Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія гімназіі зробяць звычайнымі школамі. Павышаны ўзровень — толькі ў 10 і 11 клясах


Ілюстрацыйнае фота. Менская гімназія №4

У гімназіях Беларусі павышаны ўзровень ведаў будзе давацца толькі ў 10 і 11 клясах, заявіў міністар адукацыі Ігар Карпенка ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1». У астатнія гады гімназіі будуць працаваць «паводле агульных стандартаў у межах пачатковага і базавага ўзроўняў».

Таксама Карпенка заявіў, што ўступныя іспыты ў 5-ы кляс гэта «залішні стрэс» для дзяцей, а паступленьне ў гімназію ў такім узросьце — хутчэй «амбіцыі бацькоў», а не жаданьне дзіцяці. Акрамя таго, Карпенка мяркуе, што звычайныя школы «таксама маюць права на адораных вучняў».

«Гэта плянуецца, — пацьвердзіла Свабодзе словы міністра Людміла Высоцкая, прэс-сакратарка Мінадукацыі. — З гэтага году яшчэ ня будзе, мэханізм не адпрацоўваўся».

Гэткія рэформы Карпенка прапанаваў Аляксандру Лукашэнку на пэдагагічнай нарадзе — і Лукашэнка іх ухваліў. На той жа нарадзе Лукашэнка казаў, што ён «катэгарычна супраць нейкай ломкі, нават рэфармаваньня ў поўным сэнсе гэтага слова», прасіў міністра ўнутраных справаў «падключыць міліцыю» ў дапамогу настаўнікам, прапаноўваў скараціць навучаньне ў ВНУ да трох гадоў, а будучых аграномаў «акунаць у гаўно» зь першага курсу ўнівэрсытэту.

У 2016-2017 годзе ў Беларусі дзейнічала 210 гімназіяў, а таксама 29 ліцэяў. Пяць гадоў таму было на тры гімназіі і на два ліцэі болей. Апошнія пяць гадоў у Беларусі зьмяншаецца колькасьць установаў сярэдняй адукацыі: у 2012-м іх было 3579, у 2016-м — 3155. Але школы «ўшчыльняюцца»: у 2012-м у іх вучыліся 928 тысяч, у 2016-м — 982 тысячы вучняў. Колькасьць сярэдніх спэцыяльных установаў мала зьмянілася (было 225, стала 230), але вучняў у іх стала меней: 117,8 тысячы ў 2016-м супраць 152,2 тысячы ў 2012-м. Зьмяншаецца і колькасьць студэнтаў ВНУ: 428,4 тысячы студэнтаў было ў 2012-м, 313,2 тысячы стала ў 2016-м. З 55 ВНУ, што былі ў 2010 годзе, закрыліся 4.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG