Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CPJ: Кіеў ня змог даць доказы пра расейскі сьлед у забойстве Шарамета


Камітэт абароны журналістаў (CPJ) занепакоены замарожваньнем расьсьледаваньня справы пра забойства журналіста Паўла Шарамета, які загінуў 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля.

«Матывы (забойства) не былі спраўджаныя. Вялікая колькасьць часу і людзкіх намаганьняў былі скіраваныя на пошук сьлядоў злачынства, але гэта не прывяло да вынікаў. Злачынцы, якіх можна было пабачыць на відэа з камэр назіраньня, не ідэнтыфікаваныя, не кажучы пра тое, што яны не затрыманыя», — сказаў сёньня ў Кіеве журналіст «Радыё Свабода» Крыстафэр Мілер — аўтар справаздачы аб выніках маніторынгу афіцыйнага расьсьледаваньня забойства Паўла Шарамета.

Мілер таксама зьвярнуў увагу на тое, што праваахоўныя органы, далучаныя да расьсьледаваньня, абвінавачвалі адзін аднаго ў зьнішчэньні відэадоказаў і перашкодах у працы сьледзтву. «Можна казаць пра няпоўнае расьсьледаваньне, якое мае няшмат вынікаў», — дадаў ён.

У сваю чаргу каардынатар праграмы Камітэту абароны журналістаў у Эўропе і Азіі Ніна Агнянава дадала, што ў часе сустрэч з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, якія займаюцца расьсьледаваньнем справы, не атрымалі інфармацыі пра прагрэс сьледзтва.

Просім улады Беларусі пасьмяротна аднавіць грамадзянства Шарамета

«Сьледзтва мае сканцэнтравацца на прафэсійнай дзейнасьці Шарамета менавіта ва Ўкраіне, як на магчымым матыве злачынства, а таксама падтрымліваць незалежныя расьледаваньні», — мяркуе экспэрт.

«Мы заклікаем расейскі ды беларускі ўрады поўнасьцю супрацоўнічаць у расьследаваньні забойства Шарамета ды палепшыць доступ сьледчых да матэрыялаў, азнаямленьне зь якімі магло б даць вынік. Мы таксама просім улады Беларусі пасьмяротна аднавіць грамадзянства Шарамета», — паведаміла Ніна Агнянава пра рэкамэндацыі Камітэту абароны журналістаў.

Крыстафэр Мілер
Крыстафэр Мілер

У той жа час Крыстафэр Мілер адзначыў: «Улады не змаглі нам даць доказы пра расейскі сьлед. Мы прыйшлі да высновы, што менавіта ва Ўкраіне трэба праводзіць дбайнае расьсьледаваньне матываў гэтага злачынства».

Паводле аўтара справаздачы, напярэдадні на сустрэчы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прапанаваў далучыць да працы нацыянальнай каманды сьледчых аўтарытэтнага міжнароднага крыміналіста-дасьледчыка.

Улады не змаглі нам даць доказы пра расейскі сьлед

У сваю чаргу маці Паўла Шарамета Людміла адзначыла:

«Моц — у праўдзе, і я вельмі ўдзячная Камітэту абароны журналістаў за тое, што яны робяць усё магчымае, каб ва Ўкраіне ўстанавіць праўду пра тое, што адбылося, і хто стаіць за забойствам. Я ня мела магчымасьці раней публічна падзякаваць украінскаму народу і схіліць перад ім галаву. Хачу падзякаваць тым простым людзям, якія палюбілі майго сына, якія прыходзілі да яго на разьвітаньне і схіляліся на калені... Цяпер мой час схіляцца. Усім вам я жадаю дабрабыту, здароўя. Беражыце сваё жыцьцё!».

Камітэт абароны журналістаў (Committee to Protect Journalists (CPJ)) — міжнародная няўрадавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку, якая займаецца абаронай правоў журналістаў. Арганізацыя зьбірае інфармацыю аб рэпрэсіях і забойствах журналістаў па ўсім сьвеце.

XS
SM
MD
LG