Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 падзей 2018 году, пра якія варта памятаць


Выбары ў мясцовыя саветы, сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР, выбары прэзыдэнта Расеі і іншае. Свабода анансуе восем важных падзеяў для Беларусі і беларусаў у 2018 годзе.

Студзень. Павелічэньне базавай велічыні

Памер базавай велічыні вырас з 1 студзеня. Цяпер замест 23 рублёў яна складае 24 рублі 50 капеек. Ад базавай велічыні залежыць памер стыпэндый, некаторых відаў фінансавай дапамогі і падаткаў.

Аднак найбольш адчувальным для беларусаў павелічэньне базавай велічыні будзе ў галіне штрафаў. Напрыклад, у 2018 годзе штраф за безьбілетны праезд (0,5 б. в.) вырасьце з 11 рублёў 50 капеек да 12 рублёў 25 капеек. Штрафы, якія вымяраюцца дзясяткамі базавых велічынь, павялічацца значна больш.

Папярэдні раз «базавая» павялічвалася роўна год таму — 1 студзеня 2017 году. Тады яна вырасла адразу на 2 рублі — з 21 да 23.

Люты. Выбары ў мясцовыя саветы

2018 год у Беларусі стане годам правядзеньня выбараў у мясцовыя саветы, яны адбудуцца 18 лютага.

Нягледзячы на некаторыя прагнозы палітолягаў, улады не плянуюць сумяшчаць мясцовыя выбары з рэфэрэндумам і пазачарговымі выбарамі прэзыдэнта. Палітычныя партыі і рухі актыўна ўключыліся ў выбарчую кампанію яшчэ ў канцы восені 2017-га. Аднак чакаць, што выбары 18 лютага будуць праходзіць паводле нейкага нечаканага сцэнару, не выпадае.

«Мяркуючы па папярэдніх выніках, сюрпрызаў тут не бывае, — гаворыць палітоляг Дзяніс Мельянцоў. — Яны, па-першае, ня вельмі значныя. Па-другое, яўка невялікая. Па-трэцяе, цікавасьць апазыцыі хоць і ёсьць, але ў параўнаньні з парлямэнцкімі выбарамі яна кволая. Калі мы паглядзім, колькі апазыцыйных кандыдатаў вылучана, то пабачым, наколькі малая лічба ў агульным памеры. Пры аптымістычным падліку апазыцыйных кандыдатаў будзе некалькі тысяч пры 18 зь лішкам тысячах мандатаў. Нават калі яны ўсе перамогуць, то значных пераменаў ажыцьцявіць ня здолеюць... Хоць можна сказаць, што на мясцовых выбарах улады часам ідуць на тое, каб паслабіць гайкі».

Дар'я Домрачава
Дар'я Домрачава

Люты. Алімпіяда ў Пхёнчхане

Зімовыя Алімпійскія гульні 2018 году пройдуць у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане з 9 па 25 лютага.

Мінулая «белая» Алімпіяда ў Сочы стала адной з самых пасьпяховых для Беларусі за ўсю гісторыю — краіна атрымала ў сваю скарбонку пяць залатых мэдалёў і адзін бронзавы, што дазволіла заняць восьмае месца ў агульным заліку. Гэта стала магчымым шмат у чым дзякуючы намаганьням біятляністкі Дар’і Домрачавай, якая заваявала тры залатыя мэдалі.

Ці здолее беларуская алімпійская каманда паўтарыць посьпех? Гэта будзе шмат у чым залежаць ад той жа Домрачавай, якая вярнулася ў зборную пасьля нараджэньня дачкі, аднак пакуль не набыла сваю ранейшую спартовую форму.

«Вельмі складана будзе паўтарыць дасягненьні Сочынскай алімпіяды, — гаворыць кіраўнік спартовага парталу by.tribuna.com Максім Беразінскі. — Там вельмі шмат чаго атрымалася. Фантастычныя супадзеньні і шанцаваньне. Надзея на мэдалі, па сутнасьці, ёсьць толькі ў біятлёне і фрыстайле. Аднак у тым жа фрыстайле канкурэнцыя пастаянна павялічваецца і будзе вельмі складана разьлічваць на такі ж вынік. Таму думаю, што калі ў беларускай зборнай у Пхёнчхане будзе 1-2 мэдалі, то можна будзе радавацца і пляскаць у ладкі».

Сакавік. Выбары прэзыдэнта Расеі

18 сакавіка адбудзецца падзея міжнароднага маштабу, якая можа моцна паўплываць на ўнутрыбеларускія працэсы. Гаворка пра выбары прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі.

Справа нават ня ў тым, хто пераможа (найбольшы рэйтынг у Пуціна (каля 60%), рэйтынг ягоных апанэнтаў не перавышае некалькіх працэнтаў). У канцы 2017 году расейскія ўлады адмовіліся рэгістраваць у якасьці кандыдата самага вядомага апанэнта Пуціна — Аляксея Навальнага. Гэтае рашэньне выклікала хвалю пратэстаў па ўсёй Расеі. Штаб Навальнага пры гэтым не выключае правядзеньня агульнарасейскай акцыі пратэсту ў дзень выбараў. Чым яна можа скончыцца, можна толькі здагадвацца.

«Звычайна ў пэрыяд, які папярэднічае прэзыдэнцкім выбарам, расейскія ўлады стараюцца нейкім чынам загладзіць канфлікты ў двухбаковых дачыненьнях, — гаворыць палітоляг Дзяніс Мельянцоў. — Паказаць, што ёсьць краіны, якія да Расеі ставяцца прыхільна, што яна застаецца полюсам прыцягненьня для постсавецкага сьвету. Канфлікты, якія існуюць у стасунках паміж краінамі, прыглушаюцца і разгараюцца з новай сілай пасьля іх. Таму, хутчэй за ўсё, мы можам чакаць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі нейкага абвастрэньня ў стасунках паміж Масквой і Менскам. Тым больш што праблем шмат: у гандлі, у транзыце беларускіх нафтапрадуктаў; магчыма, зноў узьнікне пытаньне расейскай вайсковай базы».

Сакавік. Сьвяткаваньне 100-годзьзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР

Яго будуць адзначаць 25 сакавіка 2018 году. Сьвяточная гадавіна прыпадае на нядзелю, можна прадбачыць, што апазыцыйныя партыі і рухі арганізуюць традыцыйную дэманстрацыю і мітынг.

Леташні мітынг да Дня Волі быў разагнаны праваахоўнымі органамі, на вуліцах Менску затрымалі каля 700 чалавек.

Якім будзе юбілейны Дзень Волі ў Менску, сказаць пакуль цяжка — праграмы сьвяткаваньняў няма. Вядома, што дзяржаўныя ўстановы, напрыклад Акадэмія навук, ладзяць навукова-практычныя канфэрэнцыі пра ролю БНР у гісторыі Беларусі. Незалежныя арганізацыі і інстытуты, несумненна, таксама будуць адзначаць 100-гадовы юбілей абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Фармат сьвяткаваньняў стане вядомы бліжэй да сьвяточнай даты, а сама яна, безумоўна, цягне на самую важную падзею 2018 году.

Красавік-травень. Меркаваны пачатак суду ў справе Аляксандра Коржыча

Трагічная сьмерць вайскоўца тэрміновай службы зь Пінску Аляксандра Коржыча ў барысаўскіх Печах стала адной з самых гучных падзей мінулага году. Яе не прамінуў сваёй увагай кіраўнік краіны, які прызнаўся, што дазволіў сачыць за ходам расьсьледаваньня маці загінулага салдата Сьвятлане.

Што зьмянілася ў войску пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча

Апошняя на гэты момант афіцыйная інфармацыя аб ходзе расьсьледаваньня зьяўлялася ў канцы кастрычніка, тады старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў, што на целе Аляксандра Коржыча не было знойдзена сьлядоў барацьбы альбо іншых пашкоджаньняў, акрамя сьледу ад пятлі.

Па стане на канец сьнежня СК новай інфармацыі аб ходзе расьсьледаваньня справы Аляксандра Коржыча не даваў. Таму дакладна невядома, на якой стадыі яно знаходзіцца.

«Новы сьледчы сказаў, што хоча сустрэцца». Як ідзе расьсьледаваньне суіцыдаў у войску

Ранейшыя выпадкі сьмерці вайскоўцаў тэрміновай службы расьсьледаваліся прыкладна 5-6 месяцаў, таму зь вялікай доляй верагоднасьці можна меркаваць, што суд у справе Коржыча можа пачацца ўжо ў другой палове вясны. Гэты працэс можа стаць самым гучным у 2018 годзе. Абвінавачваньні паводле розных артыкулаў прад’яўленыя прыкладна 15 асобам.

Лістапад. Дзіцячая «Эўравізія» пройдзе ў Менску

Восень 2018 году пакуль не асабліва напоўненая падзеямі.

З таго, што вядома ўжо сёньня, можна адзначыць хіба правядзеньне ў Менску дзіцячага конкурсу «Эўравізія» ў лістападзе.

Гэты конкурс ужо аднойчы праводзіўся ў Беларусі — у 2010 годзе. Можна меркаваць, што сёлета ён адбудзецца ў самай вялікай і вядомай канцэртнай залі краіны, на «Менск-Арэне», і, дзякуючы 5-дзённаму бязьвізаваму рэжыму, прыцягне яшчэ больш гасьцей з замежжа. Калі не ўлічваць «Славянскі базару», дзіцячая «Эўравізія» ў 2018 годзе можа стаць самай прыкметнай афіцыйнай падзеяй у галіне культуры.

Сьнежань. Сярэдні заробак і курс даляра

Ці дасягне сярэдні заробак беларусаў памеру «па 500» у 2018 годзе? Яшчэ ў канцы восені кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка казаў, што так. Аднак 18 сьнежня міністарка працы Ірына Касьцевіч паведаміла, што ў 2018 годзе заробкі дарастуць да сярэдняга памеру 921-941 рубель. Пры гэтым можа так атрымацца, што курсы валют за ўвесь 2018 год зьменяцца нязначна.

«Я нейкага моцнага пагаршэньня сытуацыі на валютным рынку не чакаю, — кажа эканаміст, старшы аналітык кампаніі "Альпары" Вадзім Іосуб. — Паводзіны каманды Нацыянальнага банку ўсяляюць надзею на тое, што новая манэтарная палітыка — гэта ўсур’ёз і надоўга і вяртаньня да актыўнай працы друкарскага станку ня будзе... Палітыка ўзважаная, таму моцных скачкоў курсу рубля таксама не чакаю. Вельмі верагодна, што валютны кошык у 2018 годзе будзе даражаць параўнальна з інфляцыяй».

Такім чынам, на думку экспэрта, у канцы 2018 году курс даляра ў Беларусі (пры ўмове, што яго курс у дачыненьні эўра і расейскага рубля таксама моцна ня зьменіцца) будзе роўным прыкладна 2 рублям 20 капейкам, а сярэдні заробак складзе каля 422 даляраў — як у лістападзе 2017-га.

XS
SM
MD
LG