Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У анэксаваным Расеяй Крыме судзяць 70 крымскататарскіх актывістаў


Ілюстрацыйнае фота. Крымскататарскія актывісты падчас пратэсту ў Сімферопалі, 2014 год

У грамадзкім аб’яднаньні «Крымская салідарнасьць» паведамілі, што 18 сьнежня на тэрыторыі акупаванага Крыму падкантрольныя Расеі суды правядуць слуханьні ў справах ня менш як 70 крымскататарскіх актывістаў, а таксама ў дачыненьні журналіста Міколы Сэмэны. Пра гэта гаворыцца на старонцы аб’яднаньня ў Facebook.

«Па зьвестках праваабаронцаў, за гэтыя дні паступіла 86 заявак (паводле стану на 18:00 17 сьнежня) з просьбай аказаць юрыдычную дапамогу», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле грамадзкага аб’яднаньня, суды пройдуць у Сімферопалі, Белагорску, Алушце, Судаку, Джанкоі, а таксама Чырвонагвардзейскім, Кіраўскім і Савецкім раёнах акупаванага Крыму. Папярэдне вядома, што большасьць спраў падкантрольныя Крамлю суды будуць слухаць паводле расейскага крымінальнага артыкулу пра «Парушэньне вызначанага парадку арганізацыі альбо правядзеньня мітынгу».

Паведамляецца, што ў 18 сьнежня адбудзецца пасяджэньне ў «справе 26 лютага», фігурантаў якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, а таксама слуханьні ў справе аўтара Радыё Свабода і «Крим.Реалии» журналіста Міколы Сэмэны. Яго расейскія ўлады абвінавацілі ў публічных закліках да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі і прысудзілі 2,5 года ўмоўнага тэрміну з выпрабавальным тэрмінам і забаронай займацца публічнай дзейнасьцю. Сам Сэмэна сьцьвярджае, што ў сваіх матэрыялах ён рэалізоўваў права на «свабоднае выказваньне думкі».

Пасьля расейскай анэксіі ў Крыме пачасьціліся масавыя ператрусы ў незалежных журналістаў, грамадзкіх актывістаў, дзеячаў крымскататарскага нацыянальнага руху, чальцоў Мэджлісу крымскататарскага народу, а таксама крымскіх мусульман, якія падазраюцца ў сувязях з арганізацыяй «Хізб ут-Тахрыр».

Украіна і міжнародная супольнасьць неаднаразова заклікалі Расею спыніць перасьлед у анэксаваным ёй Крыме.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG