Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты ў Іране цяпер і дзевяць гадоў таму: пяць галоўных адрозьненьняў


Упершыню маштабныя антыўрадавыя пратэсты ў пасьлярэвалюцыйным Іране прайшлі ў 2009 годзе. Тады людзі выйшлі на вуліцы пасьля абвяшчэньня ЦВК аб пераабраньні прэзыдэнтам непапулярнага сярод іранцаў Махмуда Ахмадзінэжада.

Вуліцы запоўнілі мільёны людзей, а самі пратэсты пазьней атрымалі назву «Зялёная рэвалюцыя».

Пратэстуючых разганяла Басіджы — баявікі арганізацыі, якая падпарадкоўваецца аятале Хамэнэі. Яны адкрывалі агонь па людзях і распылялі сьлезацечны газ. У пратэстах загінулі дзясяткі людзей, сотні — трапілі ў турму, дзе падвергліся жорсткім катаваньням.

Дэмаграфія пратэсту

У 2009 годзе асноўныя пратэсты праходзілі ў некалькіх найбуйнейшых іранскіх гарадах, а на вуліцы пераважна выходзілі людзі сярэдняга ўзросту, прадстаўнікі інтэлектуальнай эліты і палітычнай апазыцыі. У дні найбольшага напалу ў адносна лібэральным Тэгеране, адкуль і пайшла хваля пратэстаў, зьбіралася да некалькіх мільёнаў чалавек.

У гэтым жа годзе пратэсты ўспыхнулі адначасова ў многіх адносна невялікіх гарадах, але іх колькасьць на парадак пераўзыходзіць «Зялёную рэвалюцыю». У самым Тэгеране акцыі праходзяць у розных частках горада нескардыянавана. Маштабы кожнай акцыі не такія вялікія, але дакладныя дадзеныя аб колькасьці ўдзельнікаў у розных гарадах атрымаць немагчыма.

Сёньняшнія пратэсты пачаліся з аднаго з самых кансэрватыўных гарадоў Ірана — Машхада. Людзей, якія выйшлі на вуліцы, нельга аб’яднаць у адну катэгорыю, хаця вялікая частка пратэстуючых, па афіцыйных дадзеных — моладзь. У пратэстах удзельнічаюць людзі розных сацыяльных і палітычных праслоек: беспрацоўныя, прадстаўнікі сярэдняй клясы, фэрмэры, інтэлектуалы, студэнты, бізнэсоўцы, людзі за мяжой беднасьці. З правінцый таксама прыходзяць паведамленьні, што некаторыя з вартавых Ісламскай Рэвалюцыі пераходзяць на бок пратэстоўцаў.

Пазасыстэмныя

Пратэсты 2009 года мелі перад сабой адзіную выразную мэту — адмену вынікаў выбараў, па якіх перамагаў Ахмадзінэжад. Лідэры «Зялёнай рэвалюцыі» патрабавалі прывесьці да ўлады кандыдата-рэфарматара Мір-Хасэйна Мусаві, які абяцаў больш сацыяльных і палітычных свабодаў для іранцаў. Тым ня менш, гэтыя патрабаваньні заставаліся ў рамках сыстэмы «ісламскай» рэспублікі.

Нягледзячы на тое, што ў сьнежні 2017, калі пачаліся пратэсты, адпраўной кропкай была незадаволенасьць рэзкім павелічэньнем цэн на базавыя прадукты харчаваньня, эканамічны фактар хутка перайшоў у палітычную плоскасьць. Зараз на вуліцах часьцей чуваць лёзунгі «Далоў дыктатара», «Сьмерць Рухані», «Сьмерць Хамэнэі», які знаходзіцца ва ўладзе з 1989 года і лічыцца магутнейшым за прэзыдэнта.

Але прынцыповае адрозьненьне новай хвалі пратэстаў — патрабаваньне рэфармаваць палітычную сыстэму краіны, адмова ад «ісламскай» рэспублікі. Частка пратэстуючых нават хоча аднавіць манархію, якую зрынулі ў ходзе Ісламскай рэвалюцыі 1979 года.

Лідэры і адзінства пратэсту

Асновай «Зялёнай рэвалюцыі» былі прыхільнікі рэфармісцкага палітычнага руху двух кандыдатаў у прэзыдэнты: Мэхдзі Карубі, які выступаў за больш блізкае супрацоўніцтва з Захадам і абарону правоў чалавека, і іранскага архітэктара і журналіста Мір-Хасэйна Мусаві, які выступаў за адмену ісламскай паліцыі нораваў і лібэралізацыю інфармацыйнай прасторы. Патрабаваньні пратэстуючых знаходзіліся ў рамках перадвыбарнай плятформы кандыдатаў. Зараз абодва палітычных дзеячы з 2011 года знаходзяцца пад хатнім арыштам.

Хасэін Мусаві
Хасэін Мусаві

Зараз пратэст іранцаў збольшага хаатычны: няма адзіных лідэраў і адзіных патрабаваньняў да ўладаў, акрамя аддзяленьня сьвецкай улады ад рэлігійнай. У адным горадзе могуць незалежна адзін ад аднаго пратэставаць групы з рознымі патрабаваньнямі. Але некаторыя маршы, відэа якіх трапляюць у навінавыя стужкі, выглядаюць скаардынаванымі з выразнымі лёзунгамі.

Рэформа супраць традыцыі

У пратэстах 2009 года прасочвалася дакладнае супрацьстаяньне палітычных сілаў. Ва ўлады ў краіне заставаліся кансэрватары. Палітыка і рэзкія манэры дзеючага прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэжада раздражнялі ня толькі апазыцыю, але і частку духавенства, што і паслужыла глебай для адзінага пратэсту.

Дзеючы прэзыдэнт Ірана Хасан Рухані (пры галоўнай ролі аяталы Хамэнэі) выступае ў якасьці палітыка з адносна памяркоўнымі поглядамі, які спрабуе балянсаваць паміж прыхільнікамі рэформаў і рэлігійнымі кансэрватарамі.

Палітолягі лічаць, што выбарцы Рухані расчароўваюцца ў ім, паколькі зьняцьце шматгадовых санкцый з Ірана ў рамках ядзернай зьдзелкі ў 2015 годзе так і не прынесла чаканага паляпшэньня жыцьця ў краіне.

Твітэр супраць телеграма

У абодвух пратэстах вялікую ролю граюць сацыяльныя сеткі. У 2009 годзе, як і падчас падзей Арабскай вясны ў 2011-м, асноўнымі каналамі распаўсюджваньня інфармацыі пра рэпрэсіі і мітынгах былі твітэр і ютуб.

З дапамогай сацыяльных сетак іранцы ня толькі каардынавалі акцыі паміж сабой, але і маглі перадаць сьвету інфармацыю пра тое, што сапраўды адбывалася ў закрытай краіне.

Зараз твітэр у Іране заблякаваны, але людзі працягваюць ім карыстацца праз VPN-сэрвісы, нават у вярхоўнага лідэра ёсьць афіцыйны акаўнт. Варта памятаць, што ў 2009 годзе толькі ў мільёна іранцаў быў доступ да інтэрнэту і сацыяльных сетак.

Падчас цяперашніх пратэстаў інтэрнэтам у Іране карыстаюцца звыш 48 мільёнаў чалавек, у 40 мільёнаў усталяваны телеграм. Іншая папулярная сацыяльная сетка, у якой іранцы дзеляцца навінамі ў абыход урадавай цэнзуры — інстаграм. Але праз чатыры дні пасьля пачатку пратэстаў улады заблякавалі доступ да абедзьвюх сацыяльных сетках. Зараз яны па-ранейшаму недаступныя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG