць дзьве дзяржаўныя мовы».

У Фрунзэнскім райсудзе Менску праходзіць адміністрацыйны працэс над Алесем Чахольскім — ён абвінавачваецца ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу пры абароне Курапатаў, які адбыўся 3 сакавіка, паводле артыкулу 23.34 КаАП.

Менскі гарадзкі суд адмяніў рашэньне Фрунзэнскага райсуду ад 28 сакавіка, калі Чахольскага аштрафавалі на 30 базавых велічыняў, і накіраваў справу на новае расьсьледаваньне.

12 ліпеня Чахольскі прыйшоў у Фрунзэнскі суд, але судзьдзя адмовіўся весьці працэс па-беларуску ці выклікаць перакладчыка.

«Падчас працэсу мне, грамадзяніну Беларусі, у беларускай дзяржаве было адмоўлена ў вядзеньні працэсу на беларускай мове. Я заявіў хадайніцтва: калі судзьдзя, які зьяўляецца дзяржаўным службоўцам, не валодае беларускай мовай, ён мусіць выклікаць перакладчыка. Судзьдзя Млечка пайшоў раіцца, праз хвілін 15 вярнуўся.

Ведаеце, да якога цынізму дайшло: маё хадайніцтва ён адхіліў на падставе таго, што я, просты грамадзянін Рэспублікі Беларусь, павінен валодаць дзьвюма дзяржаўнымі мовамі! А ён, судзьдзя, дзяржаўны службовец, значыць, не павінен ведаць дзьве дзяржаўныя мовы і адказваць на той мове, на якой да яго зьвяртаюцца?

Я адмовіўся ўдзельнічаць у працэсе, прымусіў занесьці фармулёўку судзьдзі ў пратакол, адзначыць, што грубым чынам парушаная Канстытуцыя і зьняважаная мая нацыянальная годнасьць».

Алесь Чахольскі напісаў скаргу ў суд і хоча прыцягнуць судзьдзю Андрэя Млечку да крымінальнай адказнасьці за зьнявагу нацыянальнай годнасьці. Судовы працэс працягваецца без Чахольскага.

Якое будзе вынесена рашэньне, Свабода паведаміць пазьней.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG