Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошукі зьніклага ў Беларусі ўкраінца: пракуратура Чарнігава расьсьледуе справу пра наўмыснае забойства


Паўло Грыб, зніклы ў Беларусі

Пракуратура Чарнігава пачала дасудовае расьсьледаваньне абставінаў зьнікненьня ўкраінца Паўла Грыба — папярэдне сьледчыя кваліфікавалі справу паводле часткі 1 артыкулу 115 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае забойства).

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Генэральнай пракуратуры Ўкраіны, цяпер праводзяцца сьледчыя (вышуковыя) дзеяньні, накіраваныя перш за ўсё на пошук сьведак, абставінаў здарэньня і высьвятленьне месцазнаходжаньня зьніклага.

«У адпаведнасьці з патрабаваньнямі крымінальнага працэсуальнага заканадаўства, у кампэтэнтныя органы замежнай дзяржавы (Расеі — РС) рыхтуюцца хадайніцтвы аб аказаньні міжнароднай прававой дапамогі з мэтай пацьвярджэньня або абвяржэньня факта і падстаў затрыманьня і вышуку грамадзяніна Ўкраіны, яго месцазнаходжаньня», — адзначылі ў Генэральнай пракуратуры Ўкраіны.

Ігар Грыб, грамадзянін Украіны, які служыў у памежных войсках, а цяпер займаецца стварэньнем капэлянскай службы ў сілавых органах, напярэдадні заявіў, што спэцслужбы Расеі выкралі ягонага сына Паўла падчас наведаньня Беларусі.

24 жніўня 19-гадовы Паўло Грыб паехаў у Гомель на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой кантактаваў праз сацыяльныя сеткі. Яна мелася прыехаць на сустрэчу з Расеі. Хлопец плянаваў вярнуцца ў той самы дзень.

Калі гэтага ня здарылася, бацька паехаў у Гомель на пошукі і высьветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку на падставе артыкулу 205 Крымінальнага кодэксу Расеі паводле абвінавачаньня ў тэрарыстычным акце на запыт ФСБ Расеі па Краснадарскім краі гораду Сочы.

Былы памежнік паведаміў, што ягоны сын Паўло ня браў удзелу ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны — мае інваліднасьць.

На думку Грыба-старэйшага, ФСБ завабіла Паўла ў Гомель пад выглядам сустрэчы зь дзяўчынай і правяла затрыманьне. Прычынай магло стаць тое, што малады чалавек рэзка выказваўся ў сацыяльных сетках на адрас Расеі за яе агрэсію ва Ўкраіне.

Дыпляматычнае прадстаўніцтва Ўкраіны ў Менску накіравала ў МЗС Беларусі ноту з патрабаваньнем вызначыць месцазнаходжаньне ўкраінскага грамадзяніна, але ўвечары 28 жніўня стала вядома, што Паўла Грыба сярод затрыманых у сьледчых ізалятарах Беларусі няма.

МЗС Беларусі паведаміў, што «нота атрыманая, яна ў працы».

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сьцьвярджае, што ніякіх заяў аб зьнікненьні ўкраінца ва ўпраўленьні міліцыі Гомельскай вобласьці не паступала.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG