Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі людзей зьнікае ў Беларусі і чаму? Пытаньні і адказы


10-гадовага Максіма Мархалюка шукаюць 11-я суткі. Свабода ўзгадвае іншыя гісторыі, калі людзі ў Беларусі зьнікалі, і разьбіраецца, чаму так бывае.

Колькі беларусаў зьнікае бязь вестак?

Каля 12 тысяч у год. Большасьць зь іх хутка знаходзяцца, аднак некаторых шукаюць па 5, 10 і нават 20 гадоў. Часьцей за ўсё людзі губляюцца, калі зьяжджаюць на іншае месца жыхарства альбо на працу ў іншую краіну і зь нейкіх прычын не інфармуюць пра свае перамяшчэньні родных. Гаворка перадусім аб працоўнай міграцыі ў Расею.

У 2006 годзе розгалас атрымала гісторыя зьнікненьня 43-гадовай жыхаркі Гародні і яе 14-гадовай дачкі. Знайшлі іх толькі ў лютым 2015 году. Амаль 10 гадоў жанчына пражыла ў Расеі, пры гэтым яна прынцыпова не паведамляла родным, дзе яна, і не афармляла дакумэнты на новым месцы жыхарства.

Акрамя пераезду, людзі таксама зьнікаюць з крымінальных прычын, губляюцца ў лясах. Бывае, што выходзяць з дому без дакумэнтаў і страчваюць памяць. Асобная катэгорыя — падлеткі, якія пасьля канфліктаў у сям’і пускаюцца ва ўцёкі. Іх могуць шукаць тыднямі. Нярэдка такіх уцекачоў знаходзяць за тысячы кілямэтраў ад дому.

Пошукі Максіма Мархалюка
Пошукі Максіма Мархалюка

Колькі губляецца ў лясах?

Больш за ўсё грыбнікоў губляецца ў лясах Беларусі ў верасьні. Сёлета зафіксаваны рэкорд апошніх пяці гадоў — 36 чалавек. Год таму ў верасьні згубілася толькі 9 грыбнікоў, у 2015 годзе — 14. У іншыя месяцы, як правіла, грыбнікоў, якія заблукалі, значна менш. Напрыклад, сёлета ў ліпені і жніўні ў лясах Беларусі згубілася 4 і 5 чалавек адпаведна.

Губляюцца, як правіла, грыбнікі пажылога ўзросту, якія жывуць адны. Часта аднавяскоўцы толькі празь некалькі дзён заўважаюць, што чалавека няма. Гэта не дазваляе своечасова пачаць пошукі.

2 жніўня пад Лельчыцамі зьнік 73-гадовы грыбнік. Пэнсіянэра шукалі чатыры дні, пасьля чаго ён сам выйшаў зь лесу і вярнуўся дадому. У мінулым годзе ў Налібоцкай пушчы згубіўся грыбнік з Фаніпаля. Ён прыехаў у лес разам зь сябрамі, аднак у прызначаны час не прыйшоў на дамоўленае месца. Шукаць яго пачалі на наступны дзень, да ратавальнай апэрацыі падключыліся міліцыянты і вайскоўцы, але грыбнік знайшоў дарогу да людзей сам. Пазьней ён казаў, што чуў міліцэйскія сырэны, ня змог дакрычацца да людзей і проста пайшоў у іх кірунку.

Асноўная прычына гібелі, калі грыбнік заблудзіў у лесе, — зьнясіленьне і пераахалоджваньне. Сьмяротна небясьпечная для чалавека тэмпэратура цела — 31 градус. Да такога ўзроўню яна можа апусьціцца ня толькі на марозе, дастаткова трапіць пад дождж і моцны вецер. Калі няма ежы, целу таксама цяжка змагацца з холадам.

Колькі зьніклых беларусаў так і не знайшлі?

Паводле апошніх апублікаваных зьвестак МУС, з 1991 па 2015 год у Беларусі бязь вестак зьніклі 2504 чалавекі. Больш за ўсё людзей зьнікла на тэрыторыі Гомельшчыны — 505 чалавек. Інфармацыю пра тых, хто ў вышуку, можна знайсьці на сайтах УУС аблвыканкамаў. Там ёсьць зьвесткі ад пачатку 90-х і да нашых дзён.

Што рабіць, калі чалавек зьнік?

Існуе пашыранае меркаваньне, што праваахоўныя органы пачнуць шукаць зьніклага чалавека толькі на трэція суткі. Гэта ня так. Заяву аб зьнікненьні ў міліцыі павінны прыняць адразу (калі яны гэтага ня робяць, можна зьвяртацца ў пракуратуру). Калі згубіўся непаўналетні альбо малалетняе дзіця, дзейнічаць трэба яшчэ хутчэй. У такім выпадку можна проста званіць па нумары 102 і паведаміць пра здарэньне. Чым раней пачнуцца пошукі, тым больш шанцаў знайсьці чалавека.

Празь 10 дзён пасьля зьнікненьня чалавека праваахоўнікі абавязаныя ўзбудзіць крымінальную справу па факце зьнікненьня — альбо забойства, калі для гэтага ёсьць аб’ектыўныя падставы.

Пошукі Максіма Мархалюка сталі самымі маштабнымі ў гісторыі Беларусі. У іх удзельнічаюць тысячы валянтэраў.
Пошукі Максіма Мархалюка сталі самымі маштабнымі ў гісторыі Беларусі. У іх удзельнічаюць тысячы валянтэраў.

Што важна ведаць, каб не заблукаць

Ідучы ў лес, варта паведаміць пра гэта іншым людзям. Расказаць, куды вы ідзяце і калі плянуеце вярнуцца. З сабой трэба мець невялікі запас ежы і запалкі, батарэя мабільнага тэлефона павінна быць максымальна зараджаная. Таксама трэба зьвярнуць увагу на вопратку і абутак — яны павінны надзейна бараніць вас ад дажджу і ветру і не дапускаць пераахалоджваньня.

У 2014 годзе зусім побач з Новым Дваром, дзе згубіўся Максім Мархалюк, заблукалі адразу двое дзяцей — 15- і 13-гадовыя браты, якія прыехалі да радні ў Сьвіслацкі раён з Горадні і пайшлі ў грыбы. Яны згубіліся, аднак змаглі дазваніцца да маці, якая з дапамогай ратавальнікаў праз тэлефон патлумачыла ім дарогу дадому.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG