Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа з абліччам Мэркель


Рэакцыя Ангэлы Мэркель на вынікі першых экзыт-полаў выбараў 24 верасьня 2017 году
Рэакцыя Ангэлы Мэркель на вынікі першых экзыт-полаў выбараў 24 верасьня 2017 году

Пакуль вядомыя вынікі толькі экзыт-полаў у Нямеччыне. Але гэтыя папярэднія вынікі даюць магчымасьць зрабіць папярэднія высновы: істотных пераменаў у палітыцы самай магутнай краіны Эўразьвязу, эканамічнага, палітычнага, ідэйнага лідэра Эўропы не адбудзецца.

Увесну гаварылася, што гэты год вызначыць, ці пераможа падчас шэрагу эўрапейскіх выбараў папулізм і нацыяналізм, ці працягнецца ў Эўропе тэндэнцыя, якую абазначылі Брэкзыт і выбары Трампа ў Амэрыцы. Напачатку году гаварылася, што галяндзкія парлямэнцкія выбары стануць чвэрцьфіналам гэтага турніру, францускія прэзыдэнцкія — паўфіналам, сёньняшнія нямецкія — фіналам.

Агулам кажучы, вынікі ўсіх гэтых выбараў засьведчылі, што старая добрая Эўропа застаецца хоць і ў пэўным сэнсе старой, але і добрай. Антыэўразьвязаўскія, антыімігранцкія, нацыяналістычныя сілы пацярпелі паразу на ўсіх гэтых выбарах.

Зразумела, можна спрачацца, што ёсьць параза. На мінулых выбарах у Бундэстаг у 2013 годзе «Альтэрнатыва для Нямеччыны» набрала 4,7%, не пераадолеўшы барʼер у 5%, і наагул не была прадстаўленая ў ніжняй палаце парлямэнту.

Цяпер яна апынулася на трэцім месцы, набраўшы, паводле экзыт-полу, 13,5%, амаль утрая больш, чым 4 гады таму. Гэта вельмі шмат, гэта сэнсацыя. Аднак варта прыгадаць, што летась на мясцовых выбарах «Альтэрнатыва для Нямеччыны» набрала ў Саксоніі-Ангальце 24% галасоў, у Мэкленбургу — Пярэдняй Памэраніі — 21%, у Бадэн-Вюртэмбэргу — 15%, у Бэрліне — 14.2%.

Але якраз сёлета паказьнікі партыі на мясцовых выбарах пайшлі ўніз. Атрымалася дамовіцца з Турэччынай, скіраваўшы значную частку мігрантаў туды, пазыцыя фэдэральнага ўраду адносна мігрантаў стала больш жорсткай, у выніку міграцыйны крызыс залагодзіўся, колькасьць запытаў на прытулак істотна зьменшылася.

Адпаведна страцілі і палітычныя сілы, якія рабілі стаўку на барацьбу зь міграцыяй. Прыходу да ўлады ім не абяцалі ніякія, самыя для іх аптымістычныя прагнозы. Тое, што хрысьціянскія дэмакраты і сацыял-дэмакраты возьмуць два першыя месцы, прагназавалася даўно і ўвесь час. Так, у параўнаньні з выбарамі 2013 году страцілі абодва лідэры: ХДЗ/ХСЗ мелі 4 гады таму 41,5%, цяпер паводле экзіт-полу 32,5%, сацыял-дэмакраты тады атрымалі 25,7%, сёньня — усяго 20%. Але на двух першых месцах засталіся тыя самыя.

Вельмі важны вынік сёньняшніх выбараў — чацьвёртае месца свабодных дэмакратаў, самай лібэральнай, самай праэўрапейскай нямецкай партыі. 4 гады таму яны «праляцелі» міма Бундэстагу з прыкладна такім жа вынікам, як і «Альтэрнатыва для Нямеччыны», атрымаўшы 4,8%. Зараз свабодныя дэмакраты ўзялі 10,5%.

Напярэдадні выбараў лідэр сацыял-дэмакратаў Мартын Шульц заявіў, што калі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» трапіць у Бундэстаг, то там упершыню з часоў вайны акажуцца натуральныя нацысты. Што, напэўна, усё ж рытарычнае перабольшаньне.

Але ў сьвятле спрэчак пра Другую сусьветную вайну, якія ідуць і ў Беларусі, цікава адзначыць, што ў 2013 годзе трэцяе месца, якое заняла партыя «Левыя» — нашчадкі камуністаў, не выклікала такіх жарсьцяў, як цяперашні адносны посьпех «Альтэрнатывы для Нямеччыны».

Дарэчы, ізноў жа ў рэчышчы спрэчак пра вайну, падчас сёлетняй выбарчай кампаніі адзін зь лідэраў Альтэрнатывы заявіў, што немцы могуць ганарыцца сваімі бацькамі і дзядамі, якія служылі ў вэрмахце (але не ў СС і ня ў зондэркамандах). Але гэта выклікалі рэзкую крытыку і абурэньне ўсіх астатніх партыяў, на іхную думку, ганарыцца няма чым, на сумленьні вэрмахту таксама хапала ваенных злачынстваў. Так што нямецкі палітычны мэйнстрым дагэтуль вырашае гэтую праблему так.

У выніку ўсе экспэрты сыходзяцца на тым, што дэпутаты ад «Альтэрнатывы для Нямеччыны» будуць у Бундэстагу ізаляваныя, нікому ня прыйдзе ў галаву супрацоўнічаць зь імі і запрашаць у кааліцыю. Іх 13,5% — гэта роўна столькі і ня больш, хаўрусьнікаў у парлямэнце ў іх ня будзе. Як і ў «Левых», якія атрымалі 9%.

З урадавай кааліцыяй ёсьць, безумоўна, інтрыга. Аднапартыйны ўрад немагчымы. Урад безь пераможцаў — ХДЗ/ХСЗ — таксама немагчымы. Дылема паміж «вялікай кааліцыяй» пераможцаў — хрысьціянскіх дэмакратаў і сацыял-дэмакратаў, і так званай «Ямайкай» — альянсам ХДЗ/ХСЗ, свабодных дэмакратаў і «зялёных», апошнія набралі 9 5% (сьцяг дзяржавы Ямайкі складаецца з палосаў партыйных колераў гэтых трох нямецкіх партыяў).

Цяпер, пэўна, складана сказаць, якой будзе формула кааліцыі, свабодныя дэмакраты і «зялёныя» разам атрымалі столькі ж, колькі сацыял-дэмакраты. Так што сваімі галасамі яны ў роўнай ступені прывабныя для партыі Мэркель як партнэры.

Але ў кожным разе можна сказаць, што ніякай электаральнай рэвалюцыі не адбылося, чальцы ўсякай рэалістычнай кааліцыі будуць за эўраінтэграцыю, за памяркоўнае стаўленьне да міграцыі. Што да ўсходняй палітыкі, то галасы наконт паразуменьня з Масквой гучалі з шэрагаў і сацыял-дэмакратаў, і свабодных дэмакратаў. Але канцэптуальна на кардынальнай зьмене палітыкі стасоўна Расеі ніхто зь іх не настойваў, да таго ж старэйшым партнэрам у кожнай кааліцыі будзе партыя Ангелы Мэркель. А яе пазыцыя ў гэтым пытаньні даволі цьвёрдая.

Вось жа паводле папярэдніх вынікаў выбараў можна сказаць, што вялікіх зьменаў у палітыкі Нямеччыны ня будзе. Гэтая выснова мае і шырэйшае значэньне ў рэчышчы лёгікі тых самых чвэрцьфіналу, паўфіналу і фіналу эўрапейскага турніру.

Адзінства Эўропы і лібэралізм выгулялі ў апанэнтаў і ў Галяндыі, і ў Францыі, і цяпер у Нямеччыне. Страхаў было нямала, перамога ня тое каб усухую, 13,5% на агульнанацыянальных выбарах у «Альтэрнатывы для Нямеччыны» — гэта нямала, гэта званочак, сыгнал, сымптом. Але арытмэтычна гэта параза. Пераважная большасьць немцаў падтрымала зусім іншыя, супрацьлеглыя падыходы.

І абліччам Эўропы, прынамсі на пэўны час, застанецца твар спадарыні Мэркель.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG