Рашэньне падчас галасаваньня, якое адбылося 9 студзеня, падтрымалі 415 чальцоў палаты, супраць выступілі двое.
Палата «падтрымлівае людзей Ірану, якія ўдзельнічаюць у законных і мірных пратэстах супраць рэпрэсіўнага, карумпаванага рэжыму», і асуджае «сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ў дачыненьні да іранскага народу», гаворыцца ў рэзалюцыі.
Дакумэнт таксама заклікаў адміністрацыю прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прыняць новыя санкцыі супраць парушальнікаў правоў чалавека ў Іране.
«Мы падтрымліваем іранскіх людзей і павінны растлумачыць, што яны не зьяўляюцца мэтай нашых санкцыяў. Санкцыі ЗША накіраваныя на жорсткі, дэстабілізуючы рэжым, а не на народ Ірану», — сказаў старшыня камітэту па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Эд Ройс.
9 студзеня іранскі дэпутат паведаміў, што каля 3,7 тысячы чалавек арыштаваныя падчас антыўрадавых пратэстаў, а духоўны лідэр краіны аятала Алі Хамэнэі заявіў, што Тэгеран прадухіліў спробы ЗША і Вялікай Брытаніі разгайдаць сытуацыю ў Іране.
Дэпутат-рэфарміст Махмудам Садэгі лічыць, што колькасьць арыштаваных нашмат вышэйшая, чым лічбы, абнародаваныя ўладай.
Цяперашнія антыўрадавыя выступы ў Іране — найбольш маштабныя з 2009 году. Яны пачаліся 28 сьнежня пад эканамічнымі лёзунгамі, аднак неўзабаве іх зьмянілі палітычныя, накіраваныя супраць кіраўніцтва краіны і рэжыму ісламскай рэспублікі. Улады абвінавачваюць замежныя сілы ў падбухторваньні да пратэстаў і блякуюць сацсеткі, каб перашкодзіць распаўсюджваньню інфармацыі пра акцыі. Падчас пратэстаў загінулі сама меней 22 чалавекі.