Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзям у прынцыпе адзін на аднаго напляваць». Прэм’ера спэктаклю Свабоднага тэатру з акторамі ў інвалідных вазках


Аляксандра Чычыкава

Рэжысэр і акторы распавядаюць пра шокавую пастаноўку ў сакрэтным беларускім тэатры.

«Дом нумар пяць» у фірмовым стылі Свабодны тэатар спалучыў драматургічна апрацаваныя і дакумэнтальныя гісторыі на тэму людзей з абмежаванымі магчымасьцямі ў Беларусі. Непрафэсійныя акторы Аляксандра Чычыкава, Вадзім Калошкін і Арамаіс Міракян удзельнічаюць у ім разам з акторамі тэатру.

Вадзім Калошкін, актор

Вадзім Калошкін
Вадзім Калошкін

«Мне было б цікава, каб выпадковы глядач паглядзеў гэты спэктакль. Чым далейшы чалавек ад гэтай тэмы, тым весялей будзе. Я знаходжуся ўнутры гэтай супольнасьці. Але не лічу, што я замкнёны ў нейкім інвалідзкім сэгмэнце і да «здаровых» нібыта ніякага дачыненьня ня маю. Мяне акружаюць здаровыя людзі, я да гэтага звыкся, я з гэтым ужо зьмірыўся, ня ведаю, як вы.

Не разумею і не вітаю вось гэтага падзелу. Лічу, што мы блізка адзін да аднаго і праблема ня ў гэтым.

Праблема ў тым, што людзям у прынцыпе адзін на аднаго напляваць, вы пра гэта цудоўна ведаеце. І інваліднасьць тут зусім ні пры чым, яна асноўнага ўплыву на кантакты зь іншымі людзьмі ня мае. Я так лічу. Ёсьць вялікая колькасьць людзей зь інваліднасьцю, якія цудоўна жывуць, сацыялізаваныя, пасьпяховыя. Ніхто пра іх ня ведае. Ці ведае. Але пытаньне — з кім вам хочацца быць бліжэй.

Удзел у спэктаклі для мяне быў экспэрымэнтам. Пакуль ня ведаю, пасьпяховым ці не. Мне было проста цікава. Паспрабаваць свае сілы ў якасьці актора. Паглядзець, як працуе гэтая кухня.

І цікава папрацаваць зь людзьмі, якія з гэтай тэмай аніяк не зьвязаныя і маюць уласныя ўяўленьні. Гэта быў складаны працэс. Бо прабіцца празь сьцяну стэрэатыпаў і забабонаў вельмі цяжка.

Дар’я Андрэянава, актрыса

Дар’я Андрэянава, актрыса
Дар’я Андрэянава, актрыса

«На дыскусіі пасьля прэм’еры казалі, што праблема комплексная. І гэта факт. Спэктакль — проста яшчэ адзін маленькі крок у зьменах. Яшчэ адна форма размовы. І ў чым большых сфэрах жыцьця будуць гаварыць пра інваліднасьць, тым лепш.

У мяне раней не было досьведу зь людзьмі з інваліднасьцю, менавіта зь фізычнымі асаблівасьцямі. Мы сапраўды жывем у постсавецкай стэрыльнай прасторы, такіх людзей няма ані на вуліцы, ані на працы, ані на вучобе. Паступовыя зьмены ўжо ідуць, але мы яшчэ на самым пачатку.

Адзінае — ня тое, каб нешта зьмянілася ўва мне, а проста зьявілася магчымасьць камунікацыі з такімі людзьмі. Я стала трохі больш інфармаванай і трошкі менш стэрыльнай.

Нядаўна я ехала з працы на „Убэры“ з кіроўцам, які слаба чуе. Гэта супэрнавіна. Я раней была ўпэўненая, што глухім і тым, хто слаба чуе, нельга мець правы кіроўцы. А ў яго проста ляжыць нататнік і асадка, калі нешта трэба сказаць. Я ў захапленьні, калі кіроўца маўчыць у дарозе і не надакучвае пытаньнямі і расповедамі.

Яшчэ, калі я знаёмілася зь людзьмі з інваліднасьцю, думала: блін, гэта што цяпер, трэба сябраваць з усімі, увесь час камунікаваць? Турбавалася, што чалавек падумае, што я адмаўляюся ад камунікцыі зь ім, бо ён інвалід. А я зь сяброўкай сваёй апошні раз бачылася месяц таму і разумею, наколькі гэта недарэчна. Камунікаваць трэба з тым, з кім ёсьць супольная мова і іншае, як з усімі іншымі ў сьвеце людзьмі.

Я ня думаю, што можна зьмяніць спэктаклем. Проста ёсьць жаданьне, каб Свабодны тэатар аднойчы перастаў быць маргінальным, меў добрае памяшканьне, больш месцаў для гледачоў. І там, вядома, мусіць быць пандус як мінімум».

Арамаіс Міракян, актор

Арамаіс Міракян
Арамаіс Міракян

«Узьняць такую тэму — гэта вельмі важна. Гэтыя тэмы павінны перастаць быць табуяванымі, павінны выходзіць на сьвет. Калі мне прапанавалі ўдзельнічаць, я адразу сказаў, што я непрафэсійны актор, але калі вы на мяне разьлічваеце, то я згодны. Гэта важна для асэнсаваньня таго, што людзі з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі — такая самая частка грамадзтва, як і ўсе астатнія. І важна спрыяць гэтаму разуменьню. Я ўдзячны Свабоднаму тэатру, Мікалаю Халезіну, Натальлі Калядзе, што прапанавалі мне такім незвычайным чынам выказацца».

Мікалай Халезін, рэжысэр спэктаклю, заснавальнік Беларускага свабоднага тэатру

Мікалай Халезін
Мікалай Халезін

​«Калі я глядзеў адзін з апошніх прагонаў перад прэм’ерай, я спытаўся ў сябе: навошта гэта ў Брытаніі граць?

У нас ёсьць сябар, які дапамагаў у стварэньні акцыяў. Брытанскі хлапец-вазочнік, у яго вялікія праблемы са здароўем. Ён мае чацьвёра дзяцей і так ганяе на вазку, што ты толькі ўхіляесься. Езьдзіць у краму, гатуе ежу, заняты гаспадаркай — усё на вазку. Для брытанцаў гэта ня тэма.

Але для іх тэма, хто такія беларусы. І калі ты глядзіш гэты матэрыял, то разумееш, што беларускае грамадзтва пакуль закрытае. Яно ня ведае, як рэагаваць, баіцца рэагаваць. На дыскусіі пасьля прэм’еры дзяўчына кажа: „Я ўпершыню пабачыла чалавека з інваліднасьцю ў 19 гадоў“. І гэта паціху мяняецца.

Тое, што я ніколі не любіў, — філязофію дробных крокаў. Мне заўжды здавалася, што можна зрабіць нешта вялікае, і яно моцна зьменіць сытуацыю. Але апошнім часам я зьдзіўляюся, бо бачу пазытыўныя зьмены ў Беларусі. Ведаю, што яны горш заўважныя унутры, бо здаецца, што ўсё як было ўчора, так і сёньня. Але звонку яны відавочныя.

За апошнія 3-4 гады зьменаў больш, чым за папярэднія 20 гадоў. Гэта цешыць, і тэма, якую мы ўздымаем, будзе рухацца.

Мы спачатку думалі, што спэктакль, у якім будуць граць людзі з інваліднасьцю, стане нейкай кропкай у нашай працы над тэмай. Але цяпер мы зразумелі, што гэта ня кропка. Мы хочам інтэграваць іх у адукацыйны працэс і давесьці іншым, што людзі з інваліднасьцю могуць граць у тэатры не для экспэрымэнту, а гэта можа быць іхнай працай, прафэсіяй. І гэта выклік.

Цяпер усё гэта магчыма, тэатар вельмі памяняўся, цяпер важнейшыя людзі са сваёй танальнасьцю. А яны яе маюць, бо жылі ў экстрэмальных умовах, адчуваюць вастрэй, хутчэй рэагуюць.

Людзі, якія ўнутры гэтай тэмы, яе закладнікі, — у іх зьменіцца жыцьцё. Важна, як чалавек радуецца таму, што яго ўзялі вучыцца ў тэатральную школу. Бо раней ён проста не падазраваў, што гэта магчыма».

Аляксандра Чычыкава, актрыса

Аляксандра Чычыкава
Аляксандра Чычыкава

«Чамусьці пра людзей з інваліднасьцю найперш кажуць „інвалід“. Ня кажуць, што вось чалавеку патрэбныя нейкія зьмены ў гарадзкой прасторы, арганізацыі адукацыі, працы. А кажуць — „яму гэта трэба, бо ён інвалід“.

Я хацела сказаць, што чалавек проста чалавек — незалежна ад таго, чорны ён, эўрапеец, рускі ці як ён перасоўваецца і якія ў яго адрозьненьні ад іншых.

Праца ў пастаноўцы ўва мне некаторыя моманты зьмяніла. Я думала, што перажыла, прыняла і зразумела складаныя сытуацыі, якія ў мяне раней былі ў жыцьці. Спакойна да іх стаўлюся ўжо. Але калі мы рэпэтавалі, абіралі этуды для спэктаклю, я зразумела, што некаторыя псыхалягічныя праблемы ўва мне не былі перажытыя. І з дапамогай гэтых этудаў я некаторым рэчам змагла даць рады.

Камусьці я даравала, зразумела, што ня так было лёгка ў першым часе. Трэба даваць людзям шанец, незалежна ад таго, што было. Ёсьць будучыня, і ня трэба завастраць увагу толькі на адным моманце.

Я раней ніколі не спрабавала сябе ў акторскім сьвеце. Буду працягваць вучыцца. Ёсьць маса роляў, якія я хачу сыграць і якія не зьвязаныя з маім уласным жыцьцём.

Я мару свабодна ўладкавацца на працу безь перашкодаў.

Мару, як іду па вуліцы, а на мяне не абарочваюцца.

Мару, што людзі размаўляюць са мной як з роўнай сабе, бяз выразу шкадаваньня і жаданьня мяне зьмяніць і падладзіць пад агульны стандарт».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG