Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Паўла Шарамета: «У мяне ўжо няма асаблівай надзеі на правасудзьдзе Ўкраіны»


Людміла Шарамет на вечарыне памяці сына ў Менску, 28 лістапада 2016 году

Людміла Шарамет, маці забітага летась ва Ўкраіне Паўла Шарамета, ня мае надзеі на ўкраінскае правасудзьдзе. Пра гэта яна паведаміла сёньня ў Прэс клюбе на прэзэнтацыі дакладу пра расьсьледаваньне забойства Шарамета.

Як сказала Людміла Шарамет, яна двойчы была на прыёме ў прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Абодва разы ён падкрэсьліваў, што раскрыцьцё забойства — справа ягонага гонару.

«У канцы другой сустрэчы я яму сказала, што вы — гарант Канстытуцыі, у вас працуюць законы. Вы кажаце, што гэта справа вашага гонару, а вось спадар Авакаў напісаў, што гэта такая складаная справа, якая ніколі ня будзе расьсьледавана».

Па словах Авакава, расьсьледаваньне забойства Паўла Шарамета падпадае пад 7% справаў, якія ніколі не раскрываюцца.

«У мяне, вядома, асаблівай надзеі на правасудзьдзе Ўкраіны на сёньняшні дзень ужо няма», — сказала Людміла Шарамет.

Сёньня ў Прэс клюбе прайшла сустрэча з аўтарам дакладу пра расьсьледаваньня забойства — Крыстафэрам Мюлерам (Christopher Muller) — журналістам Радыё Свабода ва Ўкраіне. Мюлер падрыхтаваў даклад па замове Камітэту па абароне журналістаў (CPJ, Committee to Protect Journalists).

Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева, пасьля выбуху аўтамабіля, у якім ён быў за стырном. Шарамет — беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст тэлебачаньня, радыё і пэрыядычных выданьняў, у 1990-х — 2000-х гадах кіраўнік аддзелу спэцыяльных інфармацыйных праектаў расейскага тэлеканалу ОРТ, пасьля — «Першага каналу». Апошнія пяць гадоў свайго жыцьця ён правёў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданьні «Украінская праўда», а таксама на радыё «Весьці».

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG