Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад рэканструкцыю мясцовых дарог Беларусі няма ні грошай, ні тэхнікі, ні матэрыялаў


Да 2020 году ў Беларусі зьбіраюцца адрамантаваць і рэканструяваць ня меней за 7 тысяч кілямэтраў мясцовых дарог і 2809 пагонных мэтраў мастоў і пуцеправодаў.

Гэтыя лічбы назвалі 16 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску начальнік галоўнага ўпраўленьня аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандар Галаўнёў і дырэктар навукова-дасьледчага інстытуту «БелдарНДІ» Віктар Шумчык.

Менавіта такія задачы пастаўленыя ў новай «дарожнай» праграме Беларусі, якая разьлічаная на 2017–2020 гады. Урад прыняў яе сёлета ў верасьні.

Але тое, што трапіла ў праграму, — толькі частка таго, што трэба тэрмінова рабіць. Неадкладнага рамонту патрабуе аж 21 тысяча кілямэтраў мясцовых дарог, амаль траціна ад іх агульнай колькасьці. 54% мастоў і пуцеправодаў таксама чакаюць абнаўленьня. З гэтай прычыны кіроўцы церпяць шмат невыгодаў: ім увялі абмежаваньні на велічыню грузу і хуткасьць язды.

Каб паправіць становішча, не хапае тэхнікі, матэрыялаў і грошай.

Вытворчае абʼяднаньне «Амкадор» заяўляе, што новую тэхніку яно паставіць на паток гады праз тры. Калі так, то гэта адбудзецца якраз у год заканчэньня ўрадавай праграмы. Купіць імпартную тэхніку не хапае грошай. Не хапае нават цэмэнту для новага асфальту, хоць, здаецца, у Беларусі цэмэнтавых заводаў шмат. Аднак згодна з эўрапейскімі нормамі верхні слой бэтону нельга падвозіць з адлегласьці, большай за 30 кілямэтраў. А гэта азначае, што трэба карыстацца не стацыянарнымі, а мабільнымі цэмэнтнымі заводамі. А з гэтым таксама праблемы.

Карацей, урадавая праграма ёсьць, але выкананьне яе выклікае шмат пытаньняў. Дарэчы, саму «дарожную» праграму, у якую рамонт і рэканструкцыя мясцовых дарог уваходзіць у якасьці «падпраграмы», ацанілі ў 2,87 мільярда даляраў.

Чаму ў Беларусі кепскія дарогі

На пытаньне, чым тлумачыцца такі дрэнны стан аўтамабільных дарог Беларусі, прагучаў адказ, што «ў нашай краіне найвышэйшая шчыльнасьць дарог ва ўсім СНД» і «нашы дарогі фармаваліся ў гады Савецкага Саюзу, нагрузка на вось машыны складала 6 тон, а цяпер пераважна рухаюцца машыны з нагрузкай 10–11 тон».

Як адзначае Саўмін, з 1997 году ў Беларусі амаль утрая павялічыўся ўзровень аўтамабілізацыі насельніцтва, але працягласьць дарог агульнага карыстаньня павялічылася толькі ў 1,6 раза (практычна перастала расьці з пачатку 2000-х). Абʼём дарожных працаў зьменшыўся за 20 гадоў у 3,6 раза.

З амаль 87 тысяч кілямэтраў дарог агульнага карыстаньня 11,5 тысячы ня маюць цьвёрдага пакрыцьця (усе грунтовыя — мясцовыя, але не рэспубліканскія). З 16 тысяч кілямэтраў рэспубліканскіх дарог 29,7% не адпавядаюць нормам, з 71 тысячы км мясцовых 30% патрабуюць рамонту, больш за 64% маюць абмежаваньне на вагу машынаў. Барацьба са штогадовым псаваньнем дарог вядзецца несвоечасова. Зь мясцовых дарог 94% эксплюатуюцца «зь перавышэньнем міжрамонтных тэрмінаў».

Новую дарожную праграму Беларусі ацанілі ў 2,87 млрд даляраў. На што пойдуць грошы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG