Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі амбудсмэн зьвярнуўся ў Расею, каб праверыць зьвесткі аб затрыманьні ўкраінца Грыба


Валерыя Луткоўская

Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў пытаньнях правоў чалавека Валерыя Луткоўская просіць упаўнаважаную ў правах чалавека ў Расеі Тацьцяну Маскалькову праверыць інфармацыю аб магчымым затрыманьні і высьветліць месцазнаходжаньне грамадзяніна Ўкраіны Паўла Грыба, які на днях зьнік на тэрыторыі Беларусі.

«Прашу Вас праверыць інфармацыю аб факце затрыманьня Паўла Грыба, прававых падставах затрыманьня, пра яго месцазнаходжаньне, умовы ўтрыманьня і стан здароўя», — гаворыцца ў лісьце Валерыі Луткоўскай, паведамляе прэс-служба амбудсмэна.

Паводле амбудсмэна Ўкраіны, той факт, што ў бацькоў Паўла Грыба адсутнічае якая-небудзь інфармацыя пра тое, у якой установе знаходзіцца іхны сын і на якіх падставах, выклікае сур’ёзную заклапочанасьць.

28 жніўня стала вядома аб зьнікненьні ў Беларусі 19-гадовага грамадзяніна Ўкраіны Паўла Грыба. Як расказаў ягоны бацька, хлопец зьехаў у Гомель на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой пазнаёміўся і меў зносіны ў сацсетках. Бацька падазрае, што сына выкрала ФСБ Расеі.

У Генпракуратуры Ўкраіны паведамілі, што расьсьледуюць зьнікненьне Паўла Грыба паводле артыкулу «наўмыснае забойства».

XS
SM
MD
LG