Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошукі хлопчыка ў Белавескай пушчы абрастаюць містычнымі чуткамі, знайсьці яго не ўдаецца


Мапа Белавежскай пушчы

Ад 16 верасьня ў Сьвіслацкім раёне на Гарадзеншчыне працягваюцца бясплённыя пошукі 10-гадовага Максіма Мархалюка, які пры загадкавых абставінах зьнік у вёсцы Новы Двор на ўскрайку Белавескай пушчы.

У пошуку Максіма задзейнічаныя міліцыя, лесьнікі, аднавяскоўцы, а таксама сотні дабраахвотнікаў з усёй Беларусі. Шукаюць і ўдзень, і ўначы, але вынікаў дагэтуль няма.

Пошукавыя атрады пачалі спраўджваць нават самыя недарэчныя вэрсіі і чуткі — кшталту таго, што бабуля з суседняй вёскі хадзіла ў лес па грыбы і чула з гушчару плач дзіцяці.

Мясцовыя СМІ пішуць аб прадказаньнях экстрасэнсаў нават зь іншых краінаў. Так, адзін зь іх абнадзеіў, што хлопчыка павінны знайсьці у ноч з аўторка на сераду. А празорліўка з Баўгарыі кажа, што ён знайшоў прытулак у закінутым доме побач з дарогай, дзе шмат сабак і іншых жывёлаў.

Спадарыня Валянціна, маці Максіма, сказала Свабодзе, што чула пра ўсе гэтыя прадказаньні, вось толькі сына дагэтуль не знайшлі. Яе голас дрыжыць, яна стомленая:

«Кажуць усё што заўгодна, тут шмат людзей наехала, і мы пастаянна ў пошуку. На жаль, безвынікова... Ходзім усюды, дзе толькі можам, праглядаем усе закінутыя дамы, хлявы, усё, што толькі трапляецца на шляху. Вынікаў ніякіх... Ня ведаю, што і думаць, але ня мог жа ён проста зьнікнуць. Вось пераапрануліся і зноў выходзім на пошук, у хаце немагчыма знаходзіцца...»

У інтэрнэце створана пэтыцыя, каб СМІ трымалі галоўнай навіной інфармацыю пра зьніклых да таго часу, пакуль іх ня знойдуць.

Максім Мархалюк вучыцца ў 5-й клясе. Яму 10 гадоў, выглядае ня болей чым на 8-9.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG