Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна шукае толькі сьлед Масквы. Даклад пра забойства Шарамета прадставілі ў Менску


Гадавіна забойства Шарамета, акцыя ў Кіеве 20 ліпеня 2016 года
Гадавіна забойства Шарамета, акцыя ў Кіеве 20 ліпеня 2016 года

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны адмаўляецца публікаваць якаснае відэа жанчыны, якую падазраюць у забойстве Паўла Шарамета. Пра гэта даведаўся журналіст Свабоды ва Ўкраіне Крыстафэр Мілер. Ён падрыхтаваў даклад пра расьсьледаваньне забойства Паўла Шарамета. Пра магчымы беларускі сьлед і імкненьне ўкраінскіх уладаў даказаць датычнасьць да Масквы ён распавёў 20 кастрычніка падчас прэзэнтацыі свайго дакладу ў Прэс-клюбе ў Менску.

Хто такі Крыстафэр Мілер і чаму ён напісаў даклад пра расьсьледаваньне

Амэрыканскі журналіст Крыстафэр Мілер працуе ва Ўкраіне з 2010 году. Ён быў знаёмы з Паўлам Шараметам ад часоў Майдану, які пачаўся ў 2013 годзе.

«Гэта была не ідэальная сустрэча, — сказаў Мілер. — Ён гутарыў з маладым чалавекам, у якога была траўма галавы, твар быў у крыві. І сытуацыя была вельмі напружанай пасьля жорсткіх сутыкненьняў уначы».​

Крыстафэр Мілер. Фота Алы Шарко, Прэс-клюб Беларусь
Крыстафэр Мілер. Фота Алы Шарко, Прэс-клюб Беларусь

Апошні раз ён сустрэў Шарамета за шэсьць тыдняў да забойства — на прэсавай канфэрэнцыі ў адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны. Гэта быў той час, калі ва Ўкраіне пачалі пагаршацца ўмовы для працы журналістаў.

«Мелі месца застрашэньні, напады, — сказаў Мілер. — Усё гэта вылілася ў забойства Паўла».

Украінскія ўлады і асабіста Пятро Парашэнка абяцалі хутка раскрыць злачынства. Але прайшло паўгады, а ў расьсьледаваньні не было прагрэсу. Тады да Крыстафэра Мілера зьвярнуўся Камітэт па абароне журналістаў (CPJ, Committee to Protect Journalists), каб ён правёў уласнае расьсьледаваньне. Пры гэтым арганізацыя ня зьбіралася раскрыць злачынства ці знайсьці людзей, што забілі Шарамета. Мілер атрымаў заданьне падрыхтаваць даклад пра тое, як праходзіць украінскае сьледзтва.

Цырымонія разьвітаньня з Паўлам Шараметам у Кіеве, 2016 год
Цырымонія разьвітаньня з Паўлам Шараметам у Кіеве, 2016 год

Мілер разглядаў беларускі, расейскі і ўкраінскі сьлед у справе забойства Шарамета. Цягам трох з паловай месяцаў ён сустракаўся са сваякамі і сябрамі Паўла, накіроўваў запыты ў дзяржаўныя органы, якія вялі расьсьледаваньне забойства.

«Беручы да ўвагі ўсе намаганьні, якія яны рабілі, і нават удзел ФБР, я не разумеў, чаму праз некалькі месяцаў яны (сьледчыя — РС) не дасягнулі ніякага прагрэсу», — сказаў Мілер.

Украінскія ўлады вялі палітычна матываванае расьсьледаваньне

Пасьля таго, як Мілер зрабіў каля дваццаці інтэрвію са сваякамі і сябрамі Паўла, ён вызначыў магчымыя матывы забойства. Тады ён сфармуляваў і пытаньні і пачаў дасылаць іх у Службу бясьпекі Ўкраіны (СБУ), Нацыянальную паліцыю, сьледчым — ва ўсе структуры, што былі ўцягнутыя ў расьсьледаваньне.

«Вельмі хутка я зразумеў, што не існуе адзінай тэорыі, — кажа Мілер. — Кожная зь сілавых структураў, у прадстаўнікоў якой я браў інтэрвію, мела розныя вэрсіі забойства Паўла».

Вечарына памяці Паўла Шарамета ў Менску, лістапад 2016 года
Вечарына памяці Паўла Шарамета ў Менску, лістапад 2016 года

Адзінае, што аб’ядноўвала ўсіх, хто расьсьледаваў забойства, — гэта імкненьне знайсьці сьлед Масквы.

«Я не кажу, што Расея не прымала ўдзелу ў гэтым, я ня ведаю, — кажа Мілер. — Але мне не прывялі ніякіх доказаў, якія б указвалі на ролю Масквы».

Таксама ўсе адзінагалосна адмаўляліся прызнаваць хоць бы якую датычнасьць украінскіх уладаў.

«Для мяне гэта выглядала ня як непрадузятае расьсьледаваньне, а як палітычна матываванае, — кажа Мілер. — Пры адсутнасьці доказаў яны намагаліся павесіць гэтае злачынства на зручнага для іх ворага».

Калі ён браў інтэрвію ў шэфа Нацыянальнай паліцыі Сяргей Князева, які кіраваў расьсьледаваньнем, той абвінаваціў журналіста ў прадузятых пытаньнях і нават у тым, што ён сам выдумаў вэрсіі забойства.

«Таксама ў мяне было адно складанае інтэрвію, дарадца міністра (унутраных справаў — РС) назваў мяне тэрарыстам».

Ёсьць якаснае відэа падазраванай жанчыны, якое нідзе не публікуюць

Падчас працы над дакладам Крыстафэр Мілер знайшоў толькі адзін невядомы раней факт. Як высьветлілася, праваахоўныя органы маюць якасную выяву падазраванай у забойстве жанчыны. Яе атрымалі зь невядомага грамадзкасьці відэа, якое не публікавалася.

Паліцыя адмаўлялася апублікаваць гэтае відэа, хоць гэта магло б дапамагчы ў расьсьледаваньні. Па словах Мілера, так прынята рабіць у іншых краінах, калі сьледзтва замаруджваецца. Але Сяргей Князеў патлумачыў, што публікацыя фота можа паставіць пад пагрозу жыцьцё жанчыны ці прымусіць яе пакінуць краіну.

Ва Ўкраіне зьнялі фільм-расьсьледаваньне пра забойства Шарамета
Ва Ўкраіне зьнялі фільм-расьсьледаваньне пра забойства Шарамета

«Ня мне вам казаць, наколькі дзіўна гэта гучыць», — кажа Мілер.

На думку журналіста, паліцыя ўсё ж ня ведае асобаў падазраваных. Пасьля шматлікіх інтэрвію і мноства пытаньняў, якія ён ім задаў, у паліцыі вырашылі перадаць Мілеру хоць бы якую інфармацыю, каб ён ад іх адстаў.

Такога ж меркаваньне прытрымліваецца Хація Дэканаідзэ — кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны да лістапада 2016 года. Калі яна кіравала расьсьледаваньнем, цягам некалькіх месяцаў паліцыі не было нічога вядома пра асобы падазраваных. Калі Мілер сустракаўся зь Дэканаідзэ, ён распавёў ёй, што сьледчыя, магчыма, ведаюць асобы падазраваных, хоць і ня могуць іх назваць.

«Яна закаціла вочы і сказала: „Я ня думаю, што гэта так“», — кажа Мілер.

Пра беларускі і расейскі сьлед

Павал Шарамет часта крытыкаваў беларускія ўлады, а таму Мілер разглядаў і магчымы беларускі сьлед забойства. Але ён не знайшоў ніякіх доказаў гэтай тэорыі.

«Я не пабачыў нічога, што б прымусілі мяне паверыць у наяўнасьць беларускага сьледу, — сказаў Мілер. — Ці магчымы такі варыянт? Вядома».

Сьвятлана Калінкіна, Фота Алы Шарко, Прэс-клюб Беларусь
Сьвятлана Калінкіна, Фота Алы Шарко, Прэс-клюб Беларусь

Журналістка Сьвятлана Калінкіна, якая прысутнічала на прэзэнтацыі дакладу, паведаміла, што ад пачатку сьледзтва была дамоўленасьць зь беларускімі і расейскімі журналістамі. Яны былі гатовыя падключыцца да расьсьледаваньня, калі б выявілася датычнасьць Беларусі ці Расеі да забойства Шарамета.

«Але нічога не ўсплыло, — сказала Калінкіна. — Хоць у Маскве ёсьць сябры Паўла, якія кажуць пра спробы замаху і запалохваньня, якія былі ў Расеі. І Павал сам пра гэта распавядаў. Але ў Маскве зь імі ніхто не сустракаўся і нічога не даведваўся».

Людміла Шарамет - маці Паўла. Фота Алы Шарко, Прэс-клюб Беларусь
Людміла Шарамет - маці Паўла. Фота Алы Шарко, Прэс-клюб Беларусь

Людміла Шарамет, маці Паўла, таксама пацьвердзіла, што ўкраінскія праваахоўныя органы не зьвярталіся да замежных калег. У размове з украінскім сьледчым яна запыталася, чаму ніхто не зьвяртаецца да сяброў Паўла за мяжой.

«Яны гатовыя даць вам інфармацыю. Кожнаму зь іх ёсьць, што распавесьці. А ён (сьледчы — РС) мне кажа: „Ведаеце, у нас жа такія адносіны з Расеяй... Можа быць, у будучым мы зь імі зьвяжамся“. І дагэтуль ні зь кім яны не гаварылі».

Што дакладна вядома пра абставіны забойства

Ні ўкраінскія сьледчыя, ні журналісты пакуль ня ведаюць, хто стаіць за забойствам Шарамета. З дакладу Цэнтра расьсьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP, Organized Crime and Corruption Reporting Project) вынікае, што ў ноч перад забойствам Шарамета за ім сачылі супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны.

«Мы ведаем, што былы супрацоўнік СБУ быў на вуліцы, калі да аўтамабіля Прылепы была прымацаваная бомба, — кажа Мілер. — Мы ведаем, што ён сустракаўся з шасьцю мужчынамі батальёну „Азоў“. Мы ведаем, што ў яго была дзіўная сустрэча з Аляксандрам Кліменкам (уладальнік радыё „Весьці“, дзе працаваў Шарамет да апошняга часу — РС) у Маскве. І ўсе гэтыя людзі — грамадзяне Ўкраіны».

Мілер: Украінскія ўлады не ўспрымаюць расьсьледаваньне сур’ёзна

Даклад Крыстафэра Мілера быў апублікаваны ў ліпені 2017 года — праз год пасьля забойства Паўла Шарамета. Ён называецца «У правасудзьдзі адмоўлена: Украіна не прасунулася ў расьсьледаваньні забойства Паўла Шарамета». У ім Мілер указаў на недахопы, якія былі ў расьсьледаваньні ад самага пачатку.

Праца над расьсьледаваньнем Мілера прывяла да таго, што ўкраінскія ўлады сталі больш адкрыта гаварыць пра справу Шарамета. Мілер лічыць, што такім чынам яны спрабуюць паказаць, што сапраўды працуюць над расьсьледаваньнем і разглядаюць некалькі вэрсіяў забойства.

Калі даклад быў апублікаваны, украінскія ўлады аказаліся незадаволеныя ягонымі вынікамі. Але яны дэманстравалі сваю гатоўнасьць да супрацы, хоць пры гэтым і не давалі адказаў на пытаньні журналістаў.

Больш за тое, Пятро Парашэнка паабяцаў, што ён запросіць ва Ўкраіну сьледчага міжнароднай арганізацыі, які будзе працаваць над расьсьледаваньнем. У верасьні Крыстафэр Мілер нагадаў Парашэнку пра ягонае абяцаньне. На гэта прэзыдэнт Украіны адказаў, што чакае ад самога Мілера, каб ён прапанаваў кандыдатуру такога чалавека.

«Я кажу гэта, не каб падкапаць пад прэзыдэнта, — кажа Мілер. — Гэта прыклад таго, што ўкраінскія ўлады не ўспрымаюць расьсьледаваньне сур’ёзна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG