На парлямэнцкіх выбарах у Нямеччыне, якія прайшлі 24 верасьня, перамогу атрымаў блёк хрысьціянска-дэмакратычных партыяў ХДЗ/ХСЗ на чале з канцлерам Ангелай Мэркель. Свабода пацікавілася ў беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, як гэта паўплывае на адносіны паміж Менскам і Бэрлінам.
Губарэвіч: Нашы партнэры па-ранейшаму будуць падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі
Зь пераможцамі выбараў у Нямеччыне супрацоўнічаюць беларускія правацэнтрысты: Аб‘яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і рух «За свабоду». Беларускія палітыкі неаднаразова ўдзельнічалі ў кангрэсах правячай партыі. Партыя Мэркель — адзін з асноўных удзельнікаў Эўрапейскай народнай партыі, чые партнэры ў Беларусі — правацэнтрысты.
Кіраўнік руху Юрась Губарэвіч кажа Свабодзе, што «істотных зьменаў у палітыцы Нямеччыны адносна Беларусі не адбудзецца».
«Вынікі выбараў больш-менш пацьвердзілі ранейшую раскладку палітычных сілаў у Бундэстагу. Партыя Мэркель захоўвае свой лідзіруючы статус. Разам з тым трэба фармаваць кааліцыю, ствараць новы ўрад. Я думаю, на гэта пойдзе пара-тройка месяцаў, і ў гэты час увага да зьнешніх праблемаў, натуральна, будзе аслабленая. Магчыма, у нечым зьменіцца ўнутраная палітыка пад уплывам вынікаў выбараў, бо даволі істотную колькасьць галасоў атрымала партыя, якая выступае супраць міграцыйнай палітыкі канцлера», — кажа Губарэвіч.
Ён адзначае «добра вядомую» пазыцыю ХДЗ адносна пытаньняў дэмакратыі, і гэтая пазыцыя не мяняецца. «Правячая партыя па-ранейшаму будзе падтрымліваць разьвіцьцё дэмакратычных працэсаў у іншых краінах», — перакананы Губарэвіч.
Гайдукевіч: «Погляды „Альтэрнатывы для Нямеччыны“ шмат у чым супадаюць з нашымі»
Нечаканасьцю гэтых выбараў стаў посьпех правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Па колькасьці галасоў выбарнікаў яна заняла трэцяе месца.
Лідэр лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, намесьнік старшыні камісіі па міжнародных справах Савету Рэспублікі Сяргей Гайдукевіч у інтэрвію Свабодзе сказаў, што ягоная партыя накіроўвае ў Бэрлін два віншаваньні: адно — пераможцам выбараў, другое — «Альтэрнатыве для Нямеччыны».
«Погляды „Альтэрнатывы“ шмат у чым супадаюць з нашымі. Мы таксама трохі нацыяналісты ў добрым значэньні гэтага слова. Посьпех „Альтэрнатывы“ я расцэньваю як сыгнал для кіраўніцтва Нямеччыны — трэба прыслухоўвацца да правых партыяў. Вось некаторыя кажуць, што гэтая партыя занадта правая. Ніякага „занадта“ я тут ня бачу. Людзі хвалююцца за лёс сваёй Радзімы. І гэта лепей, чым быць абыякавым», — кажа Гайдукевіч.
Лідэр ЛДПБ ня бачыць непасрэднай сувязі паміж вынікамі выбараў у Нямеччыне і дачыненьнямі гэтай краіны зь Беларусьсю.
«Цяпер гэтыя адносіны стабільныя, я б нават сказаў — устойлівыя. Гэта я бачу і па стаўленьні амбасады Нямеччыны ў Менску, і калі бываю ў Эўропе, — кажа палітык. — Наша партыя ўстойліва ўтрымлівае ў Беларусі пазыцыю правага цэнтру. Цяпер наша галоўная задача — дамагчыся правядзеньня чарговых парлямэнцкіх выбараў паводле зьмяшанай сыстэмы, калі частка дэпутатаў абіраецца праз партыйныя сьпісы. Калі гэта адбудзецца, мы станем сапраўднай парлямэнцкай партыяй».
Дунаеў: Падтрымка грамадзянскай супольнасьці з боку Нямеччыны стала істотна меншай
Прафэсар Уладзімер Дунаеў, адзін з кіраўнікоў грамадзкага Балёнскага камітэту, выказаў Свабодзе свой погляд на ўзаемадзеяньне грамадзкіх арганізацыяў Беларусі з новымі нямецкімі ўладамі.
«Канфігурацыя палітычных сілаў Нямеччыны, на маю думку, істотна ня зьменіцца. А гэта падстава для таго, каб сказаць: істотных зьменаў ня будзе і ў беларуска-нямецкіх дачыненьнях», — кажа экспэрт.
Цяперашняе стаўленьне Нямеччыны да Беларусі ён характарызуе словамі «на жаль».
«На жаль, апошнім часам нямецкія ўлады неяк вельмі ўважліва ставяцца да рэакцыі афіцыйнага Менску. Выразна праглядаецца іх жаданьне наладзіць сувязі найперш з афіцыйнымі органамі. А падтрымка незалежнай грамадзянскай супольнасьці стала істотна меншай, — кажа Дунаеў. — Нямеччына і раней, на мой погляд, не была эўрапейскім лідэрам у працэсе падтрымкі незалежнай грамадзянскай супольнасьці Беларусі. А цяпер гэта асабліва адчуваецца».