Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Лукашэнку нарэшце пусьцілі ў Эўропу


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Неафіцыйныя крыніцы ў ЭЗ паведамляюць, што Беларусь запрошаная прыняць удзел у саміце «Ўсходняга партнэрства» 24 лістапада ў Брусэлі «без абмежаваньняў». У перакладзе з дыпляматычнай мовы гэта азначае, што ў сталіцу Эўропы запрошаны Аляксандар Лукашэнка. І гэтае паведамленьне цягне калі не на сэнсацыю, дык на вельмі знакавую падзею. Бо Лукашэнка і Эўропа — гэта доўгі час былі паняцьці-антыподы. Запрашэньне ў Брусэль азначае прарыў эўрапейскай ізаляцыі.

Дасьведчаныя людзі запярэчаць, што ня так даўно Лукашэнка быў у ЭЗ. Сапраўды, у 2009 і 2016 годзе кіраўнік Беларусі наведаў Рым і Ватыкан. Ён быў там на запрашэньне рымскага папы, а па дарозе сустракаўся з кіраўніцтвам Італіі. Таксама ў 2009 годзе беларускі лідэр зьезьдзіў у Вільню. Хоць там ён і сустрэўся з прэзыдэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце, але той візыт ня быў ні афіцыйным, ні нават працоўным. Фактычна гэта была паездка на адкрыцьцё беларуска-літоўскага эканамічнага форуму і выставы. Яшчэ раней, у 2002 годзе, Лукашэнка наведаў Аўстрыю, каб пакатацца на лыжах у Альпах.

Але цяперашняя паездка ў Брусэль можа адбыцца ў зусім іншым фармаце. Па-першае, гэта саміт «Усходняга партнэрства», на якім будзе прысутнічаць шмат хто зь лідэраў краін ЭЗ. То бок вельмі салідная кампанія. Па-другое, гэта Брусэль, сталіца Эўропы — а ня Рым і ня Вільня, пры ўсёй павазе да гэтых сталіц. Па ўзроўні, па дыпляматычным статусе гэтую паездку можна будзе параўнаць хіба што з афіцыйным візытам Лукашэнкі ў Францыю ў далёкім 1996 годзе.

Пакуль няма ніякай інфармацыі, ці насамрэч Лукашэнка паедзе ў Брусэль. Галоўны чыньнік, якія выклікае сумненьні, гэта магчымая нэгатыўная рэакцыя Расеі. На мой погляд, ён, хутчэй, усё ж паедзе. Калі б не было вайсковых вучэньняў «Захад-2017», то рызыка сапсаваць адносіны з Масквой праз гэтую паездку была б значна большая. А цяпер манэўры прайшлі, яны даказалі статус Беларусі як вернага саюзьніка Расеі і пры гэтым сапсавалі ў вачах Захаду вобраз Беларусі як нэўтральнай дзяржавы і міратворца. Такі вобраз беларускае кіраўніцтва настойліва стварала пасьля Крыму цэлыя тры гады. Таму цяпер трэба гайдануць ківач у іншы бок, прадэманстраваць ЭЗ імкненьне працягваць працэс нармалізацыі адносін.

Цяпер трэба гайдануць ківач у іншы бок, прадэманстраваць ЭЗ імкненьне працягваць працэс нармалізацыі адносін

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў на партале TUT.BY адзначае, што ў Брусэль Лукашэнка прыедзе пераможцам, каб прадэманстраваць сваю непахіснасьць перад санкцыямі Эўразьвязу. «Калі паглядзець пільна і дэталёва на тое, за што Эўразьвяз уводзіў санкцыі і што афіцыйным Менскам было зроблена, то трэба канстатаваць, што Лукашэнка не пайшоў на саступкі. То бок нейкія мінімальныя крокі па лібэралізацыі ўнутры Беларусі былі зробленыя, але, тым ня менш, генэральныя патрабаваньні, якія Эўразьвяз выстаўляў, выкананыя не былі... Аляксандар Лукашэнка прыедзе ў Брусэль пераможцам, эўрапейцы будуць глядзець на яго, а ён будзе ім расказваць, як трэба ўсталёўваць бясьпеку ва Ўкраіне і Эўропе», — кажа Мельянцоў.

Па вялікім рахунку, так. Нагадаю, што празь некалькі дзён пасьля крывавых падзей у Менску 19 сьнежня 2010 году некалькі заходніх газэт надрукавалі артыкул міністраў замежных спраў Чэхіі, Польшчы, Нямеччыны і Швэцыі пад красамоўнай назвай: «Лукашэнка — лузэр». Сёньня тыя міністры даўно страцілі свае пасады. А Лукашэнка ўсё ў тым жа статусе, больш за тое, прыедзе вучыць Эўропу, як трэба жыць.

Але, зь іншага боку, у беларускага лідэра цяпер трохі іншы вобраз. Ён ужо не апошні дыктатар Эўропы. На гэты «ганаровы» статус прэтэндуе іншы палітык.

Акрамя таго, Лукашэнка паедзе ў Брусэль не як зацяты змагар з Захадам і эўрапейскімі каштоўнасьцямі, якім ён быў раней. Даўно прайшлі тыя часы, калі кіраўнік Беларусі на саміце Руху недалучэньня заклікаў краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі арганізаваць паход супраць «аднапалярнага сьвету» (то бок супраць Захаду), прэтэндуючы на лідзіруючую ролю ў гэтай кампаніі. Ён ужо не прапаноўвае сьвету альтэрнатыўную мадэль посткамуністычнай трансфармацыі, якая нібыта так удала рэалізавалася ў Беларусі (бо няма ўжо чым хваліцца).

Лукашэнка сёньня выступае ў ролі лідэра краіны-міратворца, донара рэгіянальнай бясьпекі, які прапануе Эўропе праект «Хэльсынкі-2».

Tempora mutantur et nos mutamur in illis (Часы мяняюцца, і мы мяняемся разам зь імі), — пісалі старажытныя. Мудрыя былі людзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG