Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пабілі законна, — Шуневіч пра хлопца, затрыманага міліцыяй у мэтро


Ігар Шуневіч

У апошні час усё часьцей супрацоўнікі органаў унутраных спраў трапляюць у сытуацыю, калі грамадзяне ім актыўна супраціўляюцца і не падпарадкоўваюцца.

Так міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч пракамэнтаваў журналістам інцыдэнт з затрыманьнем міліцыяй мужчыны ў менскім мэтро.

«У гэтым выпадку быў тыповы варыянт. Асоба знаходзілася ў стане алькагольнага і наркатычнага ап’яненьня, — сказаў Шуневіч. — Гэта элемэнт нашай службовай дзейнасьці. Вядома, хацелася б, каб такія выпадкі адбываліся радзей, але мы ад іх нікуды ня дзенемся. Дзеяньні супрацоўніка былі пасьлядоўныя і законныя. Ён выканаў тую задачу, якая тады стаяла, — затрымаць гэтага грамадзяніна».

Што тычыцца траўмы, атрыманай супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні, то, як адзначыў Шуневіч, «гэта вытворчая траўма, якая намі так і разглядаецца».

На пытаньне БелаПАН, чаму малады чалавек, які супраціўляўся міліцыі пры затрыманьні, цяпер адпушчаны дадому, Шуневіч адказаў: «Гэтае рашэньне ня наша. Рашэньні паводле такіх матэрыялаў праводзіць суд. Мы толькі затрымліваем і складаем пратакол».

Інцыдэнт у менскім мэтро адбыўся ўначы 27 траўня. У інтэрнэце зьявілася відэа, як чацьвёра супрацоўнікаў міліцыі з выкарыстаньнем сілавых прыёмаў жорстка затрымлівалі маладога чалавека.

Паводле інфармацыі ГУУС, 27 траўня ў 1.16 супрацоўніку УУС у ахове Менскага мэтрапалітэну паступіла інфармацыя пра хуліганскія паводзіны маладога чалавека на станцыі мэтро «Кастрычніцкая». «Паводле ўсіх прыкметаў, той быў у стане алькагольнага ап’яненьня: неадэкватныя паводзіны, хісткая паходка, у навакольнай абстаноўцы арыентаваўся слаба. Міліцыянт спыніў маладога чалавека, прадставіўся і папрасіў пакінуць мэтрапалітэн, бо праезд у мэтро ў стане алькагольнага ап’яненьня забаронены», — гаварылася ў паведамленьні.

На вэрсію ГУУС, супрацоўнік міліцыі і хлопец падняліся ў вэстыбюль, аднак пакінуць станцыю падазраваны катэгарычна адмовіўся, нягледзячы на неаднаразовыя патрабаваньні, і аказаў актыўны фізычны супраціў, прычыніўшы міліцыянту цялесныя пашкоджаньні (закрыты пералом касьцей носа). Правапарушальнік быў затрыманы і дастаўлены ў пакой міліцыі, а затым — у аддзяленьне таксыкалёгіі бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі. «Першапачаткова яму быў пастаўлены дыягназ «алькагольнае ап’яненьне, наркатычнае атручэньне», затым удакладняльны — «алькагольнае атручэньне», — паведамляла прэс-служба.

У дачыненьні да затрыманага Цэнтральным раённым аддзелам Сьледчага камітэту была заведзеная справа паводле арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Пазьней стала вядома, што малады чалавек адпушчаны дадому.

Паведамлялася таксама, што затрыманы — ураджэнец Менску 1998 году нараджэньня, раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці: за дробнае хуліганства, расьпіваньне сьпіртных напояў, знаходжаньне ў нецьвярозым стане ў грамадзкім месцы, дробны крадзеж, парушэньне абавязкаў воінскага ўліку. Малады чалавек знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Кастрычніцкага РУУС Менску.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG