Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сёньня ніхто не нарадзіўся». Прэм'ера спэктаклю Свабоднага тэатру паводле гісторыі пра маці Лукашэнкі


«Надзеньце, калі ласка, бахілы, вы ў пакоі, дзе адпачываюць жанчыны, што толькі нарадзілі», — сустракаюць гледачоў на прэм’еры спэктаклю «Сёньня ніхто не нарадзіўся». Мы схадзілі на пастаноўку Свабоднага тэатру, натхнёную гісторыяй пра маці Аляксандра Лукашэнкі.

Міргаючае сьвятло, жаночыя крыкі і пранікнёныя маналёгі моцна кантрастуюць зь пяшчотнай і радаснай абстаноўкай, зь якой звычайна асацыюецца нараджэньне дзіцяці. У «палаце» Свабоднага тэатру жанчыны пакутуюць ад непаважлівага стаўленьня лекараў, ня ведаюць, што за лекі ім даюць і калі яны ўбачаць сваіх дзяцей. Больш за тое, жанчыны перапоўненыя разважаньнямі пра тое, ці стануць яны добрымі маці і што будзе, калі іхныя дзеці вырастуць тыранамі.

Спэктакль рыхтавалі як звычайна — па скайпе, таму што рэжысэры і мастацкае кіраўніцтва тэатру знаходзяцца ў Вялікабрытаніі. Рэжысэр Уладзімер Шчэрбань перад пачаткам пастаноўкі выйшаў на сувязь зь Лёндану. Вольга Прусак, аўтарка п’есы, прыехала на прэм’еру ў Менск.

Вольга працуе ў Цэнтры народнай творчасьці ў Віцебску. У драматургію яна прыйшла выпадкова, пачаўшы пісаць усяго некалькі гадоў таму. Свабодны тэатар ужо ставіў спэктакль «Дэжавю» па яе творы пра жанчыну з анкалягічным захворваньнем. Ідэя для напісаньня наступнай п’есы прыйшла з уласнага досьведу.

Аўтарка п’есы Вольга Прусак
Аўтарка п’есы Вольга Прусак

«Майму дзіцяці зараз 4 гады, але я добра памятаю, як ляжала ў шпіталі пасьля родаў і проста чакала, калі гэты жах скончыцца», — узгадвае Вольга.

Шпіталь у спэктаклі нагадвае калёнію, дзе лекары агрэсіўна ставяцца да пацыентаў, яны не тлумачаць, што за лекі выдаюць, а самі парадзіхі ставяцца адна да адной зь недаверам.

Акторка Марыя Бяльковіч ў ролі парадзіхі разважае пра тое, што ўяўляе сабой мацярынскі інстынкт, што яна павінна адчуваць пасьля нараджэньня дзіцяці. На фоне ўласных перажываньняў яна церпіць абразы іншых жанчын і дрэннае стаўленьне лекараў.

«Любая жанчына, калі нараджае, хвалюецца, што яе могуць пакінуць, штосьці не растлумачыць, даць ня тыя лекі, але ў той жа час і лекары скардзяцца на дрэнных пацыентаў, — распавядае Марыя Бяльковіч Свабодзе. — І праблема ўвогуле ў сыстэме аховы здароўя: лекары і мэдсёстры атрымліваюць мала грошай, зьяўляецца такое стаўленьне, усё пераносіцца і на пацыентаў».

Другі ключавы момант спэктаклю ў разважаньнях маці пра лёс іхных дзяцей. Ці яны нараджаюцца з уласным характарам, ці гэта бацькі і навакольле робяць іх такімі, якія яны ёсьць?

Акторка Свабоднага тэатру Марыя Бяльковіч
Акторка Свабоднага тэатру Марыя Бяльковіч

Назва п’есы Вольгі Прусак, па якой зьявіўся спэктакль, — «Разам з сынам даіла кароў рукамі». Акрамя ўласнага досьвед на напісаньне п’есы аўтарку натхнілі сакавіцкія пратэсты ў Беларусі.

«Я глядзела на затрыманьні, АМАП і думала, што ва ўсіх гэтых людзей ёсьць маці, якія чакаюць іх дома», — кажа Вольга.

Яна пачала шукаць зьвесткі пра маці Аляксандра Лукашэнкі. Зрабіць гэта было складана. Вольга амаль нічога пра яе не знайшла. Ёй трапіўся толькі адзін маленькі артыкул. Там было напісана, што маці Лукашэнкі «разам з сынам даіла кароў рукамі».

«Сёньня ніхто не нарадзіўся» — чарговая пастаноўка Свабоднага тэатру на праблемную для беларускага грамадзтва тэму. У ліпені 2017 года адбылася прэм’ера спэктаклю людзей з абмежаванымі магчымасьцямі «Дом нумар пяць». Непрафэсійныя акторы Аляксандра Чычыкава, Вадзім Калошкін і Арамаіс Міракян удзельнічаюць у ім разам з акторамі тэатру.

Таксама ў гэты час Свабодны тэатр працягвае гастролі ў ЗША. Трупа паказвае спэктакль «Палаючыя дзьверы», за якую тэатар атрымаў прэстыжную брытанскую прэмію Offie’2017.

​Тэкст: Юлія Барыла. Фота: Уладзь Грыдзін

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG