Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нікому мы не патрэбныя», — пасьля рамонту дарогі вазочнік заблякаваны ў сваёй хаце


Уладзімер Вялюк за вароты выехаць ня можа

Уладзімер Вялюк зь вёскі Лукомер Бярозаўскага раёну ня ходзіць, перасоўваецца на вазку. Але больш за два гады ня можа выбрацца са свайго двара самастойна.

Выехаць перашкаджае сама дарога: два гады таму яе паднялі значна вышэй. З хаты Ўладзімера Велюка ў акно відаць, як машыны едуць ледзь не па-над вокнамі.

«Яны калі асфальт гэты клалі, то я ім крычаў — вы што, маўляў, робіце? Вы ж мяне замуроўваеце! А яны мне — «У нас пляны».

Вады з калодзежа Ўладзімер можа набраць сам
Вады з калодзежа Ўладзімер можа набраць сам

Інвалідам Уладзімер стаў пасьля аварыі, амаль 30 год таму.

«У 1989 годзе я трапіў у аварыю. Працаваў у калгасе ў Пружанскім раёне, ехалі на „ўазіку“ па працоўных справах, я пасажырам быў... І вось 30 год, лічы, я так вось жыву. Жыў спачатку ў мамы, але цяжка было з 3 паверха спускацца. Купілі мне гэтую хату ў вёсцы. Ну і жыў тут, але ж бачыце — замуравалі...» — кажа Ўладзімер.

Да рамонту дарогі, кажа спадар Вялюк, ён спакойна выяжджаў з двара ў краму, да сяброў і нават у суседнюю вёску. Цяпер жа ўзьехаць на дарогу на вазку няма як:

«Хочацца да сяброў зьезьдзіць, пагутарыць хаця б. Улетку яшчэ я сядаю на зямлю ды цягну вазочак за сабой угару на асфальт, а потым сядаю ды еду. А восень, зіма, калі бруд ды дождж...»

Спадар Вялюк кажа, што чатыры разы зьвяртаўся ў сельсавет з гэтай праблемай. Скардзіўся таксама, што вада з дарогі цячэ яму ў двор:

«Адзін адказ — грошай няма. Ну нікому нічога ня трэба! Як у Малечы жыў, у акно глядзеў з трэцяга паверха, так і тут — прыехаў у вёску і ў акно гляджу».

Адолець высокі пад’ём на дарогу Ўладзімер ня можа
Адолець высокі пад’ём на дарогу Ўладзімер ня можа

Пасьля аварыі ў 1989 годзе жонка пакінула Ўладзімера Велюка. Зь ім засталіся два сыны. Але цяпер яны вырасьлі і жывуць у іншых паселішчах, як і брат Уладзімера. Брат з сынамі наведваюць яго часта, але ня штодня.

Уладзімер мае матаблёк, якім можа сам кіраваць. Улетку часам на матаблёку ён і выяжджаў з двара. Але цяпер ня можа, бо колы буксуюць па восеньскай сырой траве. Да таго ж, кажа Ўладзімер, выяжджаць самому на матаблёку з двара небясьпечна, бо ўгару трэба разганяцца — можна выскачыць пад аўтамабіль.

«Лукашэнка казаў, што інвалідам заўсёды дапамогуць, усё зробяць. У гарадах — магчыма. А тут, у вёсцы, нікому мы не патрэбныя. Хоць я працаваў на дзяржаву, але здарылася аварыя — вытворчая траўма», — кажа Ўладзімер.

Спадар Вялюк мае каля хаты невялікую майстэрню, дзе рамантуе людзям сельгаспрылады — прыкладам, бэнзапілу ці касілку. Трымае курэй, сьвіньню. Шмат з чым у сваёй гаспадарцы можа ўправіцца сам. Адзінае, чаго ня можа, — выехаць з двара да людзей.

«Нікому мы не патрэбныя»
«Нікому мы не патрэбныя»

Журналістам не ўдалося дабіцца ў сельвыканкаме камэнтару наконт таго, як можна дапамагчы Ўладзімеру Велюку.

За вазочніка заступіўся сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў. Ён паабяцаў, што дапаможа скласьці звароты да мясцовых уладаў з патрабаваньнем вырашыць праблему інваліда.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG