Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны: Беларусь — партнэр толькі на словах


Намесьніца міністра замежных справаў Украіны Алена Зэркаль

Міністэрства замежных справаў Украіны спрабуе высьветліць сытуацыю з украінцам Паўлам Грыбам, меркавана зьніклым у Беларусі, але ня можа сказаць, што беларусы супрацоўнічаюць належным чынам, заявіла ў эфіры ўкраінскага «5 каналу» намесьніца міністра замежных справаў Украіны Алена Зэркаль. Дзе знаходзіцца Грыб, невядома.

«Беларусь на словах паводзіць сябе як партнэр, а на самой справе дзейнічае зусім іначай», — заявіла Зэркаль.

«Насамрэч наконт Беларусі, мне здаецца, значна больш пытаньняў, чым адказаў цяпер, — казала Зэркаль. — Напрыклад, тое ж уступленьне яе ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Ці будзем мы падтрымліваць Беларусь у гэтым уступленьні? З прычыны, напрыклад, таго, што Беларусь — гэта апошняя краіна Эўразійскага эканамічнага саюзу, якая ўступае ў WTO. І што будзе, якія будуць наступствы гэтага ўступленьня?

Ці мы ўсё ж будзем глядзець на свае інтарэсы? І навязваць ужо Беларусі, празь Беларусь ЭАЭС свае інтарэсы, у тым ліку транзыт, у тым ліку ўсе забароны, у тым ліку ўсе ліцэнзіі і ўсе астатнія пытаньні, а таксама, вядома, вырашаць пытаньні і ўезду грамадзянаў Украіны, і бясьпекі нашых грамадзянаў у Беларусі. І ўсё будзем вырашаць комплексна».

Дыпляматычнае прадстаўніцтва Ўкраіны ў Менску накіравала ў МЗС Беларусі ноту з патрабаваньнем вызначыць месцазнаходжаньне ўкраінскага грамадзяніна, але ўвечары 28 жніўня стала вядома, што Паўла Грыба сярод затрыманых у сьледчых ізалятарах Беларусі няма. Бацька зьніклага мяркуе, што ФСБ завабіла Паўла ў Гомель пад выглядам сустрэчы зь дзяўчынай і правяла затрыманьне.

Беларускія сілавікі заявілі, што ўкраінца Грыба ў іх няма. Але міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін плянуе 31 жніўня ў Будапэшце абмеркаваць зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем справу зьніклага. Украінскі амбудсмэн зьвярнуўся ў Расею, каб праверыць зьвесткі аб затрыманьні Грыба. Пракуратура Чарнігава расьсьледуе справу пра наўмыснае забойства.

XS
SM
MD
LG