Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ паведамляюць пра затрыманьне ў Іране былога прэзыдэнта Ахмадзінэжада


Іранскія СМІ паведамляюць, што былога прэзыдэнта гэтай краіны Махмуда Ахмадзінэжада затрымалі за падтрымку антыўрадавых пратэстаў, якія цягнуцца ўжо тыдзень.

З такой інфармацыяй, якую распаўсюдзілі іншыя СМІ, выступіла газэта «Аль-Кудс аль-Арабі» са спасылкай на крыніцы ў Тэгеране.

Па вэрсіі выданьня, Ахмадзінэжад быў затрыманы з санкцыі Вярхоўнага кіраўніка і духоўнага лідэра Ісламскай Рэспублікі аяталы Алі Хамэнэі падчас візыту ў горад Шыраза. Прычынай, як сьцьвярджае газэта, былі заявы палітыка на антыўрадавых пратэстах, якія ў Тэгеране разглядаюць як заклік да «распальваньня беспарадкаў».

Як піша «Аль-Кудс аль-Арабі», экс-прэзыдэнт, выступаючы ў мінулы чацьвер перад удзельнікамі мітынгу ў Бушэры на поўдні Ірану, заявіў, што «некаторыя зь дзеючых чыноўнікаў жывуць далёка ад праблем людзей і нічога яе ведаюць аб рэальнай сытуацыі ў грамадзтве». Ён таксама адзначыў, што «людзі незадаволеныя гэтым урадам (на чале з прэзыдэнтам Хасанам Рухані)», абвінаваціўшы яго ў манаполіі ўлады і рэсурсамі.

Афіцыйнага камэнтара з Тэгерану пакуль не было.

Пратэсты ў Іране распачаліся ў першую чаргу супраць эканамічных цяжкасьцяў моладзі і рабочых, але хутка перарасьлі ў выступы супраць палітыкі ўладаў і супраць прывілеяў эліты, якую дэманстранты называюць адарванай ад народу.

Улада ў Іране — пяты дзень запар — праводзіла праўрадавыя мітынгі, якія падрабязна асьвятляліся дзяржаўнымі СМІ, у прыватнасьці і 7 студзеня 2018 году. У гэты ж дзень іранскі парлямэнт правёў адмысловую сэсію за зачыненымі дзьвярыма для абмеркаваная антыўрадавых акцый пратэсту.

XS
SM
MD
LG