Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратурнага Нобэля атрымаў паэт і сьпявак Боб Дылан


Боб Дылан
Боб Дылан

Сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымаў амэрыканскі паэт і сьпявак Боб Дылан «за стварэньне новых паэтычных выразаў у межах вялікай амэрыканскай песеннай традыцыі».

Боб Дылан (нар. 1941) – культавая постаць амэрыканскай і сусьветнай поп-музыкі.

Пачынаючы з 1962 году, ён выдаў 37 студыйных альбомаў, пераважна са сваімі песьнямі, для якіх сам пісаў словы. Літаратурныя крытыкі ня раз зьвярталі ўвагу, што словы песьняў Боба Дылана зьяўляюцца паэзіяй найвышэйшай пробы і як такія заслугоўваюць прызнаньня літаратурнага сьвету. На працягу апошніх гадоў Боб Дылан, паводле букмэкераў, значыўся сярод найбольш імаверных кандыдатаў на Нобэлеўскую літаратурную прэмію.

Найбольш вядомыя музычныя кампазыцыі і паэтычныя тэксты Боба Дылана паходзяць зь ягоных альбомаў, запісаных у 1960-х: «The Freewheelin’ Bob Dylan» (1963), «The Times They Are a-Changin’» (1964), «Bringing It All Back Home » (1965), «Highway 61 Revisited» (1965), «Blonde on Blonde» (1966), «John Wesley Harding» (1967).

Кар’ера Боба Дылана перажывала падзеньні і ўзьлёты, але ён працягвае запісваць усё новыя альбомы і выступаць з канцэртамі практычна ажно да сёньня. Апошні студыйны альбом Дылана, «Fallen Angels», зьявіўся сёлета. Да ягоных найлепшых альбомаў, запісаных пасьля 1960-х, крытыкі залічваюць: «Blood on the Tracks» (1975), «Desire» (1976), «Slow Train Coming» (1979), «Infidels» (1983), «Oh Mercy» (1989), «Time Out of Mind» (1997).

Боб Дылан нарадзіўся як Робэрт Ален Цымэрман (Зымэрман) 24 траўня 1941 году ў мястэчку Дулут у штаце Мінэсота, у сям’і дробнага габрэйскага гандляра. Дзяды Дылана з бацькавага боку эмігравалі ў ЗША з Адэсы пасьля 1905 году. Вікіпэдыя паведамляе, што ягоныя дзяды з матчынага боку былі габрэямі-літвакамі і выехалі з Расейскай імпэрыі ў 1902 годзе, але не падае месца, адкуль яны паходзілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG