Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэа Рыгоні: ПАРЭ павінна працягваць палітыку адчыненых дзьвярэй у адносінах да Беларусі


Андрэа Рыгоні

27 чэрвеня на паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) у Страсбуры была абмеркаваная справаздача спэцдакладчыка па Беларусі Андрэа Рыгоні і прынятая адпаведная рэзалюцыя.

Андрэа Рыгоні ў сваім выступе адзначыў, што настаў час актывізаваць адносіны Асамблеі зь Беларусьсю, якая, на ягоную думку, зьяўляецца «эўрапейскай краінай».

Спэцдакладчык паведаміў, што ў мінулым месяцы адбыліся дзьве важныя падзеі ў Беларусі: выкананьне сьмяротнага прысуду ў адносінах да Сяргея Вострыкава і рэгістрацыя руху «Гавары праўду».

«Мы паўтараем, што адмена сьмяротнага пакараньня зьяўляецца абсалютна неабходнай. Калі няма адмены сьмяротнага пакараньня, мы ня зможам дасягнуць ніякага прагрэсу», — падкрэсьліў Рыгоні.

«Віншую Беларусь з рэгістрацыяй гэтай апазыцыйнай партыі», — сказаў ён, адносячыся да рэгістрацыі «Гавары праўду».

«Мы павінны працягваць палітыку адчыненых дзьвярэй. Вядома, мы павінны заставацца вернымі нашым каштоўнасьцям і нязьменнымі ў абароне правоў на свабоду сходаў, свабоду слова і свабоду рэгістрацыі палітычных партый, а таксама права на жыцьцё. Мы хочам нарэшце ўбачыць мараторый на сьмяротнае пакараньне… Мы павінны старацца дамагчыся прагрэсу ў Беларусі. Мы павінны быць актыўнымі, мы ня можам проста абмежавацца асуджэньнем сытуацыі ў Беларусі», — сказаў Рыгоні ў заключэньне свайго кароткага выступу.

Пасьля выступу спэцдакладчыка адбылася дыскусія і галасаваньне над рэзалюцыяй ды рэкамэндацыямі.

Рэзалюцыя сьцьвярджае, сярод іншага, што ПАРЭ «глыбока шкадуе» аб тым, што станоўчая тэндэнцыя ў публічным жыцьці Беларусі «была падарваная нядаўняй эскаляцыяй масавага гвалту і перасьледу ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў у лютым і сакавіку 2017».

ПАРЭ таксама «шкадуе з прычыны адсутнасьці палітычнай волі» Менску выканаць ранейшыя яе рэкамэндацыі адносна прывядзеньня беларускага заканадаўства ў адпаведнасьць з міжнароднымі стандартамі ў галіне дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека. Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады забясьпечыць свабоду асацыяцыяў і мірных сходаў, захаваньне свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі, сапраўдны палітычны плюралізм ды свабодныя і справядлівыя выбары, ды выказаць сапраўдную палітычную волю ў пытаньні сьмяротнага пакараньня, увёўшы мараторыю на выкананьне сьмяротных прысудаў.

«Асамблеі пакуль не ўдалося адмовіцца ад ілжывых стэрэатыпаў і састарэлых падыходаў», — так беларускі МЗС пракамэнтаваў даклад Андрэа Рыгоні і прынятую рэзалюцыю ПАРЭ па Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG