Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клімкін пагутарыць з Макеем пра лёс зьніклага ў Беларусі ўкраінца Грыба


Паўло Грыб

Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін плянуе 31 жніўня ў Будапэшце абмеркаваць зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем справу зьніклага Паўла Грыба.

Пра гэта Клімкін паведаміў у сваім твітэры.

Клімкін мяркуе пагутарыць з Макеем падчас сустрэчы міністраў замежных спраў краін «Усходняга партнэрства» і Вышаградзкай групы, якая пройдзе ў сталіцы Вугоршчыны.

Раней украінскі афіцэр запасу Ігар Грыб заявіў, што спэцслужбы Расеі выкралі ў Беларусі ягонага сына. 24 жніўня Паўло Грыб нібыта выехаў у Беларусь на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой да гэтага меў зносіны толькі праз сацсеткі, пасьля чаго зьнік.

Памежная служба Ўкраіны афіцыйна пацьвердзіла факт перасячэньня Паўлам Грыбам мяжы зь Беларусьсю. Ігар Грыб паведаміў, што сын павінен быў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, ён адправіўся на пошукі Паўла ў Беларусь, у Гомель. Там ён высьветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 КК РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятар вышуку — ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).

У Гомельскай памежнай службе Грыбу сказалі, што ніякай інфармацыі пра сына ня маюць. Грыб перакананы, што ФСБ выманіла Паўла ў Гомель пад выглядам сустрэчы зь дзяўчынай і правяла затрыманьне. На думку бацькі, прычынамі выкраданьня сына маглі стаць паведамленьні Паўла ў сацсетках, накіраваныя супраць агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.

Беларускія сілавікі заявілі, што ўкраінца Грыба ў іх няма.

XS
SM
MD
LG