Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому фігуранту «справы патрыётаў» Бяляўскаму прад’явілі новае абвінавачваньне


Андрэй Бяляўскі, архіўнае фота

Андрэю Бяляўскаму, супраць якога была заведзеная крымінальная справа за захоўваньне патрона, прад’яўленае абвінавачваньне паводле часткі 2 артыкулу 295 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Незаконныя выраб, набыцьцё, перадача ў валоданьне, збыт, захоўваньне, перавозка, перасылка або нашэньне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і г.д.).

Пра гэта Бяляўскі паведаміў сябрам 12 сьнежня, пасьля чарговага допыту ў Сьледчым камітэце, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Магчымае пакараньне па гэтым артыкуле — папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да трох месяцаў, ці абмежаваньне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленьне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі.

Як раней прызнаў сам Андрэй Бяляўскі, у яго сапраўды быў баявы патрон калібру 7.62 мілімэтра ад аўтамата Калашнікава, які знайшлі яшчэ ў сакавіку, падчас вобшуку пры затрыманьні. Патрон ляжаў у шуфлядзе даўно, як сувэнір, выкарыстоўваць яго па прызначэньні Андрэй не зьбіраўся.

Пра завядзеньне крымінальнай справы супраць мастака-дызайнэра Андрэя Бяляўскага стала вядома 4 сьнежня.

Праваабаронцы зь «Вясны» паведамлялі, што акрамя крымінальнай справы на Андрэя Бяляўскага, заведзеныя яшчэ дзьве справы на былых фігурантаў «справы патрыётаў» (справы «Белага лёгіёну»), таксама паводле артыкулу 295 пра незаконнае абарачэньне і захоўваньне боепрыпасаў. Прозьвішчы іх пакуль не вядомыя, у Сьледчым камітэце адмовіліся камэнтаваць гэтыя зьвесткі.

Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў

Па справе «Белага лёгіёну» Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 28 сакавіка 2017 году і абвінавачаны паводле часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу («Навучаньне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Адпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе 2 чэрвеня.

27 лістапада Сьледчы камітэт Беларусі спыніў крымінальны перасьлед усіх фігурантаў справы так званага «Белага легіёну».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG