Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інваліды правялі больш за 10 пэрформансаў у Менску, каб паказаць свае праблемы


Цягам двух дзён, 24 і 25 сьнежня, студэнты тэатральнай лябараторыі Fortinbras пры беларускім Свабодным тэатры разам зь інвалідамі-вазочнікамі правялі цэлы шэраг мастацкіх акцый.

Свабода пагутарыла з Марыяй Бяльковіч, студэнткай Fortinbras і арганізатаркай некалькіх пэрформансаў пра тое, як рэагавалі міліцыянты і мінакі на людзей у інвалідных вазках, якія пераходзілі вуліцу, ехалі ў мэтро, стаялі ў чаргу ў грамадзкую прыбіральню.

— У першы дзень на некалькі хвілін інваліды-вазочнікі перакрылі праспэкт Пераможцаў, прычым удзельнікі акцыі трымалі расьцяжку з надпісам «Калі я перашкаджаю, то пазваніце па гэтым тэлефоне 223-70-95» — гэта тэлефон старшыні Камітэту працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму. Працяг акцыі адбыўся ў гандлёвым цэнтры «Карона-замак». Крама «5th avenue» падтрымала інвалідаў вазочнікаў, пасадзіўшы свае манэкены ў інвалідныя крэслы. Пэрформанс зладзіў адзін з удзельнікаў акцыі, які на пэўны час заняў месца аднаго з манэкенаў у вітрыне крамы. Пасьля павінна была быць акцыя каля Палацу спорту. Пэрформанс называўся «Чарга да прыбіральняў», сэнс яго ў тым, каб паказаць, што для людзей на інвалідных крэслах недасяжныя ня толькі біяпрыбіральні, але і звычайныя гарадзкія публічныя туалеты. Гэтая акцыя не ўдалася, бо да нас прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў і папярэдзілі пра адказнасьць за несанкцыянаваную акцыю. Пасьля была акцыя каля кінатэатра «Беларусь» — мы акцэнтавалі ўвагу на тым, што людзі з кепскім слыхам ня маюць магчымасьці хадзіць у кіно, бо няма субтытраў. Увечары была акцыя з палаючымі рукамі — яна павінна была паказаць, што глуханямыя ня могуць выклікаць службу ратаваньня, нават калі ў хаце здарыўся пажар. 24 сьнежня мы завяршылі акцыяй на праспэкце Незалежнасьці, калі інваліды-вазочнікі і манэкены перакрылі тратуар, прымусіўшы мінакоў пераступаць праз жывых людзей і рукі-ногі манэкенаў.

25 сьнежня мы пачалі дзень з пэрформансу пра шрыфт Брайля, гэтая акцыя павінна была прадэманстраваць тое, як цяжка сьляпым існаваць у горадзе. Пасьля быў маратон вазочнікаў, які праехалі па праспэкце Незалежнасьці, спрабуючы пераадольваць бардзюры і непрыстасаваныя для інвалідных крэслаў пераходы. Пасьля мы абгарнулі некалькіх вазочнікаў харчовым цэляфанам, паказаўшы гэтым, што такія людзі цалкам бездапаможныя і скаваныя па руках і нагах. Пасьля мы плянавалі ўзяць удзел у маршы Дзядоў Марозаў — зразумела, што былі пераапранутыя ў гэтых казачных пэрсанажаў інваліды-вазочнікі. Як выявілася, для такіх Дзядоў Марозаў няма месца на сьвяце — ахова іх не пусьціла на шэсьце. Пасьля паўтарылі акцыю з палаючымі рукамі. Ноччу з 26 на 27 вялізныя фотаздымкі з праекту «Камін-аўт», у якім удзельнічалі людзі зь інваліднасьцю, праектаваліся на будынкі начной сталіцы — гэта была апошняя акцыя з гэтага маратону. Гэта быў пэрформанс на тэму сэксуальнасьці людзей з фізычнымі асаблівасьцямі.

— Якая акцыя была самай значнай на ваш погляд?

— Я лічу такой акцыю, якую мы ладзілі ўвечары 25 сьнежня каля ўваходу ў станцыю мэтро «Няміга». Там таксама інваліды-вазочнікі перакрывалі ўваход, але самае цікавае здарылася пасьля акцыі. Да нас падышлі міліцыянты і загадалі спыніць акцыю, спасылаючыся на тое, што інвалідам у мэтро няма ніякіх перашкодаў. Тады двое нашых удзельнікаў-вазочнікаў сказалі, што яны паедуць дадому на мэтро. У выніку гэтым міліцыянтам давялося пераносіць іх да цягніка. Добра, што прадстаўнікі ўладаў на ўласным досьведзе пабачылі, як «зручна» і «бясьпечна» інвалідам карыстацца грамадзкім транспартам.

Інваліды-вазочнікі блякавалі рух у цэнтры Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:23 0:00

— Якая была рэакцыя міліцыі, супрацоўнікаў ДПС і звычайных мінакоў, калі яны бачылі вашыя пэрформансы?

— Калі цягам першага дня да нас часам падыходзілі і прасілі спыніць акцыі, то на другі дзень адразу папярэдзілі, што будуць суправаджаць удзельнікаў акцыі цягам усяго дня. Разам з тым, затрыманьняў не было. Мы радыя, што не спалохаліся папярэджаньняў з боку супрацоўнікаў міліцыі, і правялі амаль усё, што заплянавалі. Што да мінакоў, то былі людзі, якія спыняліся каля нашых пэрформансаў і пыталіся, што мы робім і для чаго. У нас былі адмысловыя флаеры, якія мы раздавалі і запрашалі людзей знайсьці больш інфармацыі ў сеціве. Безумоўна, большасьць людзей праходзіла міма, але яны ўсё адно затрымлівалі сваю ўвагу на нашых акцыях. Я спытала ў аднаго зь мінакоў, як часта ён бачыць у Менску людзей у інвалідных вазках. Ён сказаў, што ніколі ня бачыў да нашай акцыі, і выказаў меркаваньне, што, відаць, такія людзі жывуць у адасобленых месцах. Мы патлумачылі яму, што гэта ня так, што інваліды складаюць 5 працэнтаў ад насельніцтва Беларусі і жывуць сярод звычайных людзей, ня хочучы быць у нейкім «гета».

— Мэтавай аўдыторыяй вашых пэрформансаў былі ўлады ці звычайныя менчукі?

— Найперш звычайныя людзі. Калі б мы хацелі грукацца да ўладаў, то пісалі б пэтыцыі. А мы рабілі акцыі ў горадзе. Мы «білі» па мінаках, абраўшы форму мастацкіх акцый. Мы хацелі, каб менчукі хаця б проста пабачылі тых жа вазочнікаў — ужо ад гэтага ёсьць вялікая карысьць.

— Што агульнага ў студэнтаў тэатральнай лябараторыі і інвалідаў? Ці гэта першая ваша супольная акцыя?

— Гэта ня першы раз, калі наш тэатар бярэцца за табуяваныя тэмы. А тэма інваліднасьці ёсьць менавіта такой у беларускім грамадзтве. Некалькі год таму была акцыя на плошчы Свабоды — сьляпая дзяўчына грала пад кансэрваторыяй на піяніна. Акцыя павінна была зьвярнуць увагу на тое, што сьляпыя ня могуць паступаць у музычную кансэрваторыю. На шчасьце, цяпер зьмяніліся правілы — і музыкі, якія ня бачаць, могуць туды паступаць. Нашаму тэатру цікава займацца тэмай інвалідаў — але мы робім гэта ў мастацкай форме. Што да шэрагу акцыяў, якія прайшлі 24-25 сьнежня, то спачатку мы знайшлі ідэю кожнага пэрформансу, пасьля знайшлі кантакты людзей і падзяліліся зь імі. Вядома, мы б ня сталі нічога рабіць без узгадненьня зь імі — нельга нічога казаць ад імя інвалідаў бязь іх удзелу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG