Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшанавалі памяць забітага ў Кіеве журналіста Паўла Шарамета. Фота


На Паўночных могілках Менску ўшанавалі памяць беларуска-расейска-ўкраінскага журналіста Паўла Шарамета, які роўна год таму быў забіты ў выніку выбуху машыны ў Кіеве.

Помніка на магіле пакуль няма, але напярэдадні ў размове са Свабодай ягоная маці Людміла Станіславаўна сказала, што эскізны праект гатовы і неўзабаве помнік будзе ўстаноўлены.

Ля магільнага крыжа — сьвежыя кветкі, а таксама вянок з жоўта-блакітнымі стужкамі ад украінскай амбасады.

Успомніць калегу сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, найперш журналісты, людзі творчых прафэсій, грамадзкія актывісты. Прыйшла Сьвятлана Завадзкая, чый муж Зьміцер, сябра і калега Паўла, пры загадкавых абставінах зьнік у 2000 годзе.

Сьвятлана Завадзкая
Сьвятлана Завадзкая

Колішняя кіраўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна з жалем канстатавала, што дагэтуль няма поўнай вэрсіі забойства Паўла Шарамета, матываў гэтага злачынства. Паколькі інфармацыя ад сьледзтва падаецца дазавана, выглядае, што надышоў час патрабаваць міжнароднага расьсьледаваньня гэтай гучнай справы.

Жанна Літвіна ля магілы Паўла Шарамета
Жанна Літвіна ля магілы Паўла Шарамета

«Караць, а тым больш забіваць журналіста за ягоную прафэсію нельга. Дараваць такое немагчыма. Менавіта гэта падштурхнула міжнародную супольнасьць да салідарнасьці. І паколькі сам Павал лічыў галоўным крытэрам сваёй працы апору на праўду, то справай гонару будзе высьветліць, каму на самой справе перашкаджала ягоная праца».

Алесь Залеўскі з тэлеканалу «Белсат» таксама зазначыў, што пэўныя сілы перашкаджаюць даведацца праўду пра акалічнасьці трагедыі:

«І хоць падобная сытуацыя дэматывуе і, магчыма, хочацца ўрэшце апусьціць рукі, трэба працягваць шукаць і заказьнікаў, і выканаўцаў. Калі ты ў прафэсіі, то выбару няма — неабходна адкінуць страх», — адзначыў ён, падкрэсьліўшы, што Павал як ніхто іншы ўмеў данесьці сваю пазыцыю калегам, асабліва тым, хто пачынаў рабіць у журналістыцы першыя крокі.

Праваабаронца цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка падкрэсьліла, што з году ў год расьце статыстыка сьмерці журналістаў у розных рэгіёнах сьвету, і гэта стала ледзь ня звыклай справай.

«Церпяць найперш тыя, чыя прафэсійная дзейнасьць нясе небясьпеку для пэўных сілаў. Але нельга баяцца, мы ня маем маральнага права расьпісацца ва ўласнай слабасьці», — падсумавала Тацяна Равяка.

Вядомы беларускі кінарэжысэр Віктар Дашук згадаў, што на пачатку 2000-х здымаў фільм, у якім адным зь герояў быў Павал Шарамет:

«Тады ён выказаў прарочыя словы: забойствы будуць працягвацца, але ў больш жорсткай і подлай форме. Гэтаму трэба было надаць большую ўвагу, але чалавечая псыхіка такая, што ня думаецца пра горшае... На жаль, пад сёньняшнім небам нічога з добрых чаканьняў не засталося. І людзей, падобных Паўлу, амаль няма, усё паступова выраджаецца. Куды падзеўся імпэт і жаданьне нешта зьмяніць, незразумела».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG