Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранскія пратэсты ў фактах і цытатах


Сутыкненьні студэнтаў-маніфэстантаў з паліцыяй каля тэгеранскага ўнівэрсытэту, 30 сьнежня 2017
Сутыкненьні студэнтаў-маніфэстантаў з паліцыяй каля тэгеранскага ўнівэрсытэту, 30 сьнежня 2017

Ужо шосты дзёнь у Іране прыцягваюцца масавыя акцыі пратэсту. Яны пачаліся з выказваньня сацыяльнай незадаволенасьці, але ў хуткім часе набылі палітычную афарбоўку. Падчас пратэстаў ужо загінулі 20 чалавек. Нагадаем, што адбывалася падчас гэтых пратэстаў, хто і якія заявы рабіў падчас гэтага палітычнага крызісу.

«Яечны пратэст»: пачатак і працяг

Дэманстрацыі ў Іране пачаліся ў 28 сьнежня 2017 году ў горадзе Мэшгэдзе з пратэсту супраць падаражэньня курыных яек на працягу тыдня.

У наступныя дні пратэсты распаўсюдзіліся на ўсю краіну, у іх узялі ўдзел дзясяткі тысячаў чалавек, хутка пратэсты набылі палітычную афарбоўку.

Маніфэстанты незадаволеныя інфляцыяй (8.5% у год), уладай ісламскага духавенства і высокімі выдаткамі на зьнешнепалітычныя праекты.

Якія лёзунгі скандзіруюць дэманстранты?

«Вызваліць палітвязьняў»

«Сьмерць дыктатару»

«Ня Газа, не Лібан, маё жыцьцё — Іран!»

«Пакіньце Сырыю, падумайце пра нас!»

«Мулы, майце сорам, пакіньце краіну ў спакоі!»

«Няхай жыве Рэза Шах!»

Апошні заклік парушае даўнія табу, устаноўленыя ў краіне. Дынастыя шахаў Пэхлеві кіравала Іранам з 1925 году і была зрынутая ў выніку рэвалюцыі ў 1979 годзе, калі лідэрам Ісламскай Рэспублікі стаў аятала Рухала Хамэйні.

Ахвяры сутыкненьняў

Паводле дадзеных на 2 студзеня, прынамсі 20 маніфэстантаў загінулі ў розных гарадах падчас пратэстаў, загінуў таксама адзін паліцыянт.

30 сьнежня падчас пратэстаў у Тэгеране былі затрыманыя 200 чалавек, 40 зь якіх улады назвалі «правадырамі незаконных сходаў». За апошнія некалькі дзён пад арышт патрапілі больш за 450 чалавек.

Эксцэсы

У горадзе Араку, у цэнтральнай частцы Ірану, пратэстоўцы падпалілі штаб-кватэру праўладнай арганізацыі Басідж — іранскага паўвайсковага апалчэньня, якое ўваходзіць у склад Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі.

У Мэшгэдзе, другім па велічыні горадзе Ірану, зь якога пачаліся пратэсты, дэманстранты спалілі паліцэйскі матацыкл.

Instagram і Telegram — ворагі рэжыму

31 сьнежня, на чацьверты дзень пратэстаў доступ у Іране да гэтых дзьвюх сацыяльных сетак быў заблякаваны. Улады Ірану патлумачылі сваё рашэньне тым, што блякаваньне патрэбнае «для падтрыманьня міру і бясьпекі грамадзянаў».

У Іране Тэлеграм — самы папулярны мэсэнджэр. Ім карыстаецца да паловы насельніцтва.

Менавіта Тэлеграм быў выкарыстаны, каб склікаць людзей на дэманстрацыі пратэсту.

Пратэст моладзі ў маладой краіне

27,5% насельніцтва — маладзейшыя за 11 гадоў, насельніцтва ва ўзросьце ад 11 да 24 гадоў складае траціну насельніцтва.

Беспрацоўе сярод моладзі складае 40%.

На якім эканамічным фоне адбываюцца пратэсты?

За апошні час цэны на многія асноўныя прадукты харчаваньня вырасьлі ў Іране на 40%. Паводле Цэнтрабанку краіны, інфляцыя складае каля 10%. Беспрацоўе ў гэтым фінансавым годзе склала 12,4%. Паводле зьвестак пэрсыдзкай службы BBC, сярэдні іранец за апошнія 10 гадоў стаў на 15% бяднейшым.

ХТО ШТО СКАЗАЎ

Кіраўніцтва Ірану

Духоўны лідэр Ірану Алі Хамэнэі

«У апошнія дні ворагі Ірану выкарыстоўвалі розныя інструмэнты, у тым ліку грошы, зброю, палітыку і разьведку для стварэньня праблемаў у Ісламскай рэспубліцы».

Прэзыдэнт Ірану Хасан Рухані

«Наш народ сутыкнуўся з гэтай меншасьцю, якая выкрыквае лёзунгі супраць закона і жаданьня людзей і абражае сьвятыні і каштоўнасьці рэвалюцыі»

Ён асудзіў праявы гвалту і пашкоджаньні грамадзкай уласнасьці, аднак заклікаў урад «ствараць магчымасьці для законнай крытыкі і пратэстаў». Ён таксама назваў Іран свабоднай краінай, у якой кожны мае права на ўласнае меркаваньне.

Віцэ-прэзыдэнт Ірану Эсхак Джахангір

Некаторыя інцыдэнты ў краіне ў гэтыя дні здараюцца з нагоды эканамічных праблемаў, але, падобна, за імі стаіць нехта яшчэ. Яны думаюць, што гэтым нашкодзяць ўраду, але будуць іншыя, хто асядлаць хвалю.

Сакратар Вышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану Алі Шамхані

За арганізацыяй пратэстаў стаяць улады ЗША, Брытаніі і Саудаўскай Аравіі.

Міністар сувязі Ірану Мухамад-Джавад Азары Джахрамі

Telegram — контрарэвалюцыйны канал, ён заахвочвае выкарыстаньне кактэйляў Молатава, збройны чын і сацыяльныя беспарадкі.

Міністар унутраных справаў Ірану Абдулрэза Рахман-Фазьлі

Тыя, хто псуе грамадзкую маёмасьць, парушае грамадзкі парадак і закон, павінныя адказаць за свае паводзіны і заплаціць за гэта. Мы адкажам на гэтае распаўсюджваньне гвалту, страху і тэрору.

Прадстаўнік МЗС Ірану

Іранскі народ не нясе адказнасьці за хлусьлівыя выказваньні афіцыйных асобаў ЗША

Рэакцыя ЗША

Дональд Трамп, прэзыдэнт ЗША

«Дэспатычныя рэжымы ня могуць існаваць вечна, і надыдзе дзень, калі іранскі народ апынецца перад выбарам. Сьвет чакае!»

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майкл Пэнс

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ня будзе ігнараваць «гераічны супраціў іранскага народу, які вядзе барацьбу з жорсткім рэжымам». Улады ЗША акажуць падтрымку пратэстоўцам.

Дзярждэпартамэнт ЗША

«Улады Ірану ператварылі багатую краіну з багатай гісторыяй і культурай у эканамічна занядбаную дзяржаву-ізгоя, галоўнымі экспартнымі таварамі якой зьяўляюцца гвалт, кровапраліцьце і хаос.

Злучаныя Штаты рашуча асуджаюць арышт мірных дэманстрантаў. Мы заклікаем усе краіны адкрыта падтрымаць іранскі народ і яго патрабаваньні выконваць неад’емныя правы чалавека і пакласьці канец карупцыі».

Рэакцыя Эўразьвязу і Расеі

Міністар замежных спраў Нямеччыны Зыгмар Габрыэль

«Я вельмі занепакоены апошнімі падзеямі ў Іране, паведамленьнямі аб новых ахвярах сярод дэманстрантаў і шматлікіх затрыманьнях. Мы заклікаем іранскі ўрад паважаць правы пратэстоўцаў на сходы і свабоднае і мірнае выказваньне сваіх меркаваньняў. Пасьля канфрантацыі мінулых дзён вельмі важна ўстрымацца ад гвалтоўных дзеяньняў»

Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Борыс Джонсан

«Брытанія шкадуе аб гібелі людзей падчас пратэстаў у Іране. Заклікаем усе зацікаўленыя бакі ўстрымацца ад гвалту. Неабходна выконваць міжнародныя абавязаньні па правах чалавека».

МЗС Францыі

«Улады Францыі ўважліва сочаць за разьвіцьцём сытуацыі ў Іране. У гэтай сувязі Францыя нагадвае, што права на маніфэстацыі — адно з фундамэнтальных правоў, як і магчымасьць распаўсюджваць інфармацыю. Францыя выказвае сваю заклапочанасьць вялікай колькасьцю ахвяраў і арыштаў у Іране»

Прадстаўніца зьнешнепалітычнай службы Эўразьвязу Кэтрын Рэй

«Мы падтрымліваем кантакты з іранскімі ўладамі. Мы чакаем, што права на мірныя дэманстрацыі і свабода выказваньня меркаваньняў будуць гарантаваныя, як заяўляў прэзыдэнт Рухані»

МЗС Расеі

«Гэта ўнутраная справа Ірану. Выказваем надзею, што сытуацыя ня будзе разьвівацца па сцэнары гвалту і кровапраліцьця. Недапушчальнае зьнешняе ўмяшаньне, якое дэстабілізуе становішча».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG