Спэцыяльны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША па Ўкраіне Курт Волкер сустрэўся ў суботу ў Кіеве зь лідэрамі крымскіх татараў Мустафом Джамілевым, Рэфатам Чубаравым, а таксама вызваленымі пасьля асуджэньня ў анэксаваным Крыме Ільмі Умэравым і Ахтэмэм Чыйгозам.
Пра гэта паведамляе сайт «Крым.Реалии» са спасылкай на фэйсбук кіраўніка Мэджлісу крымскататарскага народу Чубарава. Ніякіх падрабязнасьцяў, аднак, не падаецца.
Волкер, які прыбыў у пятніцу зь неабвешчаным візытам ва Ўкраіну, у той самы дзень сустрэўся з дэпутатамі Вярхоўнай Рады на чале са сьпікерам Андрэем Парубіем. Гутарка была зачыненая для прэсы.
Як напісаў у фэйсбуку дэпутат Мустафа Наем, Волкер «ня можа ўявіць» удзел Расіі ў міратворчай місіі ў Данбасе. Паводле Наема, амэрыканскі дыплямат адзначыў, што міратворцы павінны быць узброеныя і прысутнічаць на ўчастку мяжы паміж Расеяй і Ўкраінай, які цяпер не кантралюецца Кіевам.
Старшыня камітэту Вярхоўнай Рады па замежных справах Ганна Гапко расказала, што Волкер пацьвердзіў зацікаўленасьць ЗША ў аднаўленьні тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны Яна таксама паведаміла, што яму былі перададзеныя лісты ад «сваякоў палітвязьняў Крамля з Крыму і ваеннапалонных Данбасу».
Паводле ўдзельнікаў сустрэчы, прадстаўнік ЗША чакае прыняцьця рэзалюцыі ААН па міратворчай місіі ў Данбасе да канца году.
Таксама ў пятніцу на закрытых перамовах Курт Волкер і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка абмеркавалі пытаньне аб вызваленьні ўкраінскіх грамадзянаў, якія апынуліся ў закладніках на тэрыторыі Расеі і ў падкантрольных прарасейскім сэпаратыстам раёнах на ўсходзе Ўкраіны.