Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігуранту справы аб бойцы ў менскім мэтро дабавілі «пэдафілію»


Кадры зьбіцьця зь відэа «ЎКантакце», зьнятага Людмілай Сінюк
Кадры зьбіцьця зь відэа «ЎКантакце», зьнятага Людмілай Сінюк

Цэнтральным раённым аддзелам Сьледчага камітэту Менску завершана расьсьледаваньне крымінальнай справы паводле абвінавачваньня раней судзімага 19-гадовага хлопца ва ўжываньні гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі.

Пра гэта паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.

Травеньская гісторыя атрымала шырокі розгалас дзякуючы відэа затрыманьня, зробленага і разьмешчанага ў сацсетках жыхаркай Менску Людмілай Сінюк. Інцыдэнт выклікаў грамадзкі рэзананс, пост атрымаў больш за 160 тысяч праглядаў.

На запісе чуваць, як жанчына абураецца дзеяньнямі супрацоўнікаў міліцыі і ахоўнікаў мэтро, у тым ліку праскоквае нецэнзурная лексыка. У чэрвені на падставе гэтага Цэнтральны раённы суд сталіцы пакараў яе за лаянку ў адрас супрацоўнікаў міліцыі (палічыў гэта дробным адміністрацыйным парушэньнем) штрафам у 230 рублёў.

Што тычыцца героя роліка, дык сьледзтвам выяўлена, што малады чалавек знаходзіўся ў вэстыбюлі станцыі «Кастрычніцкая» ў стане алькагольнага ап’яненьня. Калі той спускаўся па эскалятары, на ягоныя паводзіны зьвярнуў увагу супрацоўнік аховы мэтрапалітэну, які папрасіў пасажыра прайсьці ў пакой міліцыі. Хлопец аказаў супраціўленьне, ударыў міліцыянта ў твар. На дапамогу прыйшлі іншыя супрацоўнікі, якія ў выніку яго затрымалі.

Была распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі і іншых асобаў пры выкананьні імі абавязкаў па ахове грамадзкага парадку.

У часе расьсьледаваньня таксама ўстаноўлена, што абвінавачваны неаднаразова ўступаў у палавую сувязь з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту. Былі праведзеныя допыты пацярпелых, сьведак, прагледжаныя запісы з камэраў відэаназіраньня.

Канчатковае абвінавачаньне прад’яўлена паводле арт. 364 (гвалт у дачыненьні супрацоўніка АУС), на падставе ч. 2 арт. 363 («супраціў з ужываньнем гвалту ў дачыненьні асобы, якая ахоўвае грамадзкі парадак») і ч. 2 арт. 168 (палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Справа перададзена пракурору для накіраваньня ў суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG