Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэля па літаратуры атрымаў брытанскі пісьменьнік Кадзуо Ісігура

абноўлена

Нобэлеўскі камітэт прысудзіў прэмію па літаратуры брытанскаму пісьменьніку японскага паходжаньня Кадзуо Ісігура. Яго ўзнагародзілі за творы «вялікай эмацыйнай сілы». Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе акадэміі.

У заяве Швэдзкай акадэміі гаворыцца, што раманы Ісігура раскрылі бездань «пад нашай ілюзорнай сувязьзю са сьветам».

Ісігура нарадзіўся ў японскім горадзе Нагасакі. Затым яго сям'я эмігравала ў Вялікую Брытанію. Цяпер пісьменніку 63 гады. Раней ён быў ганараваны Букераўскай прэміяй за раман «Рэшта дня», які выйшаў у 1989 годзе. Па матывах твору быў зняты аднайменны фільм, які атрымаў восем намінацыяў прэміі «Оскар».

Кніга «Рэшта дня» пабудаваная як маналёг пажылога ангельскага дварэцкага, які ўзгадвае сваё жыцьцё. Яшчэ адзін з самых вядомых раманаў Ісігура «Не адпускай мяне» распавядае аб выхаванцах школы-інтэрнату, якія жывуць у антыўтапічнай вэрсіі Брытаніі.

Кнігі Кадзуо Ісігура на выставе ў Швэдзкай акадэміі ў Стакгольме.
Кнігі Кадзуо Ісігура на выставе ў Швэдзкай акадэміі ў Стакгольме.

Сьпіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду засакрэчаны і будзе апублікаваны толькі праз 50 гадоў. Традыцыйна менавіта з нагоды гэтай намінацыі зьяўляецца самая вялікая колькасьць прагнозаў.

Паводле ацэнак букмэкераў, сёлета асноўнымі прэтэндэнтамі на гэтую прэстыжную прэмію былі японскі пісьменьнік Харукі Муракамі, кенійскі аўтар Нгугі Ва Тхіёнга і канадзкая пісьменьніца Маргарэт Этвуд.

Леташнюю Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымаў амэрыканскі паэт і сьпявак Боб Дылан «за стварэньне новых паэтычных выразаў у межах вялікай амэрыканскай песеннай традыцыі».

У 2015 годзе Нобэлеўскую прэмію па літаратуры атрымала беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. Прэмія была прысуджаная «за паліфанічныя творы, помнік пакутам і мужнасьці ў наш час».

Паводле запавету самога швэдзкага прамыслоўца і вынаходніка Альфрэда Нобеля, прэміі яго імя прысуджаюцца, пачынаючы з 1901 году, у пяці намінацыях: фізыка, хімія, мэдыцына, літаратура, а таксама прэмія міру. Памер грашовай часткі Нобэлеўскай прэміі складае каля мільёну даляраў ЗША. Уручэньне ўзнагароды праходзіць 10 сьнежня, у дзень сьмерці Нобэля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG