Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя па справе забойства Шарамета выканалі працу на 95%, — МУС Украіны


Кветкі на месцы забойства Паўла Шарамета, архіўнае фота

У сьледзтве па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета зробленае амаль усё магчымае, заявіў Свабодзе дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Іван Варчанка.

«Расьсьледаваньне, наколькі можна было яго правесьці цягам гэтага году, практычна ў дэталях было праведзенае, — сьцьвярджае Варчанка. — У нас амаль дзьве тысячы апытаных, 150 тэрабайтаў інфармацыі, якая цяпер прааналізаваная, зь якой зробленыя высновы.

І мы разумеем, што ёсьць пэўнае кола падазраваных асобаў, мы таксама разумеем, што гэтыя падазраваныя асобы могуць цяпер хавацца, і, хутчэй за ўсё, хаваюцца.

Так я разумею, што праваахоўная сыстэма ў частцы сьледзтва на дадзены момант зрабіла 95% працы, якую можна было зрабіць, зыходзячы з тых зьвестак і з тых доказаў, якія можна было цяпер сабраць».

Іван Варчанка, архіўнае фота
Іван Варчанка, архіўнае фота

Паводле Варчанкі, нягледзячы на запыты грамадзтва з патрабаваньнямі хутчэйшага расьсьледаваньня гэтага злачынства, статыстыка раскрыцьця замоўных забойстваў у разьвітых краінах не перавышае 30% ад агульнай колькасьці такіх забойстваў.

Варчанка таксама заявіў, што сярод вэрсіяў, на якія працягвае ўказваць сьледзтва па справе Шарамета, застаецца «расейскі сьлед», але канчатковых доказаў няма.

«Справаздачу можна рабіць тады, калі ёсьць вынікі»

Журналісты, якія бралі ўдзел у кіеўскай акцыі «Год без Паўла» 20 чэрвеня запыталі ў сьпікера Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арцёма Шаўчэнкі пра тэрміны наступнай публічнай справаздачы пра расьсьледаваньне. Гэтага двойчы патрабаваў і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Арцём Шаўчэнка, архіўнае фота
Арцём Шаўчэнка, архіўнае фота

«Справаздачу можна рабіць тады, калі ёсьць вынікі, — заявіў Шаўчэнка. — Я спадзяюся, што яна адбудзецца тады, калі злачынства будзе раскрыае. Я вельмі на гэта спадзяюся і вельмі ў гэта веру. 8 лютага была такая шырокая справаздача. Наступная будзе падчас раскрыцьця злачынства. Але калі гэта адбудзецца, не магу гэтага сказаць.

Шаўчэнка таксама падкрэсьліў, што расейскі сьлед застаецца галоўнай вэрсіяй забойства. Але, паводле яго, гэтую вэрсію немагчыма дакладна дасьледаваць з-за адсутнасьці магчымасьцяў праводзіць сьледчыя дзеяньні на тэрыторыі Расеі.

«Гэта значна ўплывае на вынікі сьледзтва», — дадаў сьпікер Міністэрства ўнутраных спраў.

***

12 ліпеня міжнародная арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» (CPJ) у сваёй справаздачы раскрытыкавала расьсьледаваньне забойства Шарамета і заявіла, што яно выклікае больш пытаньняў, чым дае адказаў, амаль праз год пасьля забойства. У інтэрвію «Настоящему времени» генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў пра адсутнасьць сур'ёзнага прагрэсу ў расьсьледаваньні справы аб забойстве журналіста.

Павел Шарамет — беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст тэлевізіі, радыё і пэрыядычных выданьняў, у 1990-х і 2000-х гадах кіраўнік аддзелу спэцыяльных інфармацыйных праектаў расейскага тэлеканала ОРТ, пасьля - «Першага каналу». Заснавальнік і рэдактар сайту «Беларускі партызан». Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў ва «Украінскай праўдзе», а таксама на радыё «Весьці». Быў забіты 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку падрыву аўтамабіля. Украінская ўлада кваліфікуе сьмерць журналіста як наўмыснае забойства. Да гэтага часу афіцыйнага падазраванага ў расьсьледаваньні забойства Шарамета няма.

Людміла Шарамет: «Павал заўсёды памятаў пра сваю краіну і падкрэсьліваў, што ён родам зь Беларусі»

XS
SM
MD
LG