Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свабодны тэатар» паставіў спэктакль паводле кнігі Зьмітра Бартосіка


Кніга Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы»

«Я перад паходам на спэктакль дала інструкцыі старэйшаму дзіцёнку, каб прыглядаў за малодшым, калі мяне раптам у міліцыю забяруць», — сказала адна з глядачак.

Калі звычайны тэатар пачынаецца з шатні, то «Свабодны тэатар» у Беларусі часьцяком пачынаецца з маскіровачных дэкарацыяў. Напрыклад, зь вясельля ці дня нараджэньня.

На прэм’еры спэктаклю паводле кнігі Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы» ў доме ў прыватным сэктары ў Менску сьвяткавалі народзіны Рэгіны — пэрсанажа п’есы. Тэатар пачаўся з сунутых сталоў з напоямі і закускамі. Я быў перакананы, што пасьля маскіровачных «чаркі-шкваркі» гасьцям прапануюць перайсьці ў залю да сцэны.

Пасьля некаторыя з наведнікаў сказалі, што прынялі мяне за актора, так арганічна глядзеўся між тостамі мой расповед пра адну з уласных прыгодаў.

Распавядаеш-распавядаеш, і раптам разумееш, што спэктакль даўно пачаўся, ты яго бачыш знутры і ты ёсьць часткай спэктаклю.

І ты, і Зьміцер Бартосік, які сядзіць у іншым канцы стала. Вясковае застольле — такое творчае вырашэньне для спэктаклю па кнізе размоўнага жанру. А пра што размовы?

Драматургі Марыя Бяльковіч і Мікалай Халезін закцэнтаваў увагу на немцах і партызанах. На расповедах, зь якіх вынікае што не было «добрых нашых» і «кепскіх ворагаў», як вучылі і дагэтуль вучаць у беларускіх школах. Жахі вайны былі разнастайнымі і шматслойнымі.

Разам з акторамі ты як глядач паглыбляесься ў трагічную тэму, разам з акторамі і вынырваеш, калі раптам пачынае граць гармонік, а хтосьці выскоквае, каб пачаць танчыць.

Адна з самых яркіх гісторыяў, запісаных Зьмітром Бартосікам, пра міні-грамадзянскую вайну ў адной беларускай вёсцы. Там ня бачылі ні немцаў, ні партызанаў амаль усю вайну. Тым ня менш, багата пазабівалі адзін аднаго з-за старых спрэчак.

Пад канец спэктаклю адзін з прысутных пачынае маналёг. Цэлую гадзіну ты ня ведаў, ці ён актор, ці глядач. І цяпер не разумееш, бо словы відавочна ня з кнігі, гэта словы сучаснага маладога чалавека зь беларускага гораду. Але паступова ты разумееш, што маналёг падрыхтаваны, так ён ня з кнігі, але вельмі важны для разуменьня спэктаклю.

Калі скарочана, то сэнс маналёгу такі. Міні-грамадзянская вайна ў адной беларускай вёсцы ня скончаная. Яна пашырылася на ўсю краіну.

***

Кніга «Быў у пана верабейка гаварушчы» выйшла у «Бібліятэцы Свабоды». Спэктакль зроблены ў межах сумеснага праекту Радыё Свабода і Свабоднага Тэатру.

Спэктакль можна будзе пабачыць праз жывую трансьляцыю. Калі — паведамяць дадаткова.

XS
SM
MD
LG