Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Муракамі», «Толькі не Муракамі», — беларускія пісьменьнікі пра прэтэндэнтаў на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры


Харукі Муракамі.

5 кастрычніка назавуць пераможцу Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.

Паводле ацэнак букмэкераў, сёлета асноўныя прэтэндэнты на гэтую прэстыжную прэмію — японскі пісьменьнік Харукі Муракамі, кенійскі аўтар Нгугі Ва Тхіёнга і канадзкая пісьменьніца Маргарэт Этвуд.

Каго вы чыталі, ведаеце і любіце са сьпісу самых верагодных ляўрэатаў на Нобэлеўскую прэмію? На гэтае пытаньне Свабоды адказалі беларускія пісьменьнікі.

Георгі Марчук: «На жаль, да нас усё даходзіць пазьней, друкуюцца ўжо тыя, хто атрымаў Нобэлеўскую прэмію.

Я люблю густы рэалізм

Пра Нгугі Ва Тхіёнга і Маргарэт Этвуд першы раз чую нават. А беларускі пісьменьнік, як і расейскі, наўрад ці атрымае ў бліжэйшыя дзесяць гадоў. Я думаю, што ў гэтым годзе атрымае Нобэлеўскую прэмію прадстаўнік ізраільскай літаратуры, якога я некалькі апавяданьняў чытаў, Амос Оз. Крыху я знаёмы з творчасьцю Муракамі. Але калі часта кажуць, што дадуць, то адкладваецца пісьменьнік, якога афішуюць букмэкеры і СМІ. Я люблю густы рэалізм са шчымлівым стаўленьнем да трагічнага жыцьця чалавека на зямлі. Я ўхваляю людзей, якія ставяць за мэту дасягнуць Нобэлеўскай прэміі. Яна лічыцца вельмі сур’ёзнай, усясьветнай прэміяй».

Людміла Рублеўская: «Я ня надта сачыла ў гэтым годзе за прэміяй. Але я за Муракамі, хоць ён не зьяўляецца маім любімым пісьменьнікам. Але ён ужо столькі разоў прэтэндаваў і быў літаральна за крок ад перамогі, у яго столькі прыхільнікаў па ўсім сьвеце, што па справядлівасьці ўжо могуць і даць, узнагародзіўшы тым самым усіх яго чытачоў.

Людміла Рублеўская
Людміла Рублеўская

Маргарэт Этвуд, безумоўна, заслугоўвае. Яе я больш упадабала б. Пра Нгугі Ва Тхіёнга нічога не магу сказаць. Нобэлеўская прэмія якраз вызначаецца тым, што прапануе сьпісы пісьменьнікаў, зь якіх бальшыню мы першы раз чуем. Я думаю, што будзе чарговы сюрпрыз, але я паставіла б на Муракамі. Але ўсе названыя вамі аўтары не мае ўлюбёныя».

Віктар Марціновіч: «На першым месцы для мяне Муракамі. Потым Маргарэт Этвуд. Нгугі Ва Тхіёнга не падабаецца зусім, але, напэўна, пераможа ў гэтым годзе. Гэта мая здагадка. Але я хацеў бы пажадаць перамогі Муракамі. Здаецца, ён самы беларускі па адчуваньнях з усіх магчымых намінантаў».

Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

Адам Глобус:"Чытаў апавяданьні Муракамі. Гэта з найгоршага, што я чытаў зь японцаў і амэрыканцаў».

Адам Глобус
Адам Глобус

Альгерд Бахарэвіч: «Я не сачу за гэтым шоў, бо не цікава. Але з тых аўтараў, якіх вылучаюць букмэкеры — Маргарэт Этвуд. І Оўтс. Я за іх. Толькі не Муракамі».

Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG