Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашы людзі ў Галівудзе: беларуска з Warner Brothers пра справу Вайнштэйна знутры


Таня Макаед. За кулісамі тэлешоў Gilmore Girls ў студыі Warner Bros.. Фота з прыватнага архіву.
Таня Макаед. За кулісамі тэлешоў Gilmore Girls ў студыі Warner Bros.. Фота з прыватнага архіву.

22 гады таму 16-гадовая Тацяна Макаед разам з бацькамі пераехала ў ЗША. Шматдзетная сям’і простых рабочых зь Ляхавічаў выправілася за акіян у пошуках лепшага жыцьця. Было вельмі ня проста, але Тацяна перакананая, што амэрыканская мара па-ранейшаму дасягальная.

Цяпер Тацяна Макаед жыве ў Лос-Анжэлесе, працуе ў Галівудзе. Яна адказная за разьвіцьцё спэцыяльных праектаў на кінастудыі Warner Bros.. Праз рукі Тацяны праходзяць усе кантракты, якія заключае кінастудыя. Тацяна без запінкі гаворыць па-беларуску, часам усё ж устаўляе словы па-ангельску. Найперш я пытаюся Тацяну Макаед пра тое, як паўплывала на працу самых розных людзей у Галівудзе справа Вайнштэйна, і як знутры глядзяць на шматлікія абвінавачваньні ў сэксуальных дамаганьнях.

Верасень 2014 году. Таня Макаед у праскім офісе Свабоды.
Верасень 2014 году. Таня Макаед у праскім офісе Свабоды.

Праблема сэксуальных дамаганьняў тычыцца кожнай жанчыны

— Чалавекам года, па вэрсіі амэрыканскага часопіса Time, стаў «парушальнік маўчаньня», то бок група людзей, якія парушылі сваё маўчаньне адносна сэксуальных дамаганьняў. Ведаю, што вы працавалі з кантрактамі для галівудзкіх селебрыті на розных кінастудыях. Вы напэўна добра ведаеце знутры тое, што адбываецца ў амэрыканскай кінаіндустрыі. Апошнім часам шмат абмяркоўваецца ў сьвеце справа Вайнштэйна, і шэраг гучных скандалаў і абвінавачваньняў у сэксуальных дамаганьнях пасьля яе. Які ваш погляд на гэтую зьяву?

— Гэтая тэма закранае ня толькі Галівуд, яна закранае ўвесь сьвет, таму што гэта праблема, якая тычыцца амаль кожнай жанчыны. Яна і мяне вельмі пэрсанальна тычыцца. Гэтая тэма вельмі горача абмяркоўваецца ў розных колах, уключаючы і Галівуд. Калі гэта здарылася, быў шок ня столькі ад таго, што гэта здарылася, а ад таго, што гэта быў за чалавек. Вайнштэйн быў чалавекам вялікай рэпутацыі, зь вялікім уплывам, і гэта стала важным фактарам, а ня тое, што ён працаваў у вялікай кампаніі ці вялікай кінастудыі, і гэтая кампанія заключала кантракты з рознымі іншымі кампаніямі. Пасьля гэта ператварылася ў вялікі ком, які каціцца і робіцца ўсё большым. Цяпер часам гавораць, што гэта пераўтварылася ў якуюсьці гульню, і людзі гадаюць, хто наступны, ведаючы, што гэта кранае нашмат болей людзей, чым мы сапраўды ведаем.

Цяпер ад гэтага чыньніку залежыць, як у будучым будзе рабіцца бізнэс

Што тычыцца нашай кампаніі, то імёны некалькіх чалавек былі агучаныя ў рамках гэтага скандалу. Адна кампанія фінансавала разам з Warner Bros. некалькі кінастужак. Апошняя прафінансаваная імі стужка — Wonder Women, і адна з галоўных тэмаў гэтага кіно — моц і незалежнасьць жанчын. Гэта вельмі пасьпяховая стужка. Але было вырашана не працягваць фільм з той прычыны, што кампанія, якая ўдзельнічала ў вытворчасьці, была замешаная ў скандале з сэксуальнымі дамаганьнямі, і гэта супярэчыла самой ідэі фільма.

Цяпер ад гэтага чыньніку залежыць, як у будучым будзе рабіцца бізнэс, якія рашэньні будуць прымацца на фінансавым узроўні, што будзе з кантрактамі, якія ўжо падпісаныя, і хто будзе далей мець працу, а хто не.

Фота з прыватнага архіву Тані Макаед. Са сцэнару фільма пра Гары Потэра на Universal Pictures.
Фота з прыватнага архіву Тані Макаед. Са сцэнару фільма пра Гары Потэра на Universal Pictures.

Зусім нядаўна з навінаў я даведалася пра новых людзей, якіх абвінавацілі ў сэксуальных дамаганьнях ня толькі ў сфэры кіно, але і тэлебачаньня. Гэта працягваецца і на ўзроўні дзяржаўных установаў і асобаў, якія маюць шмат уплыву і адказнасьці. Гэтых выпадкаў будзе зьяўляцца болей і болей, таму што гэта закранае ўсе сфэры працы. І ня толькі ў ЗША, гэта працягнулася ў і Францыі. Спадзяюся, што будзе і ў Беларусі, і на ўсёй постсавецкай прасторы, бо культура там істотна адрозьніваецца, але я думаю, што шмат жанчын будуць вельмі зацікаўленыя ў тым, каб спыніць сэксуальныя дамаганьні.

«Ёсьць спэцыяльныя праграмы і трэнінгі для супрацоўнікаў»

— Вы маладая, прыгожая жанчына, шмат гадоў вучыліся, жылі, цяпер працуеце ў Галівудзе. У вас ёсьць тут сяброўкі. Ці вы самі альбо вашыя знаёмыя сутыкаліся ў Галівудзе за спробамі сэксуальных дамаганьняў? Чым гэта завяршалася?

— Гэта звычайна адбываецца вэрбальна. Людзям часам падаецца, што сэксуальныя дамаганьні — гэта нешта вялікае, але гэта не абавязкова вялікае і значнае. На карпаратыўным узроўні тут усё пільна кантралюецца. Ёсьць спэцыяльныя праграмы і трэнінгі для супрацоўнікаў, на якіх вучаць, што зьяўляецца сэксуальнымі дамаганьнямі, як рэагаваць, да каго зьвяртацца, як спыняць іх. Штогод мы праходзім спэцыяльныя курсы, на якіх тлумачаць, як паводзіць сябе ў выпадку сэксуальных дамаганьняў, як сказаць кіраўніцтву ці адпаведным асобам пра гэтую праблему, у якія інстанцыі зьвяртацца, калі становісься ахвярай дамаганьняў. Тым ня менш гэта здараецца, і большасьць людзей ня кажуць пра гэта. Я шмат чула чутак, пэрсанальных гісторый ад кагосьці, зь кім гэта здаралася як на высокім, так і на больш нізкім узроўні.

— Ня так даўно прэсе стала вядома што кампанія, якую заснаваў Гарві Вайнштэйн, падпісала зь ім кантракт, дзе былі прадугледжаны пытаньні пра сэксуальныя дамаганьні. Адзін з пунктаў дамовы вызначаў, што ў выпадку абвінавачваньня ў харасмэнце прадусару дастаткова аплаціць кошт канфідэнцыйнага міравога пагадненьня і пэўныя штрафы, і пасьля гэтага прадусар мог вярнуцца да працы. Вы шмат гадоў працуеце з кантрактамі. Ці сутыкаліся вы з такога тыпу кантрактамі?

— Я ўпэўненая, што ёсьць іншыя кампаніі, якія працягваюць мець падобныя кантракты. Мажліва, яны і будуць існаваць, але паціху гэта зьменіцца. Чаму яны існуюць? У ЗША юрыдычная сыстэма моцна адрозьніваецца ад аналягічных сыстэм у іншых краінах. Яна вельмі высока і глыбока разьвітая, яна даволі нюансная, у кантракце можна прапісаць амаль усе што заўгодна, каб сябе абараніць, а потым сказаць, што гэта канфідэнцыйна. Але цяпер пачынаюцца разглядаць гэтую сыстэму пад мікраскопам, паколькі, мажліва, гэта парушае правы людзей, які хочуць судзіцца ці хочуць прыцягнуць да адказнасьці тых, хто знаходзіцца на самым высокім узроўні.

«Мужчыны цяпер вельмі напужаныя»

— Вы казалі пра розныя трэнінгі, зьвязаныя з праблемай сэксуальных дамаганьняў, якая праводзяцца ў Галівудзе. А што зьмянілася на кінастудыях за апошнія паўгода пасьля справы Вайнштэйна? Пра якія зьмены ў сьвядомасьці і ў працэдуры можна казаць?

— Пасьля таго, як гэта здарылася, быў дасланы імэйл ад самага вышэйшага кіраўніцтва, дзе было напісана, што калі такія паводзіны мелі месца, гэтыя выпадкі будуць разглядаюцца вельмі сурʼёзна, і калі хтосьці мае такі досьвед, мае скаргу, то павінны зь ёй прыйсьці... І патлумачылі куды і да каго ісьці. Акрамя гэтага больш нічога няма.

Мужчыны цяпер шмат гавораць пра тое, што і як цяпер ім гаварыць, ці трэба быць заўсёды насьцярожаным, калі побач з жанчынай? Гэта як апарыўся на гарачым малацэ і дзьмеш на халодную ваду. Мы размаўляем з калегамі-жанчынамі і кажам пра тое, што як жанчыны, мы на працягу ўсяго жыцьця мелі насьцярожанасьць, калі сутыкаліся з супрацьлеглым полам, а раптам мужчынам прыйшлося крышку адчуць тое, што жанчыны паўсюль адчуваюць кожны дзень. І мужчыны цяпер вельмі напужаныя, паколькі могуць быць наступствы, калі будуць неасьцярожна сябе паводзіць. З другога боку, я перакананая, што гэта выроўнівае нашыя правы...

Амэрыканская мара беларускі

— Тацяна, давайце з Галівуду вернемся на 22 гады назад, калі ваша сямʼя выправілася за акіян у пошуках кавалку хлеба і магчымасьцяў даць дзецям адукацыю. На прыкладзе вашай сямʼі, распавядзіце, калі ласка, ці рэальная амэрыканская мара для беларусаў? Як можна дасягнуць посьпеху ў ЗША?

Сям'я Макаедаў у 1990-ыя гады.
Сям'я Макаедаў у 1990-ыя гады.

— Калі хтосьці мае моцную мару, яе заўсёды можна рэалізаваць. У любой краіне, нават у Беларусі. Я імігравала зь сямʼёй амаль 22 гады таму. У тыя часы і варыянтаў было менш, і інфармацыя была больш абмежаваная, усё было значна складаней. Цяпер людзі ў Беларусі ведаюць нашмат больш пра Амэрыку, чым у той час, калі мы выяжджалі.

— Чаму вы вырашылі пераехаць у ЗША?

— Мы выяжджалі ўсё сямʼёй, амаль нічога ня ведаючы пра Амэрыку, каб шукаць лепшага шляху і будучыні. Пасьля распаду Савецкага Саюзу ў час эканамічнага крызісу мая сямʼя згубіла ўсе свае зьберажэньні. Бацькі разьлічвалі купіць хату ў Беларусі і дапамагчы дзецям вучыцца. У нас не было вялікіх пэрспэктыў у Беларусі. Сямʼя была немалой. Мы проста верылі ў тое, што нешта атрымаецца. Нам пашанцавала, што мы мала ведалі, бо каб мы ведалі, што нас чакае, зусім іншы выбар бы зрабілі.

Сям'я Макаедаў цяпер.
Сям'я Макаедаў цяпер.

Прыехалі ў Каліфорнію, калі мне было 16 год. Я спачатку вучылася ў сярэдняй школе, потым скончыла каледж і ўнівэрсытэт. Вывучаць найперш трэба было ангельскую мову. Калі маладзейшы, гэта прасьцей. Тут сыстэма іншая, балы іншыя. Мне прыйшлося і ўлетку навучацца, і дадатковыя клясы браць на працягу навучальнага году. Я прыходзіла на заняткі на гадзіну раней і заставалася пасьля заняткаў. Прыйшлося папрацаваць, каб атрымаць дыплём.

У Беларусі ня толькі сыстэма іншая, але цікавасьці і магчымасьці іншыя. Амаль усе веды, якія я прывезла зь Беларусі, не былі карысныя ў той час. Я шмат розных клясаў брала, каб вырашыць, у якой галіне я хачу вучыцца і працаваць. Пасьля доўгіх намаганьняў выбрала эканоміку. Вельмі шмат паўплывала і тое, што я зь Беларусі, якая перажыла распад Савецкага Саюзу. Эканоміка была вельмі простая ў СССР. Мне было цікава і незвычайна даведацца пра той жа фондавую біржу ці пра розныя фінансавыя праграмы, пра тое, як працуе сацыяльнае страхаваньне, як працуе пэнсійная сыстэма.

— Вы казалі пра тое, што многія атрыманыя ў Беларусі веды вам не спатрэбіліся ў ЗША. А які беларускі досьвед вам усё ж прыдаўся, а які перашкаджаў?

Ня тое што перашкаджала, хутчэй не хапала. Беларуская адукацыя, атрыманая ў малым горадзе за савецкім часам, была вельмі і вельмі абмежаваная. Але дапамагло, што я цудоўна ведала матэматыку. У амэрыканскай школе ў матэматыцы я была амаль вундэркіндам, а ў беларускай школе была звычайнай вучаніцай. У Беларусі я больш цікавілася гуманітарнымі навукамі, а калі прыехала ў ЗША, раптам мае веды ў матэматыцы сталі аднымі з найвышэйшых у клясе. І гэта мне дапамагло вырашыць, у якім накірунку я буду далей навучацца. А вось мова, гісторыя, беларуская гісторыя аказаліся некарысныя для мяне тут у практычным вымярэньні.

«Адбывалася спаборніцтва на найвышэйшым узроўні, і гэта матывавала»

— І як вы трапілі ў Галівуд?

— Калі я вырашыла, што буду вывучаць эканоміку, то пачала шукаць унівэрсытэты з гэтым кірункам. Некалькі ўнівэрсытэтаў былі ў паўднёвай Каліфорніі, а я ў той час жыла ў паўночнай Каліфорніі. Запоўніла заяўку за год і чакала. Мяне прынялі адразу некалькі ўнівэрсытэтаў, і я вырашыла вывучаць эканоміку ў даволі прэстыжным сусьветна вядомым унівэрсытэце ў Лос-Анжэлесе.

Падчас студэнцкага жыцьця. Фота з прыватнага архіву Тані Макаед.
Падчас студэнцкага жыцьця. Фота з прыватнага архіву Тані Макаед.

Прыехала ў Галівуд і тут засталася. Галівуд з-за мяжы гучыць глямурна, але пераехаўшы сюды я атрымала пэўны шок, бо ўсё не адпавядала маім чаканьням. У параўнаньні зь Менскам гэта не чысты горад, шмат бедных людзей на двары. Але потым, калі мне ва ўнівэрсытэце зрабілі тур па горадзе, ён мне вельмі спадабаўся. У Амэрыцы ў вялізных мэтраполіях вельмі шмат залежыць ад раёну. Ты можаш патрапіць у шыкоўны раён, дзе жывуць мільянэры, а побач можа быць раён, дзе будуць жыць вельмі бедныя людзі, і ўмовы і інфраструктура значна ніжэйшага ўзроўню...

Надворʼе заўсёды цудоўнае ў Лос-Анжэлесе. Калі тут навучаесься, то ведаеш, што вучысься разам зь людзьмі найвышэйшага ўзроўню, бо сюды зьяжджаюцца разумнейшыя людзі з усяго сьвету. Гэта было вельмі складана напачатку. Я выехала з маленькага гарадку ў Беларусі, дзе я лічыла сябе адной з найлепшых вучаніц у школе, і раптам прыехала ў найвялікшую краіну ў сьвеце, у адзін з найвялікшых гарадоў і адчула сябе вельмі маленькай і не такой ужо і разумнай. Адбывалася спаборніцтва на найвышэйшым узроўні, і гэта матывавала.

— Якая была вашая першая праца пасьля ўнівэрсытэту?

— Я скончыла ўнівэрсытэт, вельмі хацела застацца ў Лос-Анжэлесе і шукала працу. У мяне была знаёмая, якая працавала ў адной з кінастудый, і яна сказала, што ў іх наймаюць на працу, і прапанавала паспрабаваць. Так я атрымала маю першую працу ў фінансавай галіне на кінастудыі Paramount Pictures.

Фота з прыватнага архіву Тані Макаед. Першы дзень працы на Paramount.
Фота з прыватнага архіву Тані Макаед. Першы дзень працы на Paramount.

Там працавала каля шасьці гадоў, вывучала кантракты, якія падпісвае кінастудыя з зоркамі, з кампаніямі, якія дапамагаюць фінансаваць кінастужкі, кантракты з людзьмі, якія задзейнічаныя ў вытворчасьці кінастужак. Гэтыя кантракты трэбы было перавесьці зь легальных тэрмінаў у фінансавыя. Вельмі цікава было найперш ведаць, колькі грошай стужкі каштавалі, колькі яны зараблялі, і колькі людзі, задзейнічаныя ў кінавытворчасьці, зарабляюць у месяц, у год.

— Напэўна вам было забаронена агучваць гэтыя лічбы?

— Так, гэта з большага канфідэнцыйная інфармацыя, але шмат асобаў і назваў даступныя і інтэрнэце, многія лічбы можна даведацца і праз публікацыі прэсы.

— Зь фінансавымі дакумэнтамі якіх знакамітых фільмаў вы працавалі?

— Мне былі даступныя фінансавыя дакумэнты кожнага фільму, зробленага кінастудыі Paramount Pictures. Цяпер я працую на кінастудыі Warner Bros.. Гэта значна больш вялікая кінастудыя, там значна большая бібліятэка фільмаў, яна працуюць таксама з тэлевізійнымі шоў. Цяпер мая праца крыху адрозьніваецца ад мінулай. Я больш працую з дадзенымі, курырую спэцыяльныя праекты.

Таня Макаед. Фота з прыватнага архіву.
Таня Макаед. Фота з прыватнага архіву.

— Ці шмат у галівудзкай індустрыі выхадцаў зь Беларусі, калі не лічыць нашчадкаў беларускіх габрэяў, якія зьехалі напачатку 20-га стагодзьдзя?

— Я шмат пра гэта таксама чую. Беларусы — цікавы народ, мы разам ня клеімся. Мы ня ведаем адзін аднаго і дзе мы, таму пэрсанальна я вельмі мала ведаю людзей зь Беларусі, нават тых, хто жыве ў паўднёвай Каліфорніі, не кажучы ўжо пра Галівуд. Але чула, што яны ёсьць, і таму буду вельмі рада пазнаёміцца...

Фота з прыватнага архіву Тані Макаед.
Фота з прыватнага архіву Тані Макаед.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG