Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці загінулага салдата Коржыча: У экспэртызе «ні слова пра пабоі на целе Сашы»


Сьвятлана Коржыч
Сьвятлана Коржыч

Сьвятлана Коржыч, маці салдата Аляксандра Коржыча, які загінуў у вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам, расказала сайту «Медиа-Полесье», што сустракалася з кіраўнікамі пракуратуры і Сьледчага камітэту, прысутнічала на некаторых допытах, і фігуранты справы пачалі даваць паказаньні.

«Пасьля неаднаразовых патрабаваньняў мне паказалі вынікі судмедэкспэртызы, — кажа Сьвятлана Коржыч, — там ні слова пра пабоі на целе Сашы. Копію судмэдэкспертызы мне на рукі даць адмовіліся, яе вынікі мяне не задавальняюць. І я буду настойваць на правядзеньні паўторных экспэртыз, усе бачылі, што ён быў зьбіты».

Сьвятлана Коржыч таксама паскардзілася, што ні ваенкамат, ні органы ўлады за гэты час ні разу не пацікавіліся, як жыве яна і яе маці. «Мы засталіся адны з мамай: мне 52 гады, маме пад 80 гадоў».

Аляксандар Коржыч
Аляксандар Коржыч

Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы. Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17 гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю падвала, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Справа выклікала вялікі рэзананс у грамадзтве і шэраг зьменаў у беларускім войску.

У вайсковых частках усталявалі відэаназіраньне

Пра тое, што на тэрыторыі Печаў будуць усталяваныя камэры відэаназіраньня, 5 лістапада сказаў міністар абароны Андрэй Раўкоў.

«Гэта дапаможа дзяжурным па школах у поўным аб’ёме кантраляваць сытуацыю. Ужо ня будзе такіх месцаў, якія дазволяць стараслужачым салдатам нешта там нядобрае рабіць. У нас у многіх вайсковых частках відэаназіраньне ўжо ўсталяванае, вядзецца ў плянавым парадку», — сказаў Раўкоў.

Аднак суразмоўцы Свабоды зь ліку служачых вучэбкі ў Печах ацэньваюць такую меру скептычна. Маўляў, камэры паўсюль усё адно ўсталяваць немагчыма, і няма гарантыі, што асобы, якія будуць праглядаць відэазапісы, стануць апэратыўна дакладваць кіраўніцтву пра ўсе заўважаныя парушэньні статуту.

У сярэдзіне лістапада ў Печы прыбылі навабранцы, большасьць «старых» вайскоўцаў (у тым ліку і Коржычавы таварышы па службе) разьехаліся па новых частках.

Салдатам дазволілі мабільныя тэлефоны без інтэрнэту і камэры

Аднак толькі самых простых мадэляў (кнопачныя, бяз доступу ў інтэрнэт і фатакамэры) і выключна ў адведзены для гэтага час.

Раней карыстацца мабільнікамі вайскоўцы таксама маглі, у тым ліку навабранцы з «вучэбкі». Аднак усе тэлефоны мусілі захоўвацца ў адмысловым месцы, салдатам іх выдаваў звычайна сяржант.

Новаўвядзеньне можна патлумачыць ня толькі жаданьнем кіраўніцтва часткі спрасьціць для вайскоўцаў камунікацыю з роднымі і сябрамі. Родныя загінулых у войску салдат ня раз казалі, што мабільны тэлефон у арміі часта станавіўся прадметам гандлю і вымагальніцтва з боку стараслужачых. Ім дазвалялі карыстацца толькі за грошы.

Некаторыя вайскоўцы, якія прайшлі праз «вучэбку» ў Печах, згадваюць пра «выкупляньне» ўласных тэлефонаў у сяржантаў.

Печы
Печы

У Печах зьявіліся новыя сяржанты

Пра гэта стала вядома ў сярэдзіне лістапада. Родныя загінулых вайскоўцаў ня раз сьведчылі, што сыстэма нестатутных адносінаў трымаецца акурат на паводзінах сяржантаў.

Большасьць з 15 затрыманых па справе Аляксандра Коржыча — акурат сяржанты. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, усе яны служылі ў 3-й і 307-й школе, а затрыманьні адбываліся на працягу некалькіх тыдняў пасьля сьмерці вайскоўца.

Тым часам сама менш аднаго з затрыманых па справе аб гібелі Коржыча звольнілі з Узброеных сіл. Гаворка пра Артура Вірбала, абвінавачанага ў махлярстве (у яго знайшлі картку Коржыча). Як стала вядома Свабодзе, ён быў звольнены з арміі ў запас 9 кастрычніка, яшчэ да затрыманьня і зьмяшчэньня пад варту.

Сьледчы камітэт распачаў дадатковую праверку ўсіх няшчасных выпадкаў у войску за апошнія 6 гадоў

«Не выключаю, што ў некаторых выпадках рашэньні адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы або спыніць заведзеныя справы будуць скасаваныя, каб іначай паглядзець на тую ці іншую сытуацыю», — сказаў старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч.

Як сказала Свабодзе маці Арцёма Басьцюка, знойдзенага павешаным у барысаўскай вайсковай частцы за 6 месяцаў да сьмерці Коржыча, расьсьледаваньне справы аб сьмерці сына насамрэч аднавілі.

Сям’я Басьцюка ўжо сустракалася з новым сьледчым. Аднак на пэрспэктывы расьсьледаваньня Басьцюкі глядзяць скептычна.

«Мы бачыліся зь ім адзін раз за месяц, які прайшоў з моманту аднаўленьня справы. І, ведаеце, вялікіх надзей сустрэча не прынесла», — кажа Тацяна Басьцюк.

Па яе словах, новае расьсьледаваньне працягнецца да канца студзеня. Калі ня будзе знойдзена новых доказаў, што сьмерць Арцёма Басьцюка мела гвалтоўны характар, справу зноў могуць закрыць.

Усё пра гвалт у войску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG